Цыганы, альбо, як яны самі сябе называюць, “рома”, жывуць побач з беларусамі больш за 500 гадоў. Яны стварылі знакамітую на ўсю Еўропу мядзведжую акадэмію ў Смаргоні, мануфактуры ў Міры. Іх таямнічая культура вабіла і натхняла Уладзіміра Караткевіча, які прысвяціў ім некалькі сваіх выбітных твораў. Чым жыве маладое пакаленне беларускіх цыганоў? З якімі праблемамі яны сутыкаюцца і як змагаюцца са стэрэатыпамі? Што варта, нам беларусам, пераняць ад іх культурнай і духоўнай спадчыны? Пра гэта ў праекце “Будзьма беларусамі!” “Ёсць маладосць!” мы паразмаўлялі з маладым прадстаўніком цыганскай супольнасці, 18-гадовым Рэнатам Валошыным.
“Самая галоўная наша традыцыя — паважаць старэйшых”
Для мяне быць рома — гэта ў першую чаргу мець гонар і павагу да сваіх каранёў, насіць свабоду ў душы. Самая галоўная наша традыцыя — паважаць старэйшых, прыслухоўвацца да іх парад, меркавання. Сёння, на жаль, не ўсе на гэта здольныя. Прыкра, што некаторыя мае аднагодкі нават бравіруюць тым, што бацькі ці дзядуля з бабуляй для іх не аўтарытэт. Сярод беларускіх цыганоў такое немагчыма, у нас з гэтым строга. Не скажу, што за непаслушэнства моцна караюць, проста нас з дзяцінства выхоўваюць у павазе да старэйшага пакалення. Мы ведаем, што заўсёды можам разлічваць на іх парады, падтрымку. Колькі разоў сам пераконваўся, што гэта вельмі слушна.
Мы — досыць закрытая супольнасць і няшмат расказваем пра сябе. Таму вакол нас заўсёды вітае пэўны арэол рамантызму, што так вабіць розных творцаў, якія прысвячаюць нам свае творы. Не кожны нас можа зразумець да канца, бо мы — непрадказальны народ: сёння тут, а заўтра ўжо там. Зразумела, мы даўно не вандруем, але таямнічасць, прага да волі і свабоды закладзеная ў нас на генетычным узроўні. Гэта не ўсім падабаецца, бо вольнага чалавека немагчыма скарыць.
“Беларускія цыганы ніколі не жабравалі”
Безумоўна, я добра ведаю пра ўсе стэрэатыпы, што склаліся наконт цыганоў. Маўляў, мы кепскія, толькі на розныя крымінальныя ўчынкі і здольныя. Я ніколі на гэта ўвагі не звяртаю, бо ўсё залежыць ад канкрэтнага чалавека і яго паводзін. Мы ўсе — розныя. Як сярод беларусаў ёсць дрэнныя людзі, так і сярод нас такія сустракаюцца. Беларускія цыганы наогул значна адрозніваюцца ад іншых. Мала хто ведае, але ў Беларусі жывуць розныя касты цыганоў. Ёсць уласна беларускія рома, якіх амаль не засталося пасля Вялікай Айчыннай, а ёсць таксама катляры — малдаўскія цыганы, украінскія, рускія: большасць з іх пераехала сюды ўжо пасля вайны. Дык вось, беларускія цыганы ніколі не жабравалі. Нам гэта проста не ўласціва.
“Заняткі боксам дапамаглі загартаваць характар”
У мяне шмат сяброў сярод беларусаў. З гэтым ніколі не ўзнікала праблем. Асабіста я яшчэ не сутыкаўся з тым, каб мяне нехта абражаў па нацыянальнай прыкмеце. На маю думку, дыскрымінуюць часцей за ўсё тых, хто дрэнна вучыцца, апранаецца. Сустракаюць жа па вопратцы, асабліва ў школьныя гады. Але пастаяць за сябе, абараніць свой гонар я заўсёды магу. Заняткі боксам дапамаглі загартаваць характар. Я не ставіў перад сабою мэту стаць прафесійным спартоўцам, мне проста падабаўся бокс, бо ён дапамагае падтрымліваць добрую фізічную форму. Ты дзякуючы яму робішся сапраўдным мужчынам з рашучым характарам.
“Мае беларускія сябры размаўляюць на ўроках па-цыганску”
У школе я нічым асабліва не вылучаюся. Як і мае аднакласнікі, імкнуся актыўна ўдзельнічаць у школьным жыцці. Мне падабаецца, што мае беларускія сябры цікавяцца культурай і звычаямі цыганоў, нашай мовай. Мы часам на ўроках на ёй размаўляем, асабліва калі трэба нешта падказаць сябру. У нас няма пісьменнасці. Але мова беларускіх рома ўтрымлівае шмат тутэйшых словаў: бульба, бурак, тата. Багацце і разнастайнасць беларускай мовы я адкрыў для сябе праз творчасць Янкі Купалы. Для мяне ён увасабляе Беларусь і беларусаў. Як знайду час, планую бліжэй пазнаёміцца і з творчасцю Святланы Алексіевіч. Наша суайчынніца атрымала Нобелеўскую прэмію. Гэта ж так крута! Пра Беларусь даведаўся ўвесь свет!
Пра важнасць адукацыі
У мяне цяпер складаны перыяд, шмат часу прысвячаю вучобе, бо рыхтуюся да паступлення ў ВНУ. Планую атрымаць вышэйшую адукацыю ў эканамічнай сферы. Для мяне гэта вельмі істотна, бо без добрага дыплома потым складана разлічваць на добрую працу і высокі заробак. Пры сучасных жорсткіх эканамічных умовах трэба быць канкурэнтаздольным.
“Калі я надзену шоўкавую кашулю і боты — гэта будзе выглядаць дзіўна”
Нацыянальны строй у нас не захаваўся. На розныя святы сучаснае пакаленне беларускіх рома апранаецца звычайна. Калі я, напрыклад, раптам надзену нашу традыцыйную мужчынскую вопратку, шоўкавую кашулю і боты, гэта будзе выглядаць дзіўна і несучасна.
“Любоў да коней захавалася толькі ў правінцыі”
Да коней я стаўлюся спакойна. Ніколі да іх блізка не падыходзіў. У дзяцінстве, як і многіх, бацькі каталі мяне на іх, калі мы наведвалі паркі адпачынку. Вось і усё. Любоў да коней захавалася толькі ў правінцыі, а сучасная моладзь аддае перавагу коням жалезным.
“Мне яшчэ рана жаніцца”
Нявесты ў мяне пакуль няма. Мне яшчэ рана жаніцца. Гэта ў даўнія часы рана жаніліся і мелі шмат дзяцей. Я, напрыклад, адзінае дзіця ў сваіх бацькоў. Цяпер гэтая традыцыя захавалася толькі сярод малдаўскіх цыган, што жывуць тут. Але развесціся ў нас па-ранейшаму вельмі складана. Сям’я для нас — самае галоўнае. І да яе стварэння падыходзяць з усёй адказнасцю.
“Да варажбітак звярнуся толькі ў выключным выпадку”
Я веру ў варажбу. Гэты дар у нас перадаецца ў асноўным па жаночай лініі. Ёсць і мужчыны-варажбіты, але такіх няшмат. Цыгане добра прадказваюць лёс і маюць звышнатуральныя здольнасці, інтуіцыю дзякуючы вандроўнаму ладу жыцця. Раней жа не было паліклінік, дзе лекары маглі хутка паставіць табе дакладны дыягназ і назначыць лекі. Вандруючы па беларускіх лясах ды балотах, цыгане прыглядаліся да прыроды, зорак. Добра ведалі, якая трава можа дапамагчы, які загавор трэба прамовіць, каб дапамагчы чалавеку. У нас і зараз ёсць добрыя бабулькі-траўніцы. Я асабіста ведаю адну жанчыну, да якой звяртаюцца ўсе цыгане, каб даведацца пра сваю будучыню. Але я да варажбітак звярнуся толькі ў выключным выпадку, калі сапраўды буду мець патрэбу ў гэтым. А прасіць паваражыць на лёс толькі дзеля цікаўнасці — гэта няправільна.
Пра што спяваюць беларускія рома?
Мы слухаем сучасную музыку, толькі калі збіраемся ўсе разам на нейкія святы, спяваем нашы традыцыйныя песні, а яшчэ старыя беларускія і ўкраінскія. Спяваем пра старыя часы, калі вандравалі, пра каханне, коней, што былі нашымі найлепшымі сябрамі і сімвалізавалі свабоду.
Слухаць музыку люблю, але таленту да яе, як і да танцаў, не маю. Сказаць, што калі ты цыган, то абавязкова мусіш добра спяваць і танчыць, — для сучаснага пакалення гэта не так актуальна. Неяк усё паступова сыходзіць. Усё як і у беларусаў: маеш талент і схільнасць — спяваеш і танчыш. Адзінае, што мяне непакоіць: без падтрымкі ўнікальная культура беларускіх цыганоў можа знікнуць. У суседняй Расіі ёсць цыганскі тэатр і розныя музычныя калектывы, якія падтрымліваюцца дзяржавай. У нас таксама былі спробы стварыць сваімі сіламі прафесійныя музычныя калектывы, але яны з фінансавых прычынаў доўга не праіснавалі. На мастацтве шмат не заробіш, а сям’ю трэба кожны дзень карміць. У нас ёсць шмат добрых музыкаў і танцораў, якія б маглі радаваць сваёй творчасцю і ўзбагачаць беларускую культуру, але яны вымушаныя займацца іншым, каб зарабіць на жыццё, а спяваюць толькі на невялічкіх святах. Што і казаць, калі ў нас няма нават цыганскага культурнага цэнтру, дзе б мы маглі збірацца і знаёміць са сваёй духоўнай спадчынай усіх цікаўных…
Аляксандр Басяцкі, намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя цыган “Рома”:
— Беларусь — наша Радзіма. Мы заўсёды будзем неад’емнай часткай беларускага народа, падабаецца гэта камусьці альбо не. У нас, зразумела, ёсць свае традыцыі і культура, якія мы беражліва захоўваем і нікому не аддадзім. Бо самае страшнае, што можа здарыцца з народам, — страта нацыянальных каранёў, мовы. Такі народ хутка знікае сярод іншых народаў і пра яго існаванне ведаюць хіба што навукоўцы. Нягледзячы на ўсе перашкоды, мы захавалі сваю мову. Нам зайздросцяць нават іспанскія цыганы, бо яны страцілі сваю мову. Асуджаць іх не бяруся, бо ў часы інквізіцыі за цыганскую мову іх продкам адразалі языкі…
Беларускія цыгане заўсёды падзялялі лёс беларускага народа. Мы былі поруч і ў самыя радасныя, і ў самыя цяжкія часіны. Пачынаючы з 30-х гадоў нас гвалтоўна імкнуліся прывесці да аселага жыцця, знішчаючы нашу культурную спадчыну, а ў часы Вялікай Айчыннай вайны мы перажылі Халакост, калі цыганскае насельніцтва жудасна вынішчалася, але мы мужна ваявалі і набліжалі перамогу… Мала хто ведае, але сярод прадстаўнікоў нашага народа ёсць некалькі герояў СССР, цыган вельмі ахвотна бралі і ў партызанскія атрады, бо яны добра арыентаваліся на мясцовасці і ведалі патаемныя сцежкі. І цяпер мы з вялікай павагай і пашанай ставімся да беларускай культуры і мовы. Хацелася б, каб гэта было ўзаемна і каб дзяржава рабіла больш высілкаў па захаванні нашай культурнай спадчыны.
Ліна Мілаш
Фота Аляксандра Ждановіча