13 снежня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстава “Калі елкі былі вялікімі”. Гэта ідэальны варыянт для снежаньскага вечара беларусаў усіх пакаленняў і вось чаму.
Паглядзець, як мы святкавалі Новы год 20-40 гадоў таму…
Куратар выставачнага праекта, вядомы фатограф Уладзімір Парфянок, сабраў аматарскія здымкі з прыватных альбомаў паўсотні чалавек. Усе фота прысвечаныя Новаму году. У экспазіцыю трапіла каля 30 арыгінальных фатаграфій.
“Экспазіцыя аматарскай навагодняй сямейнай фатаграфіі як найлепш перадае дух таго часу, калі фатаграфаванне дзяцей і дарослых каля святочна ўпрыгожанай ялінкі было ці не самым любімым і галоўным сямейным і калектыўным рытуалам”, — гаворыцца ў апісанні выставы.
…і здзівіцца, як змяніліся традыцыі…
— Раней людзі не дазвалялі сабе валяць дурня перад камерай. Разам з лічбавай фатаграфіяй усе рамкі дазволенага сцерліся. На гэтай выставе ёсць здымкі з нулявых-двухтысячных: нехта ў балаклаве, хлопчык стаіць пад елкай з “ліхтаром”, жанчына начапіла смешны бант. Гэта расказвае не толькі пра Новы год, але і пра тое, як змяніліся людзі, пра тое, што яны фіксуюць на доўгую памяць, — гаворыць куратар выставы.
— Агулам лібералізацыя нораваў адбылася, і фатаграфія гэта цудоўна зафіксавала. Нават у нашай выбарцы, хоць яна і зусім не рэпрэзентатыўная (50 сем’яў — не увесь Мінск) гэта заўважаецца, — расказаў у інтэрв’ю budzma.by Уладзімір Парфянок.
…а потым прыйсці дахаты і разгарнуць стары сямейны альбом
Нават псіхолагі рэкамендуюць парам час ад часу даставаць з доўгай шуфляды сумесныя фота і адзначаць свае маленькія і вялікія гадавіны, святы і традыцыі.
Уладзімір Парфянок згадвае, што ў ягоным дзяцінстве, якое прайшло ў Астрыне Шчучынскага раёна, кожны Новы год была елка: у школе і дома.

Уладзімір Парфянок
— Мы звычайна хадзілі да сяброў са снежня да студзеня: спачатку ў “польскія сем’і”, пасля ў “рускія сем’і”. Бясконцыя святы. Так было штогод да 10 класа, пакуль я там жыў. У мястэчку былі і свае дзівацтвы на святы: здымаць брамкі ці ўганяць сані, — кажа фатограф.
— Самае сумнае, што ў мяне няма ніводнай навагодняй фатаграфіі: ні дамашняй, ні школьнай. Частка архіву ў сястры ў Маскве. Я нават не ўдзельнічаю ў гэтай выставе, бо не маю свайго матэрыялу. Таму мне і было цікава зрабіць гэты праект і паглядзець, як гэта было ў іншых, падзяліць шчасце іншых сямей і дзяцей, — прызнаўся куратар.
— Мы з сястрой чакалі раніцу, калі можна будзе палезці пад ёлку. Момант сакральнасці свята даўно прапаў: няма чакання, што мы заўтра мы прачнёмся і ўсё будзе па-новаму, таму што Новы год. З гадамі разумееш, што ўсё не так проста, што гэта не адбываецца са зменай календара. Якім будзе мой найбліжэйшы Новы год, я яшчэ нават не думаў, — разважае Уладзімір Парфянок.
А яшчэ можна паглядзець на старыя навагоднія паштоўкі і фота прафесіяналаў
Акрамя выставы старых аматарскіх фота да 19 студзеня ў Цэнтры сучасных мастацтваў працуюць яшчэ дзве цікавыя экспазіцыі. “PROЁЛКИ” — творчыя працы вядомых прафесіяналаў на навагоднюю тэму.
Яшчэ ў адной зале — калекцыя калядных і навагодніх паштовак Дзмітрыя Сярэбранікава: некаторым экспанатам больш за 100 гадоў.
Хрысціна Марчук
Фота аўтара