Традыцыйнае свята для мінскіх моднікаў і модніц напярэдадні дня ўсіх закаханых прайшло ў Нацыянальнай школе прыгажосці.
Тут можна было не толькі купіць каханым і родным падарункі пачынаючы ад аўтарскіх паштовак, разнастайных цацанак, прыемных упрыгожанняў, але і абнавіць гардэроб, бо арганізатары ўсталявалі абмежаванні на цану адзення — не больш за 100 у.а., на аксэсуары — не больш за 50. Праўда, гэта датычыла толькі мадэляў з леташніх калекцый. Аксэсуары і адзенне новага сезону каштавалі значна даражэй, але ўсё ж досыць бюджэтна, улічваючы тое, што працы аўтарскія, адзіныя ў сваім родзе.
Бясспрэчна, цвіком імпрэзы, галоўнай яе падзеяй стаў паказ доўгачаканай калекцыі таленавітага маладога беларускага мадэльера Таццяны Марыніч.
“Сама назва — “Selection” — кажа пра тое, што мяне натхніла. Гэта батанічна-фальклорная гісторыя. Бо што такое селекцыя? Адбор нейкіх элементаў і іх якаснае паляпшэнне. Наогул, пасля калекцыі “Нірвана” я вырашыла, што наступную калекцыю трэба рабіць пра каханне. Вось і ўсё маё натхненне”, — прызналася Таццяна. Так была створаная гэтая чароўная калекцыя з выкарыстаннем дызайнерскіх аксэсуараў Ліліі Шутавай.
Адна з мадэляў, якая прадстаўляла калекцыю, звярнула ўвагу, што ў вопратцы Таццяны “прыемныя тканіны — шоўк і мяккі трыкатаж. Адзенне сядзіць добра, нічога не спадае, не трэба нічога папраўляць, у ім лёгка рухацца, свабодна і камфортна. Практычнае, зручнае і прыемнае на дотык адзенне, целу яно падабаецца”.
Дваццаць дызайнераў адзення і каля паўсотні дызайнераў аксэсуараў — мінскім моднікам і модніцам было што выбраць. Адзначым мадэлі Марыны Давыдавай, Юліі Латушкінай, Ганны Драгацэнай, Людмілы Лабковай, fashion-студыі RadaStyle, Pa.pus.
Як сказала Валерыя Аксёнава, “хутка вясна, таму тканіны выкарыстоўваем крыху лягчэйшыя, але яшчэ пакуль цёплыя. З’явіліся спадніцы больш рамантычныя, якія больш ляцяць. Але засталася металічная фурнітура, з’явіліся трыкатажныя сукенкі, якія лепш аблягаюць фігуру, іх можна ўдала абыгрываць аксэсуарамі . Ужо працуем над вясновай лініяй, дзе будзе і бавоўна, і кветачкі”.
Што да мужчынскай моды, то дызайнеры на новы сезон прапануюць пакарочаныя паліто пад джынсы або вузенькія нагавіцы. “Цана пры гэтым значна ніжэйшая, чым у мінулай калекцыі. Стараемся цяпер з улікам крызісу і заробкаў людзей зрабіць мадэлі як мага таннейшымі за кошт матэрыялаў і прастаты крою, фурнітуры”, — дзеліцца сакрэтам адна з майстроў.
Вачэй нельга адвесці ад аўтарскіх паштовак у тэхніцы скрапбукінг Ганны Барцовай, аксэсуараў Наталлі Бурдзінай, Вольгі Градзіва, Юліі Паповай, Вольгі Асадчай, кулонаў і завушніц Ганны Цепляковай, упрыгожанняў для валасоў Юліі Багдановіч. А карункі Святланы Талатай — гэта нешта чароўнае, такія ўзоры і намаляваць складана, не тое што вывязаць. У халады любому спадабаецца схаваць ногі ў вязаныя тапкі ад Кацярыны Прус. І што можа навеяць лепшыя сны, як не “таскамаўскія” павязкі для сну? Аматарам творчасці Эндзі Уорхала прыйдуцца даспадобы фотарамкі Ганны Сідаровіч. Зайцы ручной працы ад Кацярыны Юда — рэч, якая доўга на прылаўку не затрымліваецца. “Мяне ўжо набылі”, — абвяшчае надпіс.
На ўсе абноўкі ў знаўцаў стылю і прыгажосці было каля шасці гадзін. Яны паспелі зрабіць свой выбар, а вы?
Зарына Кандрацьева