Час ад часу сустракаю з работы сяброўку і, адпаведна, праводжу дахаты, а бывае так, што даводжу сяброўку дахаты, потым яна мяне, а потым я зноў праводжу яе. Ніяк не направаджаемся. Вось і сёння ідзем праз гарадскі парк ў чарговы праваджальны шпацыр, ледзьве перастаўляючы ногі. Нікуды ўжо бегчы не трэба. Дзень скончаны. Раптам нас абганяе лань, умоўна кажучы, ці казуля — даўганогае маладое дзяўчо. І што мы пачынаем, любуючыся бездакорнай постаццю? Вядомая справа — абгаворваць.
— Але ж яна і хлопцаў мяняе, — ляніва каментуе тоненькую фігурку, якая хутка аддаляецца, сяброўка.
— З такой знешнасцю чаму і не мяняць, — павольна цягну ў адказ.
— Яна прыгожая, канечне, але нейкая як нежывая, — без энтузіязму спрабуе ўступіць у спрэчку мая суразмоўца. Не паддаюся, а наадварот, пагаджаюся:
— Так, зімная, нібы сняжынка. Я зазірнула аднойчы ёй у вочы, там — пустэча. Калісьці ў горадзе была такая ж страйнюткая, але вочы мела цёплыя, мядовыя. Памятаю, калі здымалі кіно, яна сустракалася з артыстам К. Вельмі добра яго разумею..
— Якое кіно?
— Там Сідзіхін яшчэ граў. Мне знаёмы журналіст, можна сказаць, падараваў навіну, што артысты прыехалі, і я адразу падарвалася ў горад. Калі сустрэла ля гатэля незнаёмага мужчыну, упэўнена скіравалася да яго, бо незнаёмы, значыць, сто адсоткаў іншагародні. Гэта аказаўся памочнік рэжысёра. Пытаюся, ці можна крыху інфармацыі для анонса ў газеце. Ён просіць:
— Чакайце!
І накіроўваецца ў найбліжэйшы склеп. А я была з дачкой, яшчэ тады зусім малой, 10 гадоў, не больш. Выходзіць памочнік з бутэлькай і шакаладкай. Дачка недаверліва на мяне пакасілася. Але піць я не збіралася: 11 раніцы, спякота. Божа барані! Пайшлі ў гасцінічны нумар. Памочнік выставіў прысмакі на сярэдзіну круглага стала. А я, не звяртаючы ўвагі на пачастунак, задаю пытанні. Памочнік разгублена адказвае. Старанна робіць выгляд, быццам водкі, якая тырчыць і прымагнічвае позіркі, не існуе. Водка награваецца. Шакаладка плавіцца. Ніхто іх быццам не заўважае. Мне смешна. Крыху памочніка шкада. Я клянуся, што калі б нават без дачкі была, то не піла б з ім. Вось калі б гэта быў Сідзіхін…
Яўген Сідзіхін і Генадзь Аўсяннікаў у Смаргоні. Май 2002 г.
Бо Сідзіхін, як высветлілася падчас інтэрв’ю, павінен граць у фільме галоўнага героя. Расказаў памочнік і пра тое, што першапачаткова на ролю Сідзіхіна запрашалі Сяргея Бадрова-малодашага. Нешта ў яго не атрымалася. Можа, каб ён прыехаў да нас, дык не загінуў бы ў гарах Каўказа праз некалькі месяцаў пасля таго, як у Смаргонях пачаліся здымкі.
Раніцай назаўтра спяшаюся на працу з гатовым анонсам праз скверык ля гатэля. Цішыня, бязлюддзе, і толькі адзінокая фігура насустрач. У дзіўным строі. Нягледзячы на лета фігура ў паліто і шырачэзных портках. Фігура наблізілася, бачу — Яўген Сідзіхін уласнай персонай! У адзенні пасляваенных часоў, якія павінныя адлюстроўвацца ў стужцы з рабочай назвай “Лялька”. Пра разведчыка. Па сфабрыкаванай справе ў якасці меры пакарання ён трапляе “манекенам”, “лялькай” у курсанцкую школу пры НКВД для адпрацоўкі баявых прыёмаў. Кажуць, акцёру так спадабаўся сцэнар, што ён адмовіўся ад чарговага фільма Эльдара Разанава, і потым сто разоў пашкадаваў.
Я зусім інакш Сідзіхіна ўяўляла сабе, кімсьці накшталт Тэрмінатара. Бо была ўпэўненая, што Сідзіхін — Мужчына з вялікай літары. Узяць ягоныя ролі: таго ж надзвычайнага, гіперсэксуальнага чыгуначнага качка Гошу-насільшчыка ў “Прорве”, ці адчайнага зэка Зубека, які бесперапынна рваў дзягу і піў не п’янеючы ў “Мама, не бядуй”, ці заводскага асілка Ігната ў фантасмагарычнай стужцы “Дзеці чыгунных багоў”. Аднак “зорка” аказалася значна мініяцюрнейшай, чым падавалася на экране. Кажуць жа, што тэлевізар павялічвае чалавека на 9 кг. І, напэўна, выцягвае ў вышыню на 9 см. Бо мне здалося, што Сідзіхін і ростам ніжэйшы, чым можна ўявіць па экранных выявах. Яшчэ гэтае паліто грувасткае і непамерныя штаны. Адназначна не Шварцэнегер!
Здароўкаюся, ён крыху здзіўлена вітаецца. Пытаюся, ці можна сфатаграфаваць. Для анонса такой падзеі фотакартка абавязкова прыкладаецца да артыкула. Ён адказвае, што менавіта цяпер едзе на здымкі ў Гальшаны — вёску, дзе захаваліся пасляваенныя дамы. А вечарам каб прыходзіла ў 7.
Трэба адзначыць, фотаапарат у рэдакцыі быў адзін, маркі HP. Рэдактар з Амерыкі прывёз, такога дзіва яшчэ ніхто не бачыў у Смаргонях, як лічбавы фотаапарат. Дзіва дзівам, але калі ім карыстаюцца ўсе пяць журналістаў, літаральна вырываючы адно ў аднаго з рук, што няма часу зарадзіць батарэйкі, дык да сямі вечара ён амаль поўнасцю разраджаны дастаўся мне. Добра, што наогул дастаўся. Пастукваючы батарэйкамі адна аб адну (народны спосаб вярнуць батарэйкам хоць на крышачку жыцця), я пабегла да месца сустрэчы з артыстам. З нашай бухгалтаркай Н., бо па дарозе было. Прылятаем, хутка і аўтобус са здымачнай групай падкаціў. Сідзіхін выходзіць. Ужо інакш апрануты: у ватоўцы і гумовых ботах. Я — здымаць. Яўген шчыра пазіруе, гумарыстычна задзіраючы нагу, нібы ў хадзе, а фотаапарат, сволач такая, не рэагуе на нашыя з Сідзіхіным намаганні! Батарэйкі селі, і я ледзь не плачу. Сідзіхін злы сыходзіць у гатэль, раздражнёна кінуўшы ў мой бок: “Яшчэ журналіст называецца”. Уся здымачная група суцяшае: “Ён гарачы, але адыходлівы”. Асабліва спачувае Генадзь Аўсяннікаў, вядомы беларускі актор кіно і купалаўскага тэатра, нават застаецца разам са мной і бухгалтаркай. Знаёмімся.
— Ты хто? — пытаецца Аўсяннікаў у бухгалтаркі.
— Бухгалтарка.
— А ты? — пытанне да мяне.
— Сястра бухгалтаркі, — адказваю, жартуючы з адчаем шыбеніка.
Мы п’ем слоікавае піва, якім частуе Аўсяннікаў. Я не веру ў чалавекалюбства піцерскай зоркі Яўгена Уладзіміравіча Сідзіхіна. Генадзь запэўнівае, што Сідзіхін абавязкова выйдзе. Абяцае ў крайнім выпадку схіліць артыста да здымка, карыстаючыся перавагай старэйшага. Яго не здзіўляе, што бухгалтарка з сястрой кроў з носа павінныя фатаграфаваць для газеты. І неўзабаве той, каго ўсхвалявана чакалі, выходзіць. У саколцы і якасных трэніках артыст выглядае шмат мужнейшым, чым у вінтажным кіношным адзенні. Я штурхаю Аўсянікава:
— Вы ж абяцалі — прасіце!
Аўсянікаў кідаецца да Сідзіхіна:
— Жэня! Тут бухгалтарка і сястра бухгалтаркі надта хочуць цябе сфатаграфаваць. Добрыя такія дзяўчаты! Не адмаўляй, Жэня!
І, о дзіва, Жэня злітаваўся. Батарэйкі гэтым разам не падвялі, нездарма я ўсё ж такі стукала і стукала імі ўвесь час пакуль мы чакалі Яўгена, калі мы піва пілі.
Кіно здымалі амаль усё лета, але больш я Сідзіхіна не сустракала. І было крыху шкада, калі ўсё скончылася і група з’ехала. Але ў канцы жніўня мы з дачкой пайшлі на рэчку Віллю за горад купацца і раптам бачым — што такое? З моста ўніз вялізныя махнатыя хвасты павіслі, нязвыклы на мосце натоўп і аўтобусы, а прыпынку тут не было ніколі. Раптам я здагадалася:
— Кіно здымаюць! Пабеглі!
І мы, як былі мокрыя, рванулі туды, дзе мітусня і мікрафоны звісалі з моста, а ніякія не хвасты. Падлятаем, бачым, як нехта карцінна плыве па рацэ, потым хістаючыся выходзіць на бераг, аблеплены кашуляй і споднікамі. Дык гэта ж Сідзіхін! Вось дык цуд! Я мокрая паздароўкалася з мокрым артыстам, ён муркнуў у адказ. Артыста клапатліва абгарнулі ручнікамі і павялі ў аўтобус. Высветлілася, што эпізод з заплывам “запаролі”, на шчасце цікаўных адпачывальнікаў, якія пасля здымак доўга шукалі свае посцілкі па прыбярэжных кустах. Бо пакуль адпачывальнікі назіралі за кінапрацэсам, асістэнты рэжысёра хуценька зрабілі бераг дзікім і голым, як таго патрабаваў сюжэт, закінуўшы пляжныя рэчы чым далей ад вады. Дагэтуль не разумею, чаму мне так карцела сустрэцца з Сідзіхіным яшчэ раз. Нічога я не адчула такога асаблівага побач з ім, што абяцаў экранны супермужчынскі вобраз.
А вось героі Юрыя Назарава не абяцалі, аднак шкада, што толькі аднойчы давялося пабачыцца. З ім неверагодная сустрэча адбылася ўзімку на некалькі гадоў раней, у 98-м. Як і Сідзіхін, Юрый Назараў прыехаў у Смаргонь на здымкі стужкі, вядомая справа. “Санта Лючыя”, але я не глядзела. Не глядзела толкам і тую “Ляльку”, якая ў пракат выйшла з безаблічнай назвай “Паміж жыццём і смерцю”. Толькі дзеля смаргонскіх краявідаў уключыла і знаёмую ўбачыць. Яна гандляркай на кірмашы павінная была крычэць:
Генадзь Аўсяннікаў са слоікавым півам ля гасцініцы “Смаргонь”
— Купляйце цыбулю! Купляйце цыбулю!
І трэба ж, каб сцэна ў самым канцы фільма. Ледзьве дачакалася, бо кіно круцілі ноччу, няўдалае таму што. Проста абы-што, а не кіно.
На момант сустрэчы з Юрыем Назаравым я ў газеце яшчэ не працавала. Таму нічога пра артыстаў у горадзе не ведала. І калі мы вечарам з сяброўкамі вярталіся дамоў, я невядома з якой нагоды пасунулася ў краму, хоць і не збіралася хвіліну таму. Дзяўчаты цікавяцца:
– Куды цябе чорт панёс?
А я не адказваю. Нібы зомбі падымаюся па прыступках, уваходжу ўнутр і быццам пад каріўніцтвам невядомай моцы накіроўваюся ў кілбасны аддзел. Ніякай кілбасы мне не трэба. Проста рухаюся да нейкай пэўнай мэты ў бясконцай чарзе. Тады, напрыканцы дзевяностых, па крамах былі натоўпы, калі што выкідалі. Але мяне прыцягнула не ежа, а нешта такое.. Аб чым як нельга лепш напісаў амерыканскі паэт Рыд Віццемор:
Нечто более темное, что имеет
отношенье к сценариям и к искусству
и к неискусству.. Нечто такое,
что гораздо темнее, гораздо глубже,
чем любая из этих вещей.
(Перевод Иосифа Бродского)
Чалавек, міма якога я праціснулася да вітрыны з кілбасой, ціхенька заспяваў над маім вухам знаёмым голасам. Задзіраю галаву, у твар яму гляджу. І не разумею, чаму не вітаюся, бо такі знаёмы твар. Адкуль знаёмы, не адразу разумею. Стаіць пажылы (зараз глянула ў Вікіпедыі: 37-га года нараджэння, аднагодак таты) мужчына ў раскошным белым кажуху і шапцы кудлатай футравай з развязанымі вушамі. Прыцягальны сваёй вясковай старажытнасцю нязвыклы строй! Ласкава глядзіць у вочы, працягваючы выводзіць мелодыю, не расціскаючы вуснаў, і пасміхаецца. У мяне падкасіліся калені. Такое са мной адбывалася лічаныя разы. І ніколі я не давала сабе волі на гэтым заасобіцца. З цягам часу прайшло. Ці больш я не сустракала мужчын, якіх адчуваеш яшчэ з вуліцы, што яны стаяць у краме за кілбасой і прымагнічваюць. Карацей, цвяроза патлумачыла сабе, што ўсхвалявалася тым фактам, што артыст. Цяпер разумею — справа была не ў гэтым. Не толькі ў гэтым.
Я да сябровак:
— Там артыст!
— Які?
— Не ўспомню прозвішча. Кантужанага ваенрука ў “Люстэрку” Андрэя Таркоўскага граў. Яшчэ бацьку-алкаголіка Веры ў “Маленькай Веры”.
Усёй грамадой праводзілі Юрыя Назарава да гасцініцы. Я крыху супакоілася, але размаўляць усё роўна не магла з ім. Сяброўкі ўдала вялі гаворку і без мяне. Ішла ззаду, думала: якая моц да яго павяла? Што гэта было?
У адным з інтэрв’ю Людміла Гурчанка падзялілася цікавым назіраннем: ёй заўсёды падавалася, нібыта Роберт Дэ Ніра — сапраўдны мужчына. Мачо. А вось Рычард Гір нібыта не выпраменьвае нічога мужчынскага. Калі ж у свой час пазнаёмілася з абодвума, дык высветліла з дакладнасцю да наадварот: побач з Дэ Ніра мужчынскасць не адчуваецца наогул, а вось Гір ажно іскрыцца абаяльнасцю і прывабнасцю.
Атрымліваецца, экран не толькі павялічвае аблічча, але і падманвае наконт мужчынскасці. Праўда, у лічаных, асаблівых выпадках. Бо сябровак маіх Назараў не ўразіў. Прынамсі, далёка не так моцна, як мяне. Стройнай тэорыі не атрымалася. Ну і хер з ёй!
Здымкі аўтарскія з фотаархіва “Новай газеты Смаргоні”