17 верасня ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” прайшоў круглы стол “Генеалогія роду Радзівілаў XV – ХХІ стст.: праблемы вывучэння, здабыткі і перспектывы”. Мерапрыемства аб’яднала беларускіх і польскіх даследчыкаў знанага роду і адбылося пры падтрымцы Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Зміцер Яцкевіч, намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”
Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры
“Радзівіламі ў Беларусі займаюцца адначасова ўсе і ніхто”, – адзначыў ва ўступным слове кандыдат гістарычных навук Аляксей Шаланда. Сапраўды, падаецца, што гэты славуты род вывучаны ўздоўж і ўпоперак. Тым не менш сёння ў Беларусі няма ніводнай выдадзенай навуковай працы, прысвечанай генеалогіі роду Радзівілаў.
Аляксей Шаланда
Менавіта для таго, каб падзяліцца напрацоўкамі і абмеркаваць планы на навуковую будучыню, дырэктар музея-запаведніка, доктар гісторыі Сяргей Клімаў і Польскі інстытут у Мінску сабралі ўсіх зацікаўленых даследчыкаў Беларусі і Польшчы ў атмасфернай скляпеністай зале Нясвіжскага замка, у якой месціўся калісьці архіў Радзівілаў.
Тамаш Адамскі, намеснік дырэктара Польскага інстытута ў Мінску
Версій генеалогіі роду Радзівілаў, як і легендаў пра іх паходжанне, некалькі. Навукоўцы Генадзь і Альбіна Семянчук распавялі пра версію Зыгмунта Пуслоўскага – мецэната і калекцыянера, які паходзіў з Альберціна (каля Слоніма), пазней жыў у Кракаве. Зыгмунт Пуслоўскі цікавіўся родам Радзівілаў і пакінуў цікавыя матэрыялы па іх генеалогіі, якія сёння захоўваюцца ў Кракаве і трапілі ў рукі даследчыкаў.
Георгій Галенчанка і Генадзь Семянчук
Яўген Глінскі падзяліўся сваімі напрацоўкамі па развіцці легенды аб паходжанні Радзівілаў і паспрабаваў патлумачыць, якія ўмовы ў той ці іншы час уплывалі на змены, якія самі Радзівілы ўносілі ў сваю легенду.
Яўген Глінскі
Польскі даследчык Дарыюш Тамашэўскі распавёў, якія крыніцы для вывучэння генеалогіі і біяграфістыкі роду Радзівілаў можна знайсці ў зборах Музея земляробства ў Цеханоўцы, супрацоўнікам якога ён з’яўляецца.
Дарыюш Тамашэўскі і Герман Брэгер
Спадарыня Вольга Гарбачова натхніла чытаць успаміны Радзівілаў, рабіць іх якасныя публікацыі, уводзіць гэтыя мемуарныя крыніцы ў навуковы ўжытак.
Вольга Папко, Вольга Гарбачова і Фёдар Чарняўскі
У дыскусіях узялі ўдзел таксама навукоўцы Георгій Галенчанка, Сяргей Рыбчонак, Герман Брэгер, Андрэй Латушкін, Віталь Быль, Вольга Папко, Фёдар Чарняўскі.
Сяргей Рыбчонак
Асобна хацелася б падзякаваць малодшаму навуковаму супрацоўніку музея-запаведніка Віталю Былю за цудоўную экскурсію па захапляльнай гісторыі, парадных залах і патайных калідорах Нясвіжскага замка.
Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” жадае натхнення ўсім навукоўцам! Прыемна ўсведамляць, што Нясвіж робіцца не толькі турыстычным, але і навуковым цэнтрам Беларусі.
Прэс-служба ГКК “Будзьма беларусамі!”