Рома ВПР і Фестываль усяго на свеце ўжо не ўпершыню прыязджаюць у Магілёў, і публіка заўсёды цёпла сустракае зорак рэгі-сцэны. Вельмі цёплая атмасфера адчувалася і на апошнім канцэрце Ромы ВПР, які прайшоў у клубе CUBA 21 красавіка.
Хоць на сцэне клуба і выступаў увесь гурт у электрычнасці, канцэрт па адчуваннях атрымаўся хутчэй акустычным. Публікі на выступ сабралася няшмат, затое ў клубе не было жудаснай цісканіны, парачкі пагойдваліся ў рытме музыкі, дзяўчаты ля сцэны адкрыта атрымлівалі асалоду ад спеваў Ромы. Не было асаблівага драйву, была мерная і радасная музыка рэгі, ад якой усім цяплела на душы.
Самому Рому ў гэты вечар, мабыць, таксама не хацелася асабліва запальваць: ён паддаўся настрою публікі і спяваў свае жыццярадасныя песні без асаблівага драйву. Падчас канцэрту прагучалі самыя разнастайныя кампазіцыі – i новыя творы Ромы, і старыя хіты як у акустыцы, так і ў электрычнасці. А некаторыя песні Рома ВПР нават спяваў а капэла, папрасіўшы гледачоў быць трохі цішэйшымі.
Сапраўдная вясна ўсё ніяк не прыйдзе, таму сонца і цеплыні, пра якія спяваў у той вечар Рома ВПР, усім асабліва не хапала. Можа, таму канцэрт атрымаўся крыху сумным? У любым выпадку музыкі рэгі хапіла ўсім – публіка разышлася па дамах задаволеная і шчаслівая.
Марыя Гілёва