Анатоль Івашчанка ў арт-праекце «Словы мацней»: «Мяжа незваротна пяройдзеная. Ззаду дыміцца разлом»

У новым роліку арт-праекта «Словы мацней» свае вершы чытае паэт Анатоль Івашчанка.


Арт-праект «Словы мацней» — гэта Беларусь галасамі сучасных беларускіх літаратараў.

Анатоль Івашчанка — паэт, празаік і літаратуразнаўца. Нарадзіўся ў Мінску 7 жніўня 1981 года. Атрымаў адукацыю на філалагічным факультэце БДУ, затым паспяхова скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі.

Першай яго кнігай быў зборнік вершаў «Вершnick», які выйшаў у Мінску ў 2006 годзе. Затым выдаў навуковую манаграфію «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй» у 2009 годзе.

Стаў фіналістам конкурсу Беларускага ПЭН-цэнтру імя Наталлі Арсенневай у 2003 годзе, лаўрэат прэміі «Залатая літара» за 2005 год. Вершы Анатоля Івашчанкі перакладаліся на польскую, літоўскую, нямецкую, грузінскую, балгарскую і рускую мовы.

Жанаты, гадуе дзвюх дачок і сына.

***

Мова – мая ахова.
Мова мая – мой Сьцяг.
Мова мая – мой Гонар.
Мова мая – мой Шлях.
Мова мая – зброя.
Мова – мая вайна.
Мова мая – мроя.
Мова – мая віна.
Мова мая – шанец.
Мова – стрэл ва ўпор.
Мова – таемны ружанец.
Мова – дзядзька Рыгор.
Мова – мая малітва.
Мова мая – таўро.
Мова – няспынная бітва.
Бітва са злом.
На злом…
Мову маю
пад канвоем –
ў жоўты пясочак,
ў расстрэльны роў.
Мова
пад ботам маёра.
Меты на карках
маркерам карнікаў.
Меты на целах
ад ног гапароў…
Мова мая – вызваленьне
з карцара, з клеткі, са змроку, з турмы.
Разам
падняцца з каленаў.
Разам
чакаць пераменаў.
Мова мая – Мы.

ЗАХАВАЦЦА

Ранкам 27-га дня чалавек выйшаў зь сябе.

І больш туды не вярнуўся.

Захавацца.
Дажыць

да вясны.
Дагартаць
                пералётныя сны*.
Дапаліць
               недапалены золак.
Дапісаць
              кулямётнае сола.
Перабіць
              усе стрэлкі,

парогі,

паролі.

Даіграць

зьненавідную [трэцюю]

                                   ролю.
Выйсьці вонкі
зь сябе.
Й не вярнуцца
туды больш

ніколі.

СашБаш

Возьму и воскресну – то-то вам будет потеха.
А. Башлачоў

Гэта калі бракуе паветра.
Гэта калі ў горле камяк.
Гэта калі на пяць кіламетраў
   ў баку
і ў цэлым – таксама галяк.

Гэта калі прыкручаны ножкі
ложкаў.
Калі голас захрас.
Гэта калі нібыта ў апошні
раз уваходзім у спальню штораз.

Страчаны сэнсы й рамсы паблытаны.
Ноч. У сутоньні тоне адказ.
Гэта ня мы – суткамі й літрамі.
Not with your prayers.
Not “Two of us”.

Гэта ня мы малітвамі вашымі.
Гэта ня мы ў вашых шыхтах.
Гэта ня нас вы не заўважылі
ў ліку аб’ектаў вашых атак…


Чэрвень чарнее новымі стратамі.
Скончыўся джаз, вось жа, ня ваш.
Патасны пат
                      упартае партыі.
Паліць у цёмную бездань
СашБаш.

АПОШНІ ВЕРШ ЗІМЫ

Ад словаў стаміўся.
Ад гэтай пустой валтузьні.
Ад шэрай сталіцы,
ад бесьперапыннай грызьні,
мітусьні,
ад беспантовай гульні…

Стаміўся ад сьмецьця
заспаны заспамлены голаў.
І, голы,
выходзіш на лютаўскі холад,
у горад,
дзе кожны бязрытмава б’ецца
ва ўласнай расчыненай клетцы.
Да сьмерці.

Адно застаецца –
сэрцу даверыцца.


СЫН

сунуць у фортку нос
нюхаць подых вясны
ведаць: за сьценкай сьпіць
сын

добрае слова: сын
ў сына растуць валасы
ведаць: цяпер глядзіць
сны

сын гэта я сам
ў сына забіты нос
бачыць за сьценкай сын
сон

нюхаць подых вясны
ведаць: за сьценкай сон
ведаць: забіты нос
лёс

Мяжа
(Разлом)

Мяжа незваротна пяройдзеная.
Ззаду дыміцца разлом
між тым, што (закрэсьлена) Родина
і тым, што (капслокам) – лайно.

Донца глядзіцца ў ваконца.
Вядзем з апраметнай стрым.
Тралейбус “Дразды – Маконда”
чакае ў дэпо старым.

Палае нябесная лесьвіца.
Як даводзіў Хрыстос,
дзеля таго, каб узьнесьціся,
няварта ўзрываць хмарачос.

Як даводзіў Сідхартха,
прыхільнасьці гэта зло.
Сядзець ў вірасане па хатах
ды сузіраць разлом.

Зноўку камусьці патрэбныя
гэтыя песьні-рэпіты.
Хтосьці ліе кулі срэбныя,
нехта тчэ пояс шахіда.

* * *

Хочуць яны, каб мы зьехалі ўсе.
І засталася голая выспа.
Вось зажывуць тады ў шчасьці й красе!
Без экстрэмізьму ды катаклізьмаў.

Будуць араць, будаваць, праслаўляць
лад свой сьвяшчэнны, адзіна праўдзівы.
Без бчбесаў ды змагар’я,
only hardcore, толькі жоўтыя сьлівы.

Эх, пабудуюць, засеюць, праславяць
хлопцы-красаўцы, хлопцы-малойцы.
Эх, зажывуць! Эх, засьпяваюць!
Будзем глядзець з-за бугра
і зайздросьціць.

* * *

сьнежка за сьнежкай
лепяцца строфы
ды патанаюць у студні

ці-іхая ноч
дзікая ноч
вые прастуджаны студзень

горад стаіўся
горад ня сьпіць
скурчыўся ў карцарнай клетцы
зоркі мігцяць
нары рыпяць
ные бетоннае сэрца

чорная пятніца
зноў нараджаецца
ў спохватках шэрае раніцы

карнікі сьпяць
сьпяць змагары
месяц гайдаецца на ліхтары
рухнуць муры
не спыняемся!


У межах арт-праекта «Словы мацней» кожную сераду ў 20:00 на нашым ютуб-канале «Будзьма» выходзяць відэаролікі, у якіх сучасныя беларускія аўтары чытаюць свае творы.

Для каго гэты праект?

Для ўсіх, хто згубіўся ў сваім унутраным горадзе, каму не хапае энергіі, каму цяжка знайсці сілы і натхненне, каму баліць; для тых, хто не ведае, як выказаць свае пачуцці; для тых, хто верыць, і хто, ужо перастаў верыць; для тых, хто марыць, каб працягваць марыць; для тых, каму кожны дзень — змаганне, і для тых, хто перастаў ці ніколі не спрабаваў змагацца — усім-усім беларусам у Беларусі і за мяжой абавязкова для праслуховання.

Чаму?

Таму што гэтыя вершы — самы лепшы доказ таго, што словы мацней.

А яшчэ таму, што гэта сапраўднае відовішча — як аўтар чытае свой уласны твор — якое, між іншым, не так і лёгка ўбачыць ужывую ў сучасных умовах.

Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі!

Нагадаем, у першай частцы праекта «Словы мацней» сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску за культурніцкія акцыі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, чыталі творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.

Для зручнасці мы сабралі ўсе ролікі праекта ў адзін плэйліст. Раім паслухаць. 

Глядзіце яшчэ: Віталь Рыжкоў у арт-праекце «Словы мацней»: «Можа, і будзе тут іначай аднойчы, але пакуль занадта змрочна»