Калі кажуць пра “беларускае традыцыйнае” – кухню, строі, святы – перадусім маюць на ўвазе сялянскія праявы культуры. Між тым у нас ёсць шляхецкая, каралеўская, гарадская культура са сваімі звычаямі. Меркаванне “традыцыйнае = сялянскае” небеспадстаўнае: жыццё вёсак устойлівейшае да ўплываў моды, грамадска-палітычных зменаў, тэхналагічнага прагрэсу. Таму і “традыцыя” адтуль дайшла больш цэласнай. Да вяселля як у рамане “Людзі на балоце” можна ставіцца як да экспаната этнаграфічнага музея альбо як да абраду дамашняй магіі, а можна як да надзейнага спосабу злучыць два роды і згуляць цікавую ўрачыстасць. Калі вы ставіце за мэту шлюбнай цырымоніі максімальна інтэграваць людзей, якія яшчэ ўчора былі чужымі, а сёння – адна сям’я, вяселле паводле народнага звычаю – найлепшы спосаб.
Мы склалі спецыяльны слоўнік, каб вы не забыліся ні пра адзін з этапаў вялікага дзейства.
ДАПЫТЫ – першы этап сватання, калі малады просіць у дзяўчыны згоды на шлюб. Такое паняцце фалькларысты зафіксавалі ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці.
“Ці падабенькі табе мае пасталенькі?”. Даўней гэта азначала тое самае што “Ты выйдзеш за мяне замуж?”. Каб эфектна падысці да будучай нявесты, хлопец дарыў ёй пасталы – лапці з кавалка скуры. Калі дзяўчына іх прымала, значыць, “так”.
Цалкам паўтаральны звычай у сённяшніх гарадскіх умовах. Абутак у якасці падарунка, нават аўтэнтычныя пасталы, як мінімум здзіўляе.
СВАТАННЕ, МАЛАЯ ГАРЭЛКА. Тут усё ясна: “У вас тавар – у нас купец”. Сваты ехалі з боку жаніха ў дом нявесты. Усё ж традыцыйнае сялянскае вяселле – дзіця патрыярхальнай культуры, таму без згоды і бласлаўлення бацькоў абысціся не магло. Калі сям’я нявесты была супраць шлюбу, гасцям выкочвалі гарбуз, у некаторых мясцовасцях – бурак. Калі жаніх быў чаканы, накрывалі застолле. Сваты абавязкова прыносілі хлеб ці пірог і гарэлку. Па фармаце гэта было падобна на бяседу ў вузкім сямейным коле.
ЗАРУЧЫНЫ, ЗАПОІНЫ, ПЯРЭПІТЫ, ЗМОВІНЫ, ВЯЛІКАЯ ГАРЭЛКА. Адбываліся прыкладна праз тыдзень пасля ўдалага сватання. У запоінах удзельнічала ўжо больш людзей, але ўсе яны таксама былі блізкімі і крэўнымі жаніха і нявесты. Фактычна, гэта сямейнае арганізацыйнае паседжанне перад вяселлем. Тут вырашаліся ўсе пытанні, ад даты шлюбу да колькасці гасцей, а маладыя абменьваліся пярсцёнкамі. Традыцыйныя рытуальныя стравы – яечня, сыр, гарэлка.
Пасля запоінаў дзеўка лічылася “запітай” і “заетай”. Калі раптам з нейкіх прычынаў яна адмаўляла жаніху, яе сям’я мусіла вярнуць гарэлку і ўсе падарункі другому боку, інакш кажучы, кампенсаваць выдаткі.
Абрад заручынаў ёсць і ў царкве (прынамсі, у католікаў заходняга і ўсходняга абрадаў). Святар на набажэнстве абвяшчае пару нарачонымі. Калі хтосьці мае доказы таго, што гэтыя людзі не могуць быць абвянчаныя, як у амерыканскіх фільмах, мае сказаць пра гэта “цяпер альбо ніколі”.
СУБОРНАЯ СУБОТА, ВЯНКІ – апошні перадшлюбны этап вяселля. Дзяўчаты плялі вянок для нявесты, рабілі кветкавыя ўпрыгожванні, якія пазней зашпіляць дружкі і дружбанты. Канечне, усе спявалі і частаваліся. Карацей, гэта аналаг сучасных дзявочнікаў і хлапечнікаў.
КАРАВАЙ. Сёння яго часта замяняюць тортам ці замаўляць на хлебазаводах. Між тым выпечка караваю можа стаць яшчэ адным запамінальным працэсам на вяселлі. Раней каравай пяклі жанчыны са шчаслівым сямейным лёсам пад асаблівыя песні. Гэта цэлы абрад.
АПРАНАННЕ МАЛАДОЙ. Частка вяселля, якая не знікла і сёння. Сяброўкі-дружкі дапамагаюць нявесце прыбрацца, надзець вэлюм. У традыцыйных вяселлях ёсць яшчэ і ЗАВІВАННЕ МАЛАДОЙ: абрад, які ператварае дзяўчыну ў жонку. Маці жаніха расплятае ёй косы і завязвае намітку ці хустку.
ПРОВАДЫ МАЛАДОГА. Паколькі дадзены этап вяселля арганічна жыве і сёння, шмат часу яму прысвячаць не будзем. Бацькі жаніха накрываюць стол, бласлаўляюць сына, малады разам з дружынай выпраўляецца па нявесту.
ВЫКУП НЯВЕСТЫ. Таксама абрад, не забыты сучаснымі беларусамі.
ВЯНЧАННЕ. Адметна, што цягам савецкага часу, калі вянчанне замяніў роспіс у ЗАГСе, не знікла традыцыя стаяць на ручніку.
Раней вяселле гулялі тры дні! Пачыналі ў хаце маладой, заканчвалі ў маладога. Па дарозе вясельнага поезда суседзі ставілі БРАМЫ: каб праехаць, неабходна адкупіцца ці пачаставаць гарэлкай. Што б ні казалі сёння крытыкі тагачаснага ладу жыцця, у час нашых бабуль і дзядуль сям’я мела большы рэспект у грамадстве. Адпаведна, нараджэнне новай пары святкавалася з размахам незалежна ад матэрыяльнага становішча людзей. У розных рэгіёнах існавалі свае традыцыйныя забавы. Досыць распаўсюджаны, напрыклад, гэты звычай:
ЦЫГАНЫ. Гаваркога, з добрым пачуццём гумару мужчыну пераапраналі ў нявесту, а жанчыну, якая не саступала яму ў гэтых якасцях, – у жаніха. Далей гэтая парачка весяліла гасцей як магла.
У заканчэнні вяселля былі ДАРЭННЕ МАЛАДЫХ, ДЗЯЛЬБА КАРАВАЮ, ЗАВІВАННЕ МАЛАДОЙ і яшчэ адзін ўжо забыты звычай:
ПРАВОДЗІНЫ МАЛАДЫХ У КЛЕЦЬ (КАМОРУ). Сёння гэта цяжка нават уявіць. У некаторых мясцовасцях пад песні, у некаторых – без асаблівага суправаджэння пара адпраўлялася начаваць у падрыхтаваную камору. На раніцу цёткі-свашкі правяралі сарочку: ці “чэснай” аказалася нявеста.
ПІРАГІ – пасядзелкі пасля вяселля ў сямейным коле. Такое застолле, паводле даследчыкаў, рабілася на дзявяты дзень пасля ўрачыстасці. Усё ж для бацькоў і найбліжэйшых родзічаў вяселле – гэта клопаты. Цяпер, калі ўсе турботы ззаду, можна расслабіцца, спакойна адпачыць, згадаць яскравыя моманты вяселля. Дарэчы, псіхолагі сцвярджаюць, што такія вечары дужа змацоўваюць сем’і.
МЯДОВЫ МЕСЯЦ. Этнаграфічныя крыніцы пішуць, што ён у нашых продкаў быў ад 9-га да 40-га дня. Такое наша вялікае беларускае вяселле!
На фота:
выстава “Вяселле Заходняга Палесся”
ў музеі беларускага народнага мастацтва в. Раўбічы,
адкрытая да 30 красавіка
Хрысціна Марчук
Фота аўтаркі