Сімвал беларусізацыі стогадовай даўніны

Узімку 1925 года ў Мінску адбылася адна з самых грандыёзных падзей для міжваеннай Беларусі — Першая Усебеларуская мастацкая выстава, якая выклікала ў публікі фурор і стала сапраўдным сімвалам беларусізацыі таго часу. Расказваем, як гэта было.

Пра тое, што ў БССР варта зрабіць нешта прадстаўнічае ў сферы мастацтва было вядома яшчэ з лета 1924 года, калі ўлады афіцыйна абвесцілі палітыку беларусізацыі. Разам з тым стаялі задачы ўшанаваць у 1925 годзе 400-годдзе беларускага кнігадрукавання, а таксама сумясціць нейкім чынам традыцыю і рэвалюцыю. Грандыёзная выстава беларускіх творцаў, дзе былі б паказаныя розныя эпохі, аказалася ідэальным рашэннем.

1.JPG
Міхаіл Эндэ. Вокладка каталога першай Усебеларускай мастацкай выстаўкі

Хто рыхтаваў выставу

Невялікія зацемкі аб тым, што неўзабаве мае адбыцца Першая Усебеларуская мастацкая выстава пачалі з’яўляцца ў прэсе яшчэ ў пачатку года:

«Увосень г. г. у Менску мае адбыцца 1-я Усебеларуская мастацкая выстаўка, якая павінна будзе мець выключнае значэньне ў справе падняцьця беларускага і жыдоўскага мастацтва ў БССР.

Ёсць надзея атрымаць належныя на гэта сродкі, і тады адбудуцца і выезды мастакоў на працу ў мястэчкі й вёскі і ўдасца зьдзейсьніць цэлы шэраг іншых мастацкіх патрэб нашае рэспублікі. НКА вызначана і адпаведная „тройка“ ў Выстав. Комітэт».

У лік адказных за арганізацыю трапілі людзі, неабыякавыя да беларускага мастацтва, прычым, як новага так і старога — Язэп Дыла, Мікола Шчакаціхін і Арон Касцелянскі. Кожны з іх паспеў плённа папрацаваць на ніве беларускага мастацтва, пры чым у самых розных іпастасях. І як збіральнік даўніны, і як стваральнік чагосьці новага.

Той жа Язэп Дыла быў кансультантам на кінастудыі, пісаў і ставіў п’есы, акурат яму прыпісваюць ідэю пабудовы Опернага тэатра на Траецкай гары — месца, дзе здымалі сцэну пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага, і там дзе ўласна і стаіць цяпер знакамітая мінская Опера.

Мікола Шчакаціхін акрамя пошукаў старасвеччыны пісаў гістарычныя нарысы і быў актыўным сябрам «Маладняка».

Арон Касцелянскі не толькі сам пісаў карціны, але і вучыў гэтаму рамяству маладзейшых. За працу сябры Інбелкульту ўзяліся з энтузіязмам.

Многія творцы займаліся тады адначасова мноствам справаў. Язэп Дыла не толькі займаўся арганізацыяй выставы, але таксама пошукам важных дакументаў у архівах Масквы і Ленінграда па падзеях 1863 года. Мікола Шчакаціхін займаўся не толькі адборам патэнцыйных экспанатаў для выставы, але і іх пошукамі. Ён быў непасрэдна адказны за экспазіцыю старасвеччыны на выставе.

2 (1).jpg
Адзін з твораў, прадстаўленых на выставе. «Ушэсце Гасподне». XVII ст.

У якіх умовах ішла падрыхтоўка да выставы

Імаверна, што выстава рыхтавалася пад «Усясветны кангрэс беларускіх вучоных», які меў адбыцца ў Мінску ў кастрычніку 1925 года і павінна была падкрэсліць багатую разнастайнасць беларускай культуры. На яго меркавалася сабраць не толькі вучоных, але і проста людзей неабыякавых да беларускай справы з усяго свету. То бок не толькі з Беларусі ці блізкага замежжа, але нават і з-за акіяну. Але праз збег самых розных прычынаў з’езд вучоных так і не адбыўся, застаўшыся няспраўджанай марай для рупліўцаў беларушчыны.

Разам з тым канчаткова была вызначана дата, калі ў БССР збіраліся шырока адсвяткаваць 400-годдзе беларускага кнігадруку — 20 снежня. Планавалася паставіць помнік Францішку Скарыну ў Полацку, зрабіць гравюры і партрэты з ягонай выявай, выдаць пра яго дзейнасць і жыццё друкаваныя матэрыялы і нават выпусціць «асабісты жэтон для шырокага ўжывання» з профілем першадрукара.

А ідэя выставы, якая б адначасова аб’ядноўвала ў сабе старажытнае і сучаснае беларускае вобразнае мастацтва, ідэальна клалася ў гэтую канцэпцыю. Для большага разумення дадалі троху і нядаўняга — прысвяцілі выставу не толькі выданню «Апостала» ў Вільні ў 1525 годзе, але таксама і пачатку Першай рускай рэвалюцыі 1905 года, якая абудзіла не толькі расейцаў, але і суседнія народы — беларусаў, украінцаў, палякаў.

У той час у БССР існаваў самы сапраўдны культ Францішка Скарыны — праз ягоную асобу і блізкіх да яго дзеячаў імкнуліся паказаць працягласць існавання беларускай нацыі. Таму ніякага дзіва не было ў тым, што на выставе дэманстраваліся старасвецкія выданні, якія падкрэслівалі «старадаўнасьць» нашага народа. А шрыфтам, які быў вельмі падобны да таго, якім карыстаўся наш першадрукар, быў аформлены і каталог выставы з пералікам усіх удзельнікаў і іхных твораў.

4.jpg
Абрам Бразер, скульптурны партрэт Францыска Скарыны

І гэта было нормай, бо у той час беларускімі нацыянал-бальшавікамі і блізкімі да іх «папутчыкамі» публічна выкарыстоўваўся тэрмін «Адраджэнне Беларусі» — у тым сэнсе, што, скінуўшы царскі рэжым, краіна нібыта вярнула сабе самастойнасць. Тады такі падыход не выклікаў ніякага негатыву.

Як не была кантраверсійнай тэма паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага — у той час ягоная асоба гэтаксама была культавай для многіх дзеячаў, а сувязь з паўстанцамі ХІХ стагоддзя была наўпроставай, адпаведна так ці іначай падкрэслівалася. Той жа Язэп Дыла ў маладыя гады быў вучнем Альгерда Абуховіча — непасрэднага ўдзельніка падзей 1863 года. Ён жа выступаў кансультантам пры здымках знакамітага чорна-белага фільма пра жыццё Каліноўскага.

Творы і творцы

У тагачаснай прэсе даволі сціпла паведамлялася, што «6 сьнежня адчынілася усебеларуская мастацкая выстаўка. Выстаўка прыцягае да сябе шмат гледачоў і выклікае жывы посьпех». І гэта не дзіва, калі ўлічыць колькасць і якасць творцаў, якія вырашылі ўзяць у ёй удзел.

У працы выставы браў удзел Язэп Драздовіч, які неўзабаве стане добра вядомым беларускім мастаком. Дзмітрый Полазаў выставіў хрэстаматыйныя цяпер партрэты Янкі Купалы, а Мікалай Гусеў — партрэт Міхася Чарота. Заір Азгур прадставіў на ёй партрэт Якуба Коласа, які ў той час рэгулярна дапамагаў скульптару-пачаткоўцу. Ужо неўзабаве Азгур стане заўважным творцам, а ў сталым узросце пакіне пра тую сваю маладосць каларытныя ўспаміны.


Якуб Колас у майстэрні Заіра Азгура, 1949 год 

Былі там работы і іншых маладых беларускіх мастакоў — Паўла Гуткоўскага, Анатоля Тычыны, Меера Аксельрода, Генадзя Змудзінскага, Міхаіла Эндэ ды іншых. 

Портрет_Ю.М._Пэна.jpg
Абрам Бразер Партрэт Іегуды Пэна, 1921. Палатно, алей

Адзначыўся нават Алексантэры Ахола-Вало, фінскі мастак, які ў той час жыў у Мінску і браў актыўны ўдзел у афармленні беларускіх выданняў. Зрэшты цікавыя працы Гуткоўскага, Тычыны, можна адшукаць па шматлікіх кнігах і часопісах межваеннай пары.

3.jpg
Майсей Сляпян «Плябанскі млын у Мінску»

Змудзінскі зробіць адзін з цікавых варыяцый магчымага герба БССР для адпаведнага конкурса ў 1926 годзе, а пераможа ў ім яшчэ адзін удзельнік выставы — мастак Валянцін Волкаў. Дзякуючы ягонаму дбанню на гербе БССР узору 1927 года з’явіцца «скарынінскі» шрыфт.

5.jpg
Эскіз герба БССР Генадзя Змудзінскага

Як ацэньвалі выставу

Але замілаванне першая Усебеларуская мастацкая выстава выклікала далёка не ва ўсіх. У. Майзэліс на старонках «Маладняка» ў артыкуле «Шляхі сучаснага мастацтва» абрынуўся на яе з крытыкай:

«Названая выстаўка, ня гледзячы на некаторую выпадковасьць у падборы ўдзельнікаў і адсутнасьць сыстэмы ў разьмеркаваньні прац, гаворыць усё-ж за тое, што для будаўніцтва беларускай мастацкай культуры ёсьць пэўныя падставы. І я думаю, што далейшае разьвіцьцё беларускага мастацтва пойдзе якраз па шляху адбіцьця «рэволюцыі і рэволюцыйнага быту не цераз надворную этнографічнасьць, а цераз сапраўдна-органічнае выяўленьне беларускага нацыянальнага стылю.»

Выстава, для якой было знойдзна больш за тысячу экспанаў, выклікала ў публікі абсалютны фурор. Яна стала самым сапраўдным Рубіконам — беларускае мастацтва новага часу нарэшце стала цалкам самастойнай з’явай. Бо да гэтага беларускія мастакі і творцы выстаўляліся ў межах больш шырокіх, а цяпер займелі ўжо ўласна сваю пляцоўку. Для гэтага было дастаткова, як неабходнай колькасці ўдзельнікаў, так і адметных твораў.

Л. Г., Budzma.org