25 чэрвеня ў магілёўскім грамадскім цэнтры “Кола” адбылася вечарына — паказаць свае творы і пазнаёміцца з магілёўцамі прыехалі выпускнікі Школы маладога пісьменніка, якая ўжо другі год дзейнічае пры СБП.
У Магілёве: вецер прахалодны, настрой бадзёры!
У складзе “літаратурнага дэсанту” — сем навучэнцаў Школы з Гародні, Гомеля, Магілёўскага раёна, Мінска, а таксама адна з каардынатарак Школы Алена Казлова (Анка Упала) і паэтка Віка Трэнас. Вечарына прайшла ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Сустрэлі гасцей сябры гарадскога літаратурнага клуба “Святліца” на чале з Тамарай Аўсяннікавай, Старшыня магілёўскага абласнога аддзялення СБП Мікола Яцкоў, паэтка Ала Яцкова, старэйшыя пісьменнікі Міхась Булавацкі, Эдуард Мядзведскі, малады паэт Аляксей Карпенка ды іншыя.
Сустрэча з Тамарай Аўсяннікавай і дзяўчатамі з клуба “Святліца”.
Тамара Аўсяннікава, Ала і Мікола Яцковы.
Сёлета маладыя аўтары пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Наталкі Бабінай, Ганны Бутырчык і Людмілы Рублеўскай асвойвалі ў Школе маладога пісьменніка майстэрства прозы. Але на імпрэзе дзяўчаты і хлопцы чыталі і апавяданні, і вершы.
Вольга Агапонава (Гародня), Лілія Гусарава (Магілёўскі р-н), Артур Камароўскі (Гародня),Анастасія Кацюргіна (Гомель) выступілі і з празаічнымі, і з паэтычнымі тэкстамі.
Большасць навучэнцаў Школы пачыналі пісаць па-руску, але цяпер спрабуюць па-беларуску, ці, прынамсі, перакладаюць свае творы на родную мову. Нехта піша паралельна на дзвюх мовах, як, напрыклад, Воля Агапонава.
Воля Агапонава, Ліля Гусарава, Стася Кацюргіна.
На пытанне, наколькі складана існаваць адначасна ў дзвюх розных ментальнасцях, дзяўчына адказала, што асабіста для яе гэта спосаб бачыць свет больш разнастайным, бо ёсць тэмы, асвятляць якія можна толькі па-руску, або ў іншым выпадку — толькі па-беларуску.
Цягам імпрэзы пісьменнікі і чытачы не аднаразова абмяркоўвалі з’яву білінгвізму і яе ўплыў на творчасць і мысленне, што актуальна для нашага грамадства ўжо колькі стагоддзяў і па сённяшні дзень.
Мікіта Волкаў, Павел Якуць.
Мікіта Волкаў і Павел Якуць прачыталі свае беларускамоўныя апавяданні, а Міраслаў Шапавалаў — рускамоўнае. Зрэшты, усе — і хлопцы, і дзяўчаты аднолькава добра былі прынятыя гледачамі, іх выступленні запомніліся непадробнай шчырасцю, эмацыйнасцю, артыстызмам.
Міраслаў Шапавалаў, Артур Камароўскі, Воля Агапонава.
Пісьменніца Алена Казлова (Анка Упала) як адна з мадэратарак навучання распавяла пра арганізацыю працы Школы і адказала на пытанні сваіх землякоў. Паэтка Віка Трэнас праанансавала свежы, 70-ты нумар часопіса “Дзеяслоў” і прачытала некалькі новых вершаў.
На заканчэнне сустрэчы свае творы прачыталі выхаванцы гарадскога літаратурнага клуба “Святліца”, а аўтары найлепшых пытанняў, зададзеных гасцям, атрымалі падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Тэкст ВТ, фота Алены Казловай для lit-bel.org