Скарына перад навучаннем у Італіі адвучыўся ў Іспаніі, пасябраваў з Калумбам і нават наведаў Новы свет

Магістрант-скарыназнаўца з Полацка Андрэй Валькевіч пасля падзей 2020 года выехаў у Іспанію, дзе вырашыў працягнуць адукацыю ў адным з самых старажытных універсітэтаў Еўропы — Універсітэце Саламанкі, піша «Наша Ніва».

Univiersitet SalamankiУніверсітэт Саламанкі. Фота: Wikimedia Commons

Працуючы ў архівах універсітэта, ён зрабіў нечаканае адкрыццё.

Аказваецца, наш славуты зямляк Францыск Скарына сапраўды нарадзіўся ў 1470 годзе (раней лічылася, што першадрукар нарадзіўся ў прамежку 1470–1490 гады) і да навучання ў Кракаве і італьянскай Падуі ў пачатку XVI стагоддзя паспеў павучыцца на захадзе Іспаніі ва ўніверсітэце Саламанкі.

Скарына вучыўся на факультэце медыцынскіх навук, паступіўшы ў яго ў 1495 годзе і прыехаўшы па квоце таленавітых маладых католікаў Вялікага Княства Літоўскага, расказаў Андрэй Валькевіч у інтэрв’ю «Нашай Ніве».

Малады Францішак шмат надаваў увагі вывучэнню гісторыі медыцыны: ад Кітая і Сярэдняга Усходу да Партугаліі, праводзячы шмат часу ў бібліятэцы.

Так у 1497 годзе ён пазнаёміўся з Хрыстафорам Калумбам, які падпрацоўваў у бібліятэцы, зарабляючы на Трэцяе падарожжа ў Новы свет.

Кароль Іспаніі па-ранейшаму недалюбліваў Калумба, які так і не знайшоў заходняга шляху ў Індыі, а мроіў гісторыямі пра міфічную Вэст-Індыю.

Biblijateka Univiersiteta Salamanki
 Бібліятэка Універсітэта Саламанкі, дзе дняваў і ночыў Скарына. Фота: Wikimedia Commons

Скарына за два гады добра вывучыў іспанскую (у яго наогул добра атрымліваліся мовы) і неяк завёў размову з дзіўным з выгляду генуэзцам.

Так завязалася сяброўства. Калумб распавядаў яму пра новыя землі, а Скарына пра велічную і прыгожую дзяржаву ад Балтыйскага да Чорнага мора, якая звалася Вялікае Княства Літоўскае.

Дарэчы, менавіта Калумб, па словах Валькевіча, расказаў Скарыну пра Падую: «Прыгожы горад і дзяўчаты там прыгожыя».

Дарэчы, ужо тады Скарына марыў пра выданне першай сваёй друкаванай кнігі, пажадана па-беларуску.

«Слухай, — неяк сказаў яму Калумб. — А ці не хочаш ты са мной наведаць Новы свет?». «Канечне, — пагадзіўся Скарына».

Так наш зямляк адправіўся ў Трэцюю экспедыцыю, якая пачалася ў маі 1498 года. Падчас гэтай экспедыцыі быў адкрыты востраў Трынідад.

Гэта Скарына падказаў Калумбу назваць яго «Трынідад».

«Мы на Полаччыне моцна шануем святую Тройцу». Калумб пагадзіўся. Потым экспедыцыя дайшла да вусця Арынока. Хто ведаў, што праз 500 гадоў Венесуэла стане братнім народам для Беларусі?

Скарыну вельмі спадабалася ў экспедыцыі, але ў Чацвертую ён ужо не паплыў, было вельмі шмат іспытаў і трэба было пісаць дыплом. Ну і Калумб вярнуўся з Саламанкі ў Мадрыд. Сяброўства спынілася.

Kalumb
Магчымы пасмяротны партрэт пэндзля Себасцьяна дэль П’ёмба. 1519. Метраполітэн-музей у Нью-Ёрку. Фота: Wikimedia Commons

Па сканчэнні навучання Скарына на некаторы час вярнуўся ў Полацк, а потым вырашыў працягнуць адукацыю ў Кракаве і Падуі, а потым у 1517 годзе заснаваў друкарню ў Празе. І гэту гісторыю вы цудоўна ведаеце.