• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
25.12.2018 | Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

“Панэльныя дамЫ фармуюць панэльнае мысленне”: важнасць драўлянай архітэктурнай спадчыны

Гомельшчына здавён славіцца багатай традыцыяй драўлянага дойлідства. Але ўсё болей дамкоў, што маглі б стаць упрыгажэннем таго або іншага горада, знікае. Прычыны гэткай абыякавасці да ўласнай спадчыны і падмены хай-тэку архітэктурным стылем “хай-так” абмеркавалі 16 снежня ўдзельнікі ток-шоў у Рагачове, які зладзілі культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA.

Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Яўген Малікаў: “Мы страцілі пачуццё прыгожага, уласцівае нашым продкам”

Наяўнасць вялікай колькасці даступнай і таннай драўніны на Гомельшчыне абумовіла ў свой час росквіт драўлянага дойлідства. У выніку дамы з багатым дэкорам будавалі сабе не толькі сяляне ў вёсках, але і досыць заможныя людзі ў гарадах. На сённяшні дзень даследнікі вылучаюць у гэтым рэгіёне ажно чатыры асобныя традыцыі драўлянай архітэктуры, адзначыў спікер ток-шоў, гісторык і кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў.

“Часта лічаць, што багаты разьбяны дэкор — вынік выключна ўплыву старавераў, якія пасяліліся ў нашых краях. Але насамрэч тут перамяшаліся самыя розныя традыцыі: штосьці бралася ад драўлянага барока, штосьці – ад традыцыйнай беларускай школы, дзесьці ўзоры прыўносілі стараверы, а ў іншых хатах можна дакладна разгледзець знакі і сімвалы са значна большай гісторыяй, якія сягаюць яшчэ ў дахрысціянскія часы. Менавіта такое спалучэнне і дало ў выніку тую ўнікальную спадчыну, якую мы на сённяшні момант страчваем. Прычым страчваем па ўласнай віне”, — адзначыў даследнік.

Прычыны, з якіх у большасці гарадоў знікаюць старыя дамы з прыгожымі фасадамі, на думку спікераў, палягаюць у неразуменні іх адметнасці. Савецкая ўлада дзесяцігоддзямі ўсяляк насаджала думку, што на руінах старога свету варта пабудаваць новы і сэнсу чапляцца за мінуўшчыну няма. Ігнараванне гісторыкамі і архітэктарамі гэтага пласта нашага культурнага здабытку прывяло да малавывучанасці і недастатковай папулярызацыі архітэктурных адметнасцяў. Але абыякавасць да ўласнай культуры застаецца і сёння. Гарадскія ўлады не бачаць сэнсу захоўваць старыя будынкі і прагнуць узводзіць як мага больш панэльных гмахаў. “Але панэльныя дамы фармуюць панэльнае мысленне”, — заўважае Малікаў. Жыхары такіх дамоў стаміліся чакаць ад чыноўнікаў нават звычайнага побытавага камфорту. Так, некаторым гаспадарам абяцаюць правесці той жа газ яшчэ з часоў Хрушчова. У выніку дамы працягваюць знікаць адзін за адным.

Яўген Малікаў

Яўген Малікаў

Яўген Малікаў адзначыў, што пэўныя змены адбыліся ў другой палове 1990-х. Калі ў першай палове “ліхога” і няпростага дзесяцігоддзя асобныя майстры яшчэ выраблялі дэкаратыўныя элементы, афармляючы свае дамы, то пазней раптоўна перасталі гэта рабіць. Прычына можа быць у тым, што знешняе, узаемадзеянне праз уласны дом і архітэктуру з іншымі, перастала адыгрываць істотную ролю для беларусаў. Усе заглыбіліся ў сябе і свае праблемы і перасталі весці дыялог зсуседзямі і суайчыннікамі – як у штодзённым жыцці, так і праз архітэктуру.

— Я перакананы, што ў плане візуальнага ўспрыняцця нашых гарадоў мы страцілі пачуццё прыгожага, уласцівае нашым продкам, – лічыць Яўген Малікаў. – Усё часцей новыя дамы ў нас будуюць без уліку наваколля, у які ён мае ўпісвацца. Мы ўсё менш увагі надаём дэталям, што робяць нас адметнымі і цікавымі як нам самім, так і іншым. Нашыя вуліцы запоўненыя візуальным смеццем у выглядзе рэкламы самых розных формаў і відаў. Мы гатовыя з радасцю збіць усе старыя элементы на драўляных хатах, на сам выраб якіх нашы прадзеды затрацілі не адзін дзясятак гадзін, каб замяніць усё гэта сайдынгам кіслотнага колеру. У выніку нашыя гарады не маюць або ўжо страцілі ўнікальнае аблічча, і нам часта бракуе таго, што можна паказваць турыстам. А спрашчэнне густаў у архітэктуры вядзе да прымітывізацыі густаў і ў іншых сферах, у выніку бяднее культура – і асабістая, і нацыі.

Калі няма магчымасці захаваць дамы і кампаніі гарадскіх актывістаў не даюць плёну ў гэтай сферы, то варта прынамсі фіксаваць драўляную архітэктуру на фотаздымках, лічыць эксперт. Важнасць гэткіх “палявых” даследаванняў з фотаапаратам у руках пацвердзіў і настаўнік і краязнаўца са Збароўскага садка-ясляў Андрэй Чарняўскі:

— Калі ў 2008 г. спадар Малікаў падчас візіту ў Рагачоў паспеў зафіксаваць яшчэ каля 100 вядомых усім нам дамоў, што мелі адметны разьбяны дэкор, то цяпер абсалютнай большасці тых хатаў і архітэктурных элементаў элементарна няма. Яны засталіся толькі на фотаздымках, і ўжо гэта – здабытак для нашчадкаў, раз нам не ўдалося адстаяць частку нашай гісторыі.

Андрэй Чарняўскі

Андрэй Чарняўскі

На жаль, шматлікія ўзоры на старых хатах ужо не паддаюцца расшыфроўцы, бо жывыя носьбіты традыцыі зніклі. Але на аснове разнастайных звестак этнолагаў, археолагаў і гісторыкаў-краязнаўцаў у дзіўных формах разьбянага дэкору ўсё часцей счытваюцца матывы “сусветнага дрэва”, цмокі, ахоўныя сімвалы нашых продкаў.

Даследаванні драўлянага дойлідства Усходняй Беларусі могуць прыводзіць і да рэальных спробаў захавання нашай спадчыны.

Сучасныя тэхналогіі на дапамозе архітэктурнай спадчыне

Сяргей Ляпін – архітэктар па адукацыі, краязнаўца і грамадскі актывіст з Гомеля, які прадэманстраваў прысутным на ток-шоў рэальныя спосабы захавання драўлянага дойлідства рэгіёна.

Яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце Сяргей распрацаваў праект цэлага раёна старой забудовы ў цэнтры горада, які мог бы стаць адметным турыстычным аб’ектам Гомеля.

“Праект палягаў у тым, каб сабраць найбольш каштоўныя ўзоры традыцыйнага драўлянага дойлідства нашага горада ў адным месцы. Пры гэтым важна было захаваць як мага больш арыгінальных дэталяў, але, зразумела, істотна адрамантаваць і рэканструяваць тое, што сапсавалася за дзесяцігоддзі. Істотна і тое, што гэтыя дамы ў цэнтры горада не мусяць быць помнікамі самім сабе – іх варта аддаваць бізнесоўцам, грамадскім ініцыятывам, творцам самых розных кірункаў. Тады ў цэнтры нашага горада быў бы кампактны раёнчык, дзе віравала б жыццё – месціліся б кавярні, мастацкія галерэі, сувенірныя крамы, бары ці майстэрні рамеснікаў”, — адзначыў эксперт.

Гомельскія ўлады пакуль не выказалі жадання ствараць такі аб’ект, але грамадскія актывісты не губляюць надзеі, што ў перспектыве гэта можна будзе рэалізаваць. А да таго часу ў абласным цэнтры працягваюцца і наўпроставыя акцыі па выратаванні каштоўных узораў нашай гісторыі. Так, гісторыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ладзілі цэлы шэраг кампаній па абароне традыцыйнага дойлідства ад разбурэння. У выніку дамы па вул. Парыжскай Камуны і Валатоўскай займелі статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У іншых выпадках нават ладзіліся акцыі па выратаванні асобных дамоў. Хата, у якой, паводле гарадской легенды, жыла ў апошнія гады свайго жыцця Ірына Паскевіч, была разабраная і перавезеная ў іншае месца выключна сіламі зацікаўленых у захаванні нашай культуры актывістаў. Цяпер будынак чакае магчымасці быць адноўленым у іншым месцы цэнтра нашага горада.

“Але ж можна прыгадаць і больш лакальныя акцыі, — адзначае Сяргей Ляпін. — Так, мы здолелі аднавіць і адрамантаваць фасад аднаго са старых дамоў у нашым горадзе. І шмат для гэтага не трэба было – проста трохі фарбы, працы цесляра і фізічнай працы аматараў нашай гісторыі. Гэта паказвае, што пэўныя рэчы мы здольныя зрабіць ужо сёння, і гэта дае ўцямны сігнал іншым гараджанам: у іх горадзе ёсць адметнасці, за захаванне якіх варта змагацца”.

Сяргей Ляпін

Сяргей Ляпін

Для збору інфармацыі пра найбольш яскравыя прыклады традыцыйнага драўлянага дойлідства Беларусі быў створаны сайт drewa.by. Яго адметнасць у тым, што дадаць аб’екты ў скарбонку нашай архітэктурнай спадчыны на ім можа кожны ахвотны. Для гэтага хопіць усяго пары фотаздымкаў, прывязкі да мапы і запаўнення невялічкай анкеты. Актывісты заклікалі карыстацца гэтым сэрвісам як мага актыўней, бо мапа Беларусі тут яскрава паказвае, што ў заходніх кутках нашай краіны людзі змагаюцца за захаванне дамоў са значна больш бедным разьбяным дэкорам і ўпрыгажэннем, чым у населеных пунктах Гомельшчыны. “Нам мусіць быць сорамна, што мы ў Гомелі, маючы значна багацейшую традыцыю драўлянай забудовы, дагэтуль мала заўважаем яе і не хочам абараняць, хоць людзі ў іншых месцах шануюць нават больш лаканічныя збудаванні”, — адзначыў Сяргей Ляпін.

Падчас ток-шоў эксперты паспелі адказаць на цэлы шэраг пытанняў пра магчымасці захавання і адраджэння нашай драўлянай спадчыны. Варта адзначыць, што рагачоўскія краязнаўцы працуюць над стварэннем уласнага сайта, які будзе збіраць звесткі пра гісторыю і культуру рэгіёна. Вядома ж, драўляная архітэктура Рагачоўскага раёна зойме там пачэснае месца.

Яўген Меркіс

Фота – Андрэй Стрыжак


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

У Беларусі хутка з'явіцца кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гродзенцаў

У красавіку выйдзе з друку кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гарадзенцаў «Ніколі болей», — паведаміў Андрэй Янушкевіч...

valiancina_shauchenka
Тэатр

Па старонках памяці. Гісторыя і традыцыі тэатральнага мастацтва Беларусі

Сёння, 27 сакавіка, у свеце адзначаюць Дзень тэатра. У беларускага тэатральнага мастацтва найбагацейшая гісторыя...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Стартуе падкаст «Супердудко»: Наста Грышчук густоўна не пагаджаецца з наяўным

Выйшла пілотная серыя падкасту «Супердудко», — паведамляе «Літрадыё». Крытык Наста Грышчук п’е таматны гозэ і ўспамінае...

valiancina_shauchenka
Краіна

«Увага, стукач!» Беларусы звязаліся з даносчыкамі на пратэстоўцаў 2020-га і знялі фільм

Што можа быць больш сумным і дзікім за даносы беларусаў на іншых беларусаў? У 2020 годзе гэта было нормай, на жаль,...

Апошнія навіны

    Літаратура
    У Беларусі хутка з'явіцца кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гродзенцаў
    Тэатр
    Па старонках памяці. Гісторыя і традыцыі тэатральнага мастацтва Беларусі
    Літаратура
    Стартуе падкаст «Супердудко»: Наста Грышчук густоўна не пагаджаецца з наяўным
    Краіна
    «Увага, стукач!» Беларусы звязаліся з даносчыкамі на пратэстоўцаў 2020-га і знялі фільм
    Грамадства
    У Вязынцы вясну гукалі. І нагукалі! Шмат фота
    Мастацтва
    Таша Кацуба. Мяккая зброя
    Гісторыя Літаратура
    Мікалай Гусоўскі і «Песня пра Зубра»
    Гісторыя
    Першая ў старадаўняй Беларусі жанчына-лекар. Лёс і вандроўкі Саламеі Русецкай
    Грамадства Літаратура
    Бяляцкі гаворыць пра нацыянальнае прымірэнне, падымае іншыя дыскусійныя тэмы не пад прымусам, а з-за сваёй інтэлектуальнай смеласці
    Грамадства «Музыка»
    Музыку Фёдара Чаранкова арыштавалі на 15 сутак
    Каляндар
    Каляндар з 27 сакавіка па 2 красавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Мастацтва Беларусы свету
    Выстава пад знакам Пагоні ў Нью-Ёрку
    Замежжа
    Гайд па беларускай Вільні: усё, што трэба мігрантам з Беларусі
    Грамадства
    Упершыню ў беларускага горада з’явіліся свае духі. Гэта Брэст
    Культура
    Песням-вяснякам навучаць усіх жадаючых у Веткаўскім музеі стараверстваў і беларускіх традыцый

Афіша

  • 28.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Прэзентацыя беларускага перакладу «Дзьмухаўцовага віна» Рэя Брэдберы у Мінску

  • 27.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 27.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 27.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 27.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 27.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 27.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 27.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Як, дзе і калі беларусы свету будуць адзначаць Дзень Волі
    • Ва Украіне з’явіўся сайт пра тое, чаму ў Беларусі ўсё так і беларусы такія
    • Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    • Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні
    • Што вядома пра серыял пра Уладзіміра Мулявіна «За паўгадзіны да вясны», трэйлер якога з’явіўся ў сеціве?
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип