Радаўніца – дзень пластыкавых кветак?

На Радаўніцу вялікая частка беларусаў наведвае могілкі. Якое значэнне гэтага дня і ці абавязкова несці продкам штучныя кветкі, якія забруджваюць прыроду?


0148_2017-04-09 Вербніца_А. Ляшкевіч_IMG_3534.JPG
Продаж штучных кветак для Радуніцы пачынаецца загадзя. Каталіцкая і праваслаўная вербніца ў Мінску. Плошча ля касцёла святых Сымона і Алены. 9 красавіка 2017 г.

Радаўніцу праваслаўныя адзначаюць у другі аўторак пасля Вялікадня. Сёлета гэта трэцяга мая. Беларуская грэка-каталіцкая царква таксама ўлучыла свята ў свой культ. Католікі Радаўніцу не адзначаюць, для іх галоўныя і часта адзіныя памінальныя дні — першага і/ці другога лістапада. У асобна ўзятых мясцовых беларускіх традыцыях памінаюць продкаў да шасці разоў на год (праваслаўныя). У восеньска-зімовы перыяд гэта звычайна застолле ў хаце, а ў вяснова-летні — наведванне могілак. Ва ўсходняй Беларусі захаваўся звычай прыносіць на магілы ежу і раздзяляць застолле з памерлымі, пакідаючы ім пачастункі. Такім чынам сімвалічна падтрымліваюць сувязь між жывымі і памерлымі сямейнікамі. У традыцыйных уяўленнях памерлыя продкі спрыялі жывым нашчадкам ва ўсіх справах, і гаспадарчых, і сямейных, калі іх добра паміналі.

Чытайце па тэме: «На Радуніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць»

Для мяне наведванне могілак — гэта сапраўды паездка ў госці да памерлых продкаў, магчымасць нешта для іх зрабіць (прыбраць магілу, прынесці пачастунак). І заўсёды гэты важны момант ускладняе імкненне старэйшых жанчын у маёй сям’і упрыгожыць магілы штучнымі кветкамі. Рамовы пра тое, што пластмасавыя вырабы шкодзяць наваколлю, усё роўна выцвітуць, што можна падумаць пра іншыя варыянты аздаблення, што пры жыцці прабабуль ды прадзядоў яшчэ так не рабілі і ім магло б гэта не спадабацца, сканчваюцца аргументамі кшталту «Ва ўсіх стаяць, а як гэта ў нашых не будзе?»

0149_2016-04-30 Danilieviczy_mohilki lia dzievaczkii_A. Leszkievicz_IMG_0800.JPG
Штучныя кветкі на могілках в. Данілевічы, Лельчыцкі р-н. 2016 г.

У 1992 годзе Радаўніца і другога лістапада як Дзень памяці сталі ў Беларусі выходнымі днямі. Дзяржава імкнулася трымацца балансу між праваслаўнымі і каталіцкімі святамі, таксама выходнымі былі абодва Раства. З 1998-га года другога лістапада прызнаецца на дзяржаўным узроўні рэлігійным святочным днём, але гэта ўжо не выходны.

Дзякуючы доўгім выходным (часцей за ўсё працоўны дзень з панядзелка перад Радаўніцай пераносіцца на адну з майскіх субот) Радаўніца паступова набывае значэнне агульнабеларускага дня памінання продкаў, хаця далёка не ва ўсіх мясцовых традыцыях яна была вядомая.

Скажам так, памінанне продкаў увесну характэрна для большасці праваслаўных беларусаў па ўсёй краіне, але не абавязкова менавіта на Радаўніцу. Могілкі маглі наведваць уласна на Вялікдзень, у панядзелак, чацвер, нядзелю пасля яго, на восьмы дзень (у панядзелак). Напрыклад, я чула ад старэйшых жыхарак Дрыбінскага раёна: «А Радуніца... Эта ўжо з целявізара стала». Наведванне могілак на Радаўніцу ў асобна ўзятай мясцовай традыцыі магло не практыкавацца да таго, як гэты дзень зрабілі дзяржаўным выходным.

Мясцовыя назвы таксама адрозніваюцца: акрамя прынятага ў літаратурнай беларускай мове «Радаўніца», можна пачуць «Радуніца», «Раданіца», «Радаўніцкія Дзяды». Для іншых паслявелікодных памінальных дзён сустракаюцца назвы «Наўскі Вялікдзень / чацвер», «Вялікдзень мёртвых», «Наві дзень», «Праводная нядзеля».

Наведванні могілак у калявелікодныя дні маглі быць ўзаемазамяняняльнымі. Напрыклад, мая бабуля Марыя Сцяпанаўна Мельнічонак, якая нарадзілася ў 1932 г. у вёсцы Мацевічы Бярэзінскага раёна, а жыве ў райцэнтры суседняга Клічаўскага, лічыць, што калі пабылі на Вялікдзень, то на Радаўніцу можна ўжо не ехаць. Праўда, гэта можа тлумачыцца лагістычнымі праблемамі, тым, што бабулі няёмка прасіць родных два разы вазіць яе на могілкі. Але такое ж меркаванне я сустракала і сярод іншых старэйшых жанчын з Магілёўшчыны.

Такая ж сітуацыя — з восеньскімі памінальнымі днямі. Далёка не ўсюды вядомыя «кананічныя» каталіцкія Задушкі другога лістапада ці праваслаўныя Змітраўскія Дзяды ў суботу перад Днём святога Дзмітрыя Салунскага, які прыпадае на чацвёртага лістапада. У мясцовых традыцыях галоўным восеньскім памінаннем маглі лічыцца Узвіжанскія, Пакроўскія, Міхайлаўскія, Піліпаўскія Дзяды ў суботы перад адпаведнымі святамі.


Сваякі нябожчыка каля магілы падчас памінальнага абраду на Радаўніцу. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года.

Звычайна да памінальнага дня, які лічыўся ў мясцовай традыцыі галоўным, могілкі павінны быць ужо прыбранымі, а ў сам дзень адбываецца ўрачыстае сямейнае ўшанаванне продкаў. Але здараецца, што сям’я едзе здалёк, і таму ў адзін дзень і парадкуе магілу, і рытуальна яе наведвае.

Штучныя кветкі з’явіліся на беларускіх могілках адносна нядаўна — у канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў — спачатку ў вялікіх гарадах, а потым і ў вёсках. Гэта танна і адносна эфектыўна, адпавядае традыцыйным уяўленням аб неабходнасці упрыгожыць магілу і прынесці памерламу падарунак. Даследчыкі адзначаюць, што часам у мясцовасцях, дзе захоўваецца звычай упрыгожваць магілы тэкстылем, аддаленых ад вялікіх гарадоў, штучных кветак на могілкі прыносяць менш. З аднаго боку, гэта можна патлумачыць тым, што магіла і так упрыгожана, а з другога боку — папросту лагістыкай: вяскоўцу складаней купіць пластыкавыя кветкі, чым гараджаніну.

Якая можа быць альтэрнатыва штучным кветкам на могілках?

Распытайце, як парадкавалі магілы даўней у мясцовасці, дзе пахаваны ці адкуль паходзяць вашыя продкі. Можа быць, падсыпалі пяском, вешалі тэкстыльныя вырабы, садзілі дрэвы, прыносілі велікодныя вербы. Магчыма, такія аздобы будуць глядзецца дзіўна на сучасных помніках. Да таго ж, на гарадскіх могілках забаронена высаджваць дрэвы і ставіць агароджы. Але, магчыма, нешта з таго, аб чым раскажуць вам старэйшыя родныя, прыдасца.

Паспрабуйце замяніць штучныя кветкі натуральнымі раслінамі. Можна прынесці жывыя кветкі, якія прастаяць нейкі час у вазах, ці вазоны з жывымі раслінамі, якія будзе паліваць дождж.

На магіле і каля яе можна пасадзіць кусцікі і вечназялёныя дрэўцы.

Яшчэ адно добрае экалагічнае рашэнне — выкарыстоўваць сухацветы: яны глядзяцца стрымана, адпавядаюць жалобнаму настрою, нагадваюць, што жыццё мінае.

Жанчына ўпрыгожвае мураваны надмагільны помнік фартухом. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года.


Жанчына ўпрыгожвае мураваны надмагільны помнік на Радаўніцу. Вёска Раздзялавічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года.

Вясковыя жанчыны на могілках на свята Дзяды каля надмагільнага прыклада. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года.



У дзень памінальнага абраду Дзяды каля надмагільных мураваных помнікаў з памінальным пачастункам. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года.

Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фотаздымкі аўтаркі  і з экспедыцыі Міхася Раманюка (1989 г.) з альбома “Беларускія народныя крыжы”