Пра дойлідку Вольгу Ладыгіну, чые работы і сёння з'яўляюцца архітэктурнымі фішкамі Мінска, расказвае Салідарнасць.
Яблык ад яблыні
Сямейнае дрэва Ладыгінай цікавае: бацька яе — інжынер дарожнага будаўніцтва Барыс Ладыгін, маці — настаўніца французскай мовы Арыядна Аляксандраўская, родная сястра будучай прымы беларускай оперы Ларысы Аляксандраўскай. А дзеці нібы падзялілі бацькоўскія захапленні і таленты: сястра Радуся, Арыядна стала вядомай эстэтыцай і музыказнаўцай, у той час як Вольга з дзяцінства «марыла будаваць выдатныя будынкі, каб у іх было радасна і шчасліва жыць і працаваць».
Вольга з’явілася на свет у 1922 годзе ў Маскве, дзе тады працаваў бацька, але ўжо праз некалькі гадоў сям’я перабралася на маміну радзіму ў Мінск, дзе і прайшлі школьныя гады сясцёр. А ў 1938-м, ратуючыся ад рэпрэсій, Ладыгіны зноў з’ехалі — на гэты раз «у глуш, у Саратаў», дзе бацька ўладкаваўся выкладаць у аўтамабільна-дарожны інстытут.
Словам, да часу заканчэння школы Вольга Ладыгіна ўжо ведала, кім хоча быць — і ў 1940 годзе паступіла на архітэктурны факультэт Ленінградскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Але правучыцца ў атмасферы захопленага любавання горадам, дзе ці ледзь не кожны будынак — помнік архітэктуры, удалося ўсяго год. Усе планы перакроіла вайна.
«Прыцягнула дадому два стабілізатары і зрабіла з іх падсвечнікі»
«З жахам глядзела я на будынкі, якія гінулі, — іх яшчэ ўчора мы з трапятаннем абмяралі, спрабуючы пракрасціся ў таямніцы прапорцыі, спрабуючы зразумець прычыну іх узрушлівага ўздзеяння на чалавека», — з адчаем пераказвала першыя месяцы вайны Вольга ў лістах да родных. Зрэшты, хоць бацькі «бамбардзіравалі яе тэлеграмамі з патрабаваннем неадкладнага выезду», Ленінград яна пакідаць не хацела і адчайна шукала, чым дапамагчы ўпадабанаму гораду.
«Такія капітэлі на порціках нашага інстытута». З ліста да бацькоў, 1941 год. Фота bdantd.by
Увосень 1941-га, хаця заняткі ў інстытуце афіцыйна не былі адмененыя, большасць студэнтак працавалі санітаркамі ў шпіталях. Уладкавалася пры бальніцы імя Урыцкага і Вольга.
«Я патушыла дзве бомбы, — піша яна ў кастрычніку 1941-га, — як доказ прыцягнула дадому два стабілізатары і зрабіла з іх падсвечнікі».
Праз дзень, праязджаючы міма сваёй ВНУ, Вольга ўбачыла, што адно крыло будынка сур’ёзна пашкоджана бомбамі і пацярпела ад пажару — і выскачыла з трамвая, каб дапамагчы разабраць завалы:
«Да вечара мы разбіралі абгарэлыя і залітыя вадой чарцяжы, малюнкі, праекты ўсіх студэнтаў, якія вучыліся ў нашым інстытуце на працягу ста гадоў. Што гэта за сумная праца. Увесь двор завалены паперай на таўшчыню больш за метр. У гэтых нікчэмных рэштках корпаюцца прафесары і студэнты, выбіраючы найболей каштоўнае...»
Неўзабаве студэнтаў адправілі на будаўніцтва абаронных збудаванняў горада — Вольгу Ладыгіну прызначылі прарабам. А праз паўгода выкладчыкаў і студэнтаў эвакуіравалі па лёдзе Ладажскага возера — адправілі іх у Пяцігорск на Паўночным Каўказе, але Вольга вырашыла інакш і паехала да бацькоў у Саратаў.
Кветкі і садавіна для Мінска
Тут дзяўчына практычна пачала вучобу з нуля — паступіла ў аўтадарожны інстытут, дзе выкладаў бацька, а паралельна ўладкавалася працаваць аналітыкам ваенна-дарожнай лабараторыі. Толькі ўвосень 1944-го ў яе атрымліваецца перавесціся ў «родны» архітэктурны, на 2 курс — праўда, ужо ў Маскве.
Яе дыпломнай працай праз пяць гадоў стаў праект буйнога жылога раёна ў маскоўскіх Хімках, а ўзнагародай за выдатную вучобу — накіраванне на працу ў Мінск, дзе дойлідка пабывала неўзабаве пасля вызвалення горада і была да глыбіні душы ўзрушана разбурэннямі.
Цяпер жа ім разам з мужам, аднакурснікам Яўгенам Заслаўскім, выпала аднаўляць беларускую сталіцу.
Архітэктарка Вольга Ладыгіна з сынам і дачкой, 1964 год
Адной з першых яе беларускіх работ разам з настаўнікам, прафесарам Міхаілам Баршчом, стала праектаванне жылых дамоў у раёне вуліцы Янкі Купалы і плошчы Перамогі (ад вуліцы Казлова да Чырвоназорнай) у Мінску.
Напрыклад, якраз ладыгінскія — дамы насупраць цырка, чые фасады ўпрыгожылі кветкавыя вянкі і вазы з садавінай як зычанне працвітання і багацця.
Практычна ўсё астатняе жыццё Ладыгіна прапрацавала ў праектным інстытуце «Белдзяржпраект» — ад радавога супрацоўніка да галоўнага архітэктара. У яе творчай скарбонцы больш за 80 праектаў. Зрэшты, сухія лічбы не адлюстроўваюць палёт думкі дойлідаў, цікавей успомніць канкрэтныя яе работы.
У іх ліку — гарадскія масты праз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску і праз Днепр — у Магілёве, міні-ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы, Рэспубліканскі інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах, абласная клінічная бальніца ў пасёлку Лясны пад Мінскам, жылы дом з крамай «Сталічны» на вуліцы Якуба Коласа, а ў складзе калектыву аўтараў — ДК «Хімвалакно» ў Магілёве, рэканструкцыя галоўнага корпуса НАН Беларусі, ГЦ на Куйбышава.
Дом з крамай «Столичный»
У 1961-64 гадах Ладыгіна ўзначальвала беларускі Саюз архітэктараў — і, дарэчы, занялася капрамонтам будынка на Карла Маркса, 14, частка якога была аддадзена творчаму саюзу. Напрыклад, менавіта яна зрабіла з афіцыйнай залы пасяджэнняў утульную і вельмі стылёвую бібліятэку БСА, аж да падбору мэблі і дэталяў інтэр’еру.
Фота: city-dog.by
1972 год. Фота: bdantd.by
Сёння можна колькі заўгодна шмат называць мінскую архітэктуру «саўковай», але Ладыгіна ў свой час нямала зрабіла для культурнага абмену — брала ўдзел у міжнародных кангрэсах па архітэктуры, у складзе дэлегацыі Саюза архітэктараў СССР была на Кубе, яе праекты выстаўляліся ў Парыжы на выставе работ архітэктарак. А ў 1969-м яна стала адной з першых, хто атрымаў званне заслужанага архітэктара БССР.
«Кукуруза» без італьянскага акцэнту
Асобна варта згадаць знакамітыя «кукурузіны» — першыя каркасныя, а не панэльныя, вышынныя дамы па 18 паверхаў каля сталічнай Камароўкі. Хадзілі чуткі, што прыдумалі іх італьянцы. Але не. Аўтарам ідэі гэтых архітэктурных акцэнтаў у 1969 годзе была менавіта Вольга Ладыгіна.
Непасрэдна «кукурузіны» праектаваў архітэктар Уладзімір Пушкін, а само будаўніцтва пяці «катахаў» расцягнулася на тры дзясяткі гадоў — затое архітэктурны ансамбль сапраўды стаў упрыгожваннем горада.
Першы дом-«кукуруза» на паштоўцы 1980-х з краявідамі Мінска
І яшчэ «долар» — цагляны, абліцаваны бірузовай пліткай дом на Кульман, які нагадвае абрысамі лацінскую S (афіцыйна быў здадзены ў 1977 годзе, але старажылы сцвярджаюць, што здаваўся ён паэтапна і першыя жыхары заехалі раней).
Дом вылучаўся планіроўкай: усяго па дзве кватэры на паверсе, прасторныя ванныя пакоі, дзе пры жаданні можна было паставіць душ, кухні з выхадам на балкон.
А побач такая ж крывалінейная хата, але ўсяго на 5, а не 16 пад’ездаў — яго менчукі празвалі «цэнтам». Ладыгіна скурпулёзна планавала ўсе элементы добраўпарадкавання, і ўважліва адсочвала ход будаўніцтва, а калі было патрэбна, уносіла змены ў праект.
Фота bdantd.by
Але, мабыць, самая вядомая праца Ладыгінай — Водна-спартыўны камбінат (цяпер палац воднага спорту). Будынак палаца ў 1967 годзе быў адзначаны сярэбраным медалём на ВДНГ і ўвайшоў у спіс помнікаў архітэктуры савецкага перыяду.
Хоць наогул сама архітэктарка планавала цэлы спартыўна-аздараўленчы комплекс, праектаваннем якога яна займалася амаль чвэрць стагоддзя. Нажаль, гасцініца, тэнісныя корты, адчынены плавальны басейн і іншыя часткі праекту пры жыцці аўтара так і не з’явіліся.
Водна-спартыўны камбінат у 1960-я і Палац воднага спорту цяпер
Фота з беларускага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі
У 1992 годзе ў вёсцы Доры Валожынскага раёна быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Загінулых чакаюць вечна» ў памяць мірных жыхароў, спаленых у мясцовай царкве ў гады Другой сусветнай вайны — над ім Вольга Ладыгіна працавала сумесна з архітэктарам Станіславам Федчанкам і скульптарам Мікалаем Кандрацье.
Памерла архітэктарка ў 2008 — а яе працы і сёння жывуць, стаўшы часткай Мінска і іншых беларускіх гарадоў.