Паэтэса Вера Буланда выступала на Мінскім заводзе колавых цягачоў 30 жніўня 2017 года.
Свой выступ Вера Аляксандраўна пачала з успамінаў пра арганізацыю “Скарынічы” у вясковай школе. Па ініцыятыве спадарыні Веры ў 90-я гады быў створаны план работы дзіцячай арганізацыі, у час уступу ў якую дзеці прамаўлялі клятву радкамі Ларысы Геніюш:
Мудрасць здолее ў цемры свяціць.
Загад продкаў у сэрцах не згіне!
Будзем думаць, вучыцца: тварыць
Так, як ты, у сваёй мове, Скарына.
Паэтэса пераконвала вучняў, а на гэты раз супрацоўнікаў Мінскага завода колавых цягачоў аб геніі Скарыны. Пазнаёміўшы коратка з біяграфіяй
(Скарына нарадзіўся ў сям’і заможнага купца ў Полацку, буйным гандлёвым і вытворчым цэнтры Вялікага Княства Літоўскага, імаверна атрымаўшы там першапачатковую адукацыю. У 1504 годзе паступае ў Кракаўскую акадэмію, дзе атрымлівае ступень бакалаўра, у 1512 годзе ў Падуанскім універсітэце Скарына атрымае ступень доктара медыцыны), спадарыня Вера спыніла сваю ўвагу на Пражскім перыядзе яго жыцця. Менавіта ў Празе 6 жніўня 1517 года Скарына выдае першую друкаваную беларускую кнігу— «Псалтыр».
Свае кнігі беларускі гуманіст адрасаваў шырокаму чытачу, «людзям простым паспалітым», і надаў ім выразна дэмакратычны і навучальна-асветніцкі характар. Ён выдаваў Біблію асобнымі выпускамі, зручным фарматам. Кожная яго кніга адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і загалоўкам, завяршаецца кароткім пасляслоўем, у якім паведамляецца кім, для каго і дзе яна выдадзена.
Далёкіх часоў успаміны,
Твой воблік світае ў прасторы…–
Дзень добры, Францішак Скарына,
Памкненням светлым дзень добры!
Ты сэрцам прачулым і вешчым
Клікаў народ на сустрэчу
Са словам яго, чалавечым,
Якому суджана вечнасць.
Кастусь Жук
Актыўным удзельнікам размовы Вера Аляксандраўн ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” падарыла паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, торбачкі, майкі, значкі з выявамі Скарыны і плакаты “500 год першадруку”.