14 кастрычніка 2017 года ў Карсакавіцкім СДК, што на Барысаўшчыне, адзначалі Дзень Маці і Пакровы. На сустрэчу з землякамі прыехала паэтэса Вера Буланда. Шмат добрых і цёплых слоў гаварылася і спявалася пра самага дарагога ў жыцці кожнага з нас чалавека – маму. Выступы госці перамяжоўваліся песнямі і вершамі карсакавіцкіх самадзейных артыстаў. Спадарыня Буланда, распавёўшы гісторыю жыцця роднай матулі, прачытала свае вершы і вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя мамам:
Ласкавым позіркам матулі
Пад вейкі зазірае сонца,
Нібы мяне дамоў вярнулі,
І так хачу, каб сон быў моцным.
І так жадаю зноў прачнуцца
Ад дотыку далоні маці,
Абняцца з ёй, ёй усміхнуцца
І босаю прайсці па хаце.
А потым разам завіхацца
Ля печы, у двары і ў пуньцы,
О, як бы слухала я маці,
Калі б не ў снах дамоў вярнуцца.
Нельга ж было ў такі сонечны (а сонца, насмрэч, грэла і зямлю, і людзей) дзень не распавесці і пра Святыя Пакровы – праўда, у народнай традыцыі адбываецца пераасэнсаванне ідэі пакрывання: “Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом”, “Святы Пакроў стагі пакрыў: першы стажок дранічкамі, другі стажок саломкаю, трэці стажок белым снегам”. Лічылася, што да гэтага дня трэба цалкам завяршыць сельскагаспадарчыя работы. Калі да Уздзвіжання ўвесь ураджай з поля павінен быць сабраны, то да Пакроваў — схаваны (закрыты). Пасля 14 кастрычніка зямлю зусім не чапалі. У народзе лічылася, што зіма закрывае лета, а Бог запячатвае зямлю, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў.
Дай жа ты рады і справядлівасці –
Рыба луской, птаха пер’ем пакрыта.
Хопіць у Бога павагі і літасці –
Дзеўка ў Пакровы з вяночкам прапіта.
Едуць-паедуць на тройцы прыданачкі,
Іх сустракаюць сяброўкі са смехам,
Што і спадніцы ў іх, бачыш, падраныя,
“Твары мурзатыя вымыем снегам“.
Так пажартуюць, пакпяць і здаволяцца,
Песняй паправяць, прадоўжаць вяселле,
Шчасця назычаць Ігнату і Волечцы,
Каб усяго, што хацелася, мелі.
Жыту ў засеках – не пераводзіцца,
Дзіцятку каб нараджацца здаровым,
А праз гады на вяселле, як водзіцца,
Клікаць гасцей на Святыя Пакровы.
Вера Аляксандраўна разам з усім нагадала прысутным у зале СДК пра незвычайны год – 500-годдзе кнігадрукавання. Распавяла пра славутага нашага земляка Францыска Скарыну, яго пачэсную справу – кнігадрукаванне для свайго народа.
Усе ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымалі ў падарунак торбачкі, майкі, паштоўкі.