2 чэрвеня, у дзень закрыцця выставы “Колер Беларусі” у Гародні, будзе прэзентавана кніга Міхала Анемпадыстава з аднайменнай назвай. Падзея ладзіцца Цэнтрам гарадскога жыцця #uCentry і арт-галерэяй “Крыга” у партнёрстве з Лятучым універсітэтам і грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!»
Дызайнерскі альбом “Колер Беларусі” стаў вынікам шматгадовай даследчыцкай працы Міхала Анемпадыстава. Шыкоўная візуальная частка кнігі суправаджаецца аўтарскімі тэкстамі, якія раскрываюць культуралогію асобных колераў – паходжанне назвы, гісторыю распаўсюджання на асобных тэрыторыях, сімвалічную інфармацыю, тыя чыннікі, што ўплывалі на ўсталяванне пэўных каларыстычных прэферэнцый і стыляў да інш. Даследуючы колер як феномен культуры, як маркер культурнай традыцыі, аўтар паказвае гісторыю стыляў і задае пэўны ракурс для разумення ўласнай ідэнтычнасці.
“Штодня мы ствараем не толькі нашу сучаснасць і не толькі закладваем аснову таго, якім будзе нашае заўтра, але адначасова ўяўляем (і тым самым ствараем нанова) уласную мінуўшчыну. Часам гэтыя ўяўленні матэрыялізуюцца. Не заўсёды яны адпавядаюць гістарычнай праўдзе, а нават і логіцы нашых гістарычных стыляў. Часцяком нам навязваюць муляжы і міфы чужой мінуўшчыны. У сваю чаргу, каларыстыка – гэта зручная опцыя дзеля вывучэння ўласнай культурнай традыцыі і нацыянальнага стылю”, – кажа аўтар ў пасляслоўі.
Прэзентацыя кнігі “Колер Беларусі” адбудзецца 2 чэрвеня, пятніца, а 18.30 у супольнай выставачнай прасторы Цэнтру гарадскога жыцця і арт-галерэі “Крыга” па адрасе: Гродна, вул. Савецкая, 3. Падчас прэзентацыі паміж удзельнікамі будзе разыграна некалькі асобнікаў!
Уваход вольны!
Кніга Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» выдадзеная ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.
Глядзіце таксама: