Роўна 105 гадоў таму, у гэты самы дзень, адбылася лёсавызначальная для нашай краіны падзея — са складу Савецкай Беларусі былі выключаныя Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні на карысць Расіі. Пазней жа ўласнабеларускія землі былі вернутыя толькі часткова. Спрабуем разабрацца, чаму так сталася.
У якіх умовах абвяшчалася Савецкая Беларусь
Абвяшчэнне Савецкай Беларусі адбылося ў апошнія дні 1918 года ў даволі складаных умовах. Войны, рэвалюцыі, галеча і суцэльны экзістэнцыяльны жах. Да ўсяго ў першым урадзе ССРБ не было адзінства — фактычна ён складаўся з дзвюх непрымірымых груповак, якія мелі абсалютна розныя погляды на будучыню краіны.
Так званыя «аблвыкамзахаўцы» на чале з Аляксандрам Мясніковым і Вільгельмам Кнорыным былі ў большасці тыповымі камунарамі-інтэрнацыяналістамі таго часу. Яны свята верылі ў тое, што вось-вось разгарыцца сусветная пралетарская рэвалюцыя, якая змяце капіталізм у нябыт, а замест шматлікіх варагуючых між сабою дзяржаваў з’явіцца адзіная, дзе будзе ўсталявана дыктатура пралетарыяту.
Група ўмоўных «нацыянал-камуністаў» на чале са Змітром Жылуновічам і Аляксандрам Чарвяковым, якая была ў колькаснай меншасці, мела адрознае меркаванне па нацыянальным пытанні. У распадзе Расійскай імперыі, якая была «турмой народаў», і ліквідацыі царызму яны бачылі шанц для сваёй Бацькаўшчыны — Беларусі.
Зміцер Жылуновіч, фотаздымак 1920-х гадоў
Не будзем адмаўляць таго факту, што будучую рэспубліку яны бачылі ў цеснай сувязі з суседняй Расіяй, але падкрэслім — разам з тым гэтыя людзі імкнуліся да з’яўлення ўласнай дзяржаўнасці. Знакаміты «Маніхфэст» аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі быў напісаны ўласнаруч Жылуновічам, а ўжо толькі потым, пасля зацятых спрэчак з апанентамі, рэдагаваны Іосіфам Сталіным.
Маніфест аб абвяшчэнні ССРБ
Менавіта паводле яго «па ўсём абшары Беларусі» касавалася якая-кольвек іншая ўлада, апроч савецкай. Аднак праблема была ў тым, што ў дакуменце ніяк выразна тэрыторыя новапаўсталай краіны не акрэслівалася. Як не была яна вызначана і ў першай канстытуцыі краіны, што была ўхваленая месяцам пазней на з’ездзе Саветаў у Мінску. Гаворкі хоць бы аб якім адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле ССРБ не было.
Як вызначалі межы рэспублікі беларускія «нацыянал-камуністы»
Парадокс, але вызначаючы межы сваёй рэспублікі, беларускія «нацыянал-камуністы» карысталіся той жа самай мапай Яўхіма Карскага, што і іхныя калегі-канкурэнты з БНР. Выходзіла, што Савецкая Беларусь была ўмоўна кажучы ад Смаленска, дзе яе ўласна і абвяшчалі 30-31 снежня 1918 года, да Беластока. Але хіба была ў тым, што беларускія землі тады не толькі кантраляваліся рознымі сіламі, але наразаліся маскоўскімі камуністамі па ўласным гусце.
Выключэнне ўсходніх абласцей са складу Савецкай Беларусі
Ужо праз 2 тыдні пасля таго, як была абвешчана ССРБ, ЦК РКП(б) прыняло 16 студзеня рашэнне аб выключэнні ўсходніх абласцей — Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў, якія ўвайшлі ў склад Савецкай Расіі. Традыцыйна гэтыя тэрыторыі былі заселеныя беларусамі і нават пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай знаходзіліся ў складзе так званага Паўночна-Заходняга краю.
Астатняя частка краіны неўзабаве будзе злучана з Савецкай Літвой — на кароткі час з’явіцца дзіўнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое займела не менш дзіўную назву — ЛітБел.
Беларускія «нацыянал-камуністы» канчаткова прайгралі
Рашэнне аб адрынанні ад Беларусі ўсходніх земляў, а таксама зліцці з літоўскай камунай было горача падтрымана на Першым Усебеларускім З’ездзе Саветаў, што адбываўся ў першыя дні лютага 1919 года ў Мінску.
На ім «нацыянал-камуністы», якія знахозіліся ў відавочнай меншасці, канчаткова прайгралі. Цяпер рэй вялі інтэрнацыяналісты, што не мелі клопату аб інтарэсе беларускага народа. Ад імя першага часовага ўрада ССРБ паседжанне тады адкрываў Мяснікоў, але не Жылуновіч, каторы хай сабе і намінальна, але ўсё яшчэ заставаўся старшынёй урада. Літоўскім жа камуністам не было ніякай справы да беларускіх земляў, бо яны мелі свой клопат. Таму яны без асаблівых ваганняў падтрымалі прынятыя цэнтрам рашэнні.
Пратэст супраць страты беларускіх земляў і рэпрэсіі
Некаторыя чальцы таго «першага беларускага ўрада» з ліку «нацыянал-камуністаў» адкрыта пратэставалі супраць страты беларускіх земляў — як мінімум тры народныя камісары падалі ў адстаўку, за што амаль адразу зведалі рэпрэсіі ад маскоўскіх бальшавікоў. І ў выніку іхныя лёсы складуцца падкрэслена трагічным чынам.
Фабіян Шантыр будзе расстраляны ў 1920 годзе. За іншыя справы, але і гэты выпадак яму прыпомняць і не даруюць.Усевалад Фальскі будзе высланы з Беларусі, і ў другой палове 1920-х гадоў ягоныя сляды проста згубяцца недзе на вуліцах Кіева.
Язэп Дыла таксама будзе высланы з краіны, але ўжо ў 1921 годзе зможа вярнуцца на радзіму. Гарачая пара беларусізацыі дасць яму ўсе магчымасці для самарэалізацыі, але канец будзе таксама нешчаслівы. Яго арыштуюць па справе Саюза вызвалення Беларусі ў 1930-м і вышлюць з краіны. Да самай сваёй смерці ён будзе жыць у Саратаве, дзе і памрэ ў 1973 годзе.
Першае і другое ўзбуйненні БССР
Першы Усебеларускі З’езд Саветаў. Карціна А. Д. Шыбнёва
Тэма вяртання страчаных земляў стане зноў магістральнай, калі ў краіне разгорнецца палітыка беларусізацыі. Нацыянальныя кадры, якія здолелі ўзмацніць свае пазіцыі ў БССР, што летам 1920 года была абвешчана другі раз, усімі праўдамі і няпраўдамі спрабавалі вярнуць адрынутае годам раней. Найперш, канешне, у ход ішлі аргументы пра тое, што рэспубліка, якая складаецца з былых 6 паветаў, банальна нежыццяздольная. Даводзілі гэта і памянёны Аляксандр Чарвякоў, які ў тыя часы займаў ужо першыя ролі ў Савецкай Беларусі, а таксама асобы кшталту Змітра Прышчэпава, што мроілі ператварыць краіну ў «Чырвоную Данію».
Першае ўзбуйненне БССР адбылося ўвесну 1924 года, калі ва ўрачыстай атмасферы прайшоў Шосты надзвычайны з’езд Саветаў. Наступнае было праз 2 гады — у 1926-м. У выніку гэтых дзвюх падзеяў да Беларусі вярнуліся часткова тыя землі, што былі забраныя — часткова Віцебская губерня, разам з Віцебскам, часткова Смаленская разам з Оршай, а таксама часткова Гомельская губерня разам з Гомелем.
Карта Беларусі, якая была афіцыйна выдадзеная ў 1924 годзе
Гэта былі знакавыя падзеі для беларускага жыцця той пары, бо беларуская інтэлігенцыя, ды і простыя беларусы востра перажывалі сітуацыю, у якой апынулася нацыя, што была падзелена чужынскімі межамі. Пасля Рыжскага міру 1921 года нават і маладзейшыя, і старэйшыя творцы ўсё часцей агукаліся на гэтую тэму.
Янка Купала ў 1920-я гады
Вершы пра разарваны край можна знайсці не толькі ў «маладнякоўцаў» кшалту Алеся Дудара, але таксама і ў Якуба Коласа або Янкі Купалы. Чаго толькі варты верш Купалы «На паграніччы», які і быў напісаны ў тым самым 1926-м:
На паграніччы кемкі знахар,
Калі тварыць варожбы хоча, —
Ён азіраецца на Захад,
Ён на Усход кіруе вочы.
Трэцяе ўзбуйненне: планы, якія засталіся планамі
На 1928 год планавалася таксама і Трэцяе ўзбуйненне, калі да Беларусі мелі адысці часткі Смаленшчыны, Браншчыны і Пскоўшчыны. Былі гаворкі пра тое, што разам з Себежам і Невелем у складзе Савецкай Беларусі апынецца і ўласна Смаленск. Але справа ніякім чынам не ўвасобілася і так і засталася ў артыкулах з газет той пары.
Бо надыходзілі ўжо зусім іншыя часы — Сталін набраўся сілы, пачынаў пераслед нават сваіх былых паплечнікаў і аднадумцаў, а таксама рыхтаваўся да перабудовы першай краіны працоўных і сялянаў пад свой густ.
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Л. Г., budzma.org