Здараюцца знаходкі, якія, нібы прамень святла, паказваюць у цемры мінулага вельмі цікавыя падзеі.Так нядаўна паўстала нязведаная старонка летапісу Навагрудчыны, звязаная са Станіславам Манюшкам. Гэтае адкрыццё — быццам падарунак да 205-годдзя маэстра, што адзначалася 17 мая, піша Зміцер Юркевіч у «Культура і мастацтва».
На першай паласе газеты «Кур’ер Віленскі» ў 1857-м з’явіўся артыкул, што пачынаўся словамі: «Двадцать шестое мая (7 чэрвеня па новым стылі. — Заўв. аўт.) текущего года останется навсегда приятным воспоминанием для дворян Новогрудского уезда». У публікацыі распавядалася пра яснавяльможнага Мікалая Вольскага, які акурат тады адзначаў 25-годдзе бездакорнай службы на карысць дзяржавы і грамадства. Дзеяча тройчы аднагалосна пераабіралі павятовым маршалкам, што было вельмі рэдкім выпадкам. Землякі фактычна не адпускалі кіраўніка дваранства з пасады. Вольскі вылучаўся справядлівасцю, клопатам пра інтарэсы суграмадзян і ўменнем па-майстэрску вырашаць складаныя пытанні ў няпростыя часы.
Станіслаў Манюшка. Адольф Лафос, 1850
У 1857 годзе, каб публічна выказаць Мікалаю Вольскаму глыбокую пашану, навагрудская шляхта арганізавала ў гонар маршалка вялікае свята, праграма якога ўключала канцэрт і баль. Зранку яснага дня павітаць Вольскага ў яго дом адправілася абраная дэлегацыя. Пасля ўся грамада накіравалася ў касцёл Святога Міхала Арханёла.
Там адбылося ўрачыстае набажэнства. Па словах карэспандэнта, яно прайшло больш узнёсла, чым звычайна, бо «находившийся тогда в Новогрудке знаменитый литовский маэстро Станислав Монюшко играл на органе». Разам з Манюшкам выступіў віленскі аркестр. Пэўна, гэта тая самая слынная суполка аднадумцаў, якую невядомая сіла трымала ў амаль нязменным складзе каля 20 гадоў без афіцыйнага статусу і сталага заробку.
Песні рэлігійнага зместу выконваў італьянец Ахілес Банольдзі — даўні сябра і паплечнік Манюшкі. Пры дзвярах касцёла стаялі квестары (пані Ганна Гнаінская і Соф’я Вярбоўская) і прымалі ахвяраванні для рамонту храма. Удалося сабраць немалую па тых часах суму — 200 рублёў срэбрам.
Пасля набажэнства і канцэрта духоўнай музыкі свята працягнулася ў будынку былога кляштара дамініканцаў, дзе некалі вучыліся Ян Чачот і Адам Міцкевіч. Там некалькі зал падрыхтавалі для балю. Мясцовая шляхта даслала для аздаблення памяшканняў самыя прыгожыя кветкі. «...Яркое освещение, а более всего красота дам, присутствием своим украсивших собрание, изящные уборы, удовлетворявшие всем требованиям вкуса и времени года. Все это придавало неизъяснимую прелесть этому, можно сказать, семейному празднику», — пісалі ў газеце.
Касцёл Святога Міхала Арханёла
А палове на дзясятую вечара гаспадыні балю Цэліна Незабытоўская, Флора Нейгоф-Лей і Эльфрыда Гартынг сустрэлі Мікалая Вольскага — і імпрэза пачалася. Адкрыў яе ўрачыстым паланэзам аркестр графа Юзафа Тышкевіча. Калектыў таксама на некалькі дзён прыехаў у Навагрудак з-пад Вільні.
Далей былі танцы. Хто меў ахвоту падмацавацца, мог разлічваць на разнастайныя шыкоўныя пачастункі. Так свята доўжылася да гадзіны ночы, пакуль зноў не зайграў паланэз і чарада гасцей не пайшла ў залу, дзе іх чакала запозненая вячэра. На пачатку застолля гучалі віваты ў гонар маршалка, паступова сталі ўздымаць тосты і за астатніх прысутных. Потым танцы працягнуліся аж да світанку. Першыя прамяні сонца «прекратили общее веселье».
Лагічна, што Манюшка мог іграць у Навагрудку ды ваколіцах і ў іншыя дні. Наўрад ці мясцовая шляхта адпусціла б знакамітага музыканта адразу. Тым больш Навагрудчына была маэстра не чужая: адсюль паходзілі яго продкі. Захаваліся сведчанні, якія падказваюць, дзе спыніліся творцывіленчукі.
Фальварак у Брыцянцы
Неўзабаве пасля ад’езду Манюшкі ды Банольдзі іх сябра, слынны беларускі жывапісец Вінцэнт Дмухоўскі, з Брыцянкі даслаў кампазітару два лісты. У іх гаварылася сярод іншага пра асабістыя рэчы, якія Манюшка пакінуў у мастака. Гэта паказвае, дзе Станіслаў і яго кампаньён спыніліся цягам вандроўкі. У адным з лістоў была прыпіска (пэўна, жартаўлівая), што па ад’ездзе артыстаў на Навагрудак і ваколіцы абрынуліся нечуваныя беды: град і саранча спустошылі палі і лясы, падчас буры вятрак загарэўся і... агонь перакінуўся на горад. А можа, тое не жарты — і краязнаўцы адшукаюць дакументальныя сведчанні пра здарэнні чэрвеня 1857-га, справакаваныя ад’ездам Манюшкі ды Банольдзі?
Дарэчы, і сам Манюшка напісаў жонцы ліст з Брыцянкі, у якім згадаў выдатны прыём, арганізаваны навагрудцамі. Брыцянка — невялікі фальварак, што на тры гады арандаваў Дмухоўскі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя сядзіба знаходзілася даволі далёка ад гарадской мяжы. Сёння ж фальварка не існуе, бо Навагрудак, які павялічыўся ў разы, накрыў яго паўночнай ускраінай. Арыенцірам для тых, хто сёння вырашыць пашукаць мясціну, можа паслужыць маленькі гаёк на стыку вуліцы Эканомія і 4-га завулка Люсі Сячко.
Паўднёвы след
Мы маем сведчанне, што, акрамя як у Навагрудку і ў Брыцянцы, каманда Манюшкі пабывала і ў іншых мясцінах колішняга Навагрудскага ваяводства. У тым жа маі 1857 года кампазітар даслаў жонцы ліст са «слаўнага места Сяняўкі». Сёння гэта аграгарадок Сіняўка ў цэнтры трыкутніка Ляхавічы — Клецк — Ганцавічы. Блізу населенага пункта знаходзіліся маёнткі Рэйтанаў (Грушаўка), Чарноцкіх (Нача) і Яленскіх (Туча), а таксама сядзібы іншых вядомых родаў, дзе музыканты сталі б жаданымі гасцямі. Але куды і да каго Манюшка ды Банольдзі ездзілі дакладна — пакуль адкрытае пытанне.
Арганныя хоры ў касцёле
Думаецца, што Станіслаў па дарозе з Навагрудка ў Сяняўку мог зазірнуць у мясціны, звязаныя з продкамі. Акурат на шляху быў фальварак Малая Каўпеніца, дзе ў 1779 годзе пабраліся шлюбам творцавы дзед і бабуля па маці Антон Маджарскі (з тых самых гаспадароў слуцкай персіярні) і Тэафілія Алізаровіч. Музыкант мог завітаць і да маці Ігната Дамейкі ў Сачыўкі... Але гэта хіба гіпотэза.
***
Пра тое, што Станіслаў Манюшка аднойчы пабываў з канцэртам у Навагрудку, раней меліся толькі сціплыя згадкі ў прысвечанай мэтру літаратуры. У лісце да сябра, вядомага музычнага крытыка Юзафа Сікорскага, кампазітар казаў, што едзе ў Навагрудак, куды маэстра вельмі настойліва запрашае мясцовая грамада. Станіслаў пісаў пра канцэрт і жонцы, але без асаблівых падрабязнасцей. Упамінаўся візіт Манюшкі ў Навагрудак і ў лістах мастака Вінцэнта Дмухоўскага. Але толькі знаходка падрабязнай «справаздачы» аб мерапрыемстве дала магчымасць сабраць разрозненыя дэталі пазла.
Фота аўтара