Офіс па правах людзей з інваліднасцю працуе каля 8 гадоў. Штогод сюды паступае каля 1000 зваротаў. І гэты паток пытанняў, скаргаў, крыкаў аб дапамозе не змяншаецца. Кіраўнік праваабарончай арганізацыі Сяргей Драздоўскі распавёў budzma.by пра самыя балючыя моманты з жыцця людзей з інваліднасцю ў нашай краіне.
Сістэма корміць сама сябе
— Сяргей, назавіце тры самыя балючыя кропкі ў сітуацыі з правамі людзей з інваліднасцю на дадзены момант.
— Першая: у чалавеку з інваліднасцю не бачаць суб’екта, з якім трэба лічыцца. Дапамога і нейкія зрухі ў абароне нашых правоў дагэтуль адбываюцца не праз павагу і раўнапраўе, а таму, што хтосьці праяўляе «міласэрнасць». Сістэма сёння настроеная такім чынам, што інваліднасць — гэта абавязак чалавека. На адной нарадзе высокапастаўлены чыноўнік з Міністэрства аховы здароўя на маё пытанне: «Дык што, я не магу адмовіцца ад інваліднасці?» — так і сказаў: «Не можаце!».
Сёння кожны чалавек з інваліднасцю — гэта маленькі кранік, праз які дзяржава пампуе свае фінансы, таму што практычна ўся дапамога і рэабілітацыя — дзяржаўная. То бок, па сутнасці, сістэма корміць сама сябе, а не тых, на каго накіраваная дапамога.
Другая: дыскрымінацыя. Адна з самых тыповых фраз, якую мы чуем: «Пра якіх інвалідаў вы кажаце, калі тут здаровым людзям працы не хапае!». Відавочнае размежаванне на «людзей» і «нас».
Трэцяя: пазбаўленне дзеяздольнасці людзей, у прыватнасці, у псіханеўралагічных інтэрнатах. І самі інтэрнаты.
— Але ёсць жа рэальныя эканамічныя разлікі, што калі заняць у эканоміцы 560 тыс. людзей з інваліднасцю, будзе лепш усім. Чаму гэта не ўлічваюць для паскарэння рэформаў?
— На самай справе гэтыя 560 тысяч людзей ужо занятыя ў эканоміцы, яны атрымліваюць пенсію па інваліднасці, розныя выплаты, якія вяртаюцца дзяржаве ў выглядзе ўскосных плацяжоў. Эканамічна гэтыя людзі задзейнічаныя. Іншая рэч, што яны, па вялікім рахунку, несамастойныя і жывуць на мяжы жабрацтва, асабліва людзі з II і III групай інваліднасці. Дзяржава кажа: «Паглядзіце, колькі ільгот, сацыяльных паслуг для вас!». Толькі гэта ж не бясплатна, дадзеныя паслугі аплачваюцца з бюджэту, на нашыя падаткі. Але наколькі яны эфектыўныя і адказваюць нашым патрэбам? Вось у чым галоўнае пытанне. У адказ дзяржава нам кажа: «Вашае права: хочаце — карыстайцеся такімі паслугамі, хочаце — не». Але гэта не права, а адсутнасць правоў і альтэрнатыў. Возьмем прыклад з тымі ж інтэрнатамі. Сёння дзяржава плаціць за пражыванне там каля 400 еўра ў месяц на чалавека. А калі гэты чалавек застаецца жыць дома ў сям’і, яго пенсія складае прыкладна 100-150 еўра. То бок за дапамогу гэтаму чалавеку дзяржава плаціць сама сабе ў 4 разы больш. Атрымліваецца, што ў чыноўнікаў якраз усё нармальна з падлікамі.
Мы настойваем на тым, што гэтыя грамадскія грошы, якімі карыстаецца дзяржава, павінныя быць накіраваныя людзям з інваліднасцю наўпрост, а не абарочвацца праз дзяржаўныя ўстановы, міністэрствы і гэтак далей. Мы ўпэўненыя, што калі скараціць выдаткі на ўсіх гэтых пераразмеркавальнікаў, для задавальнення патрэб людзей з інваліднасцю спатрэбіцца ў два разы менш сродкаў, а эфект будзе ў два разы лепшы. Таму што людзі самі пачнуць вырашаць свае праблемы.
Самая галоўная задача — забеспячэнне незалежнага раўнапраўнага ладу жыцця. Што для гэтага трэба? Аддайце сродкі не ў інтэрнат, а на заробак памочніку для чалавека з інваліднасцю, на адукацыйныя курсы, каб ён мог набыць прафесійныя навыкі, прызначце нармальную пенсію, каб ён мог набыць якасны вазок або пратэз. Тады ён цалкам абыдзецца без казённага дарагога стацыянара. Мы хочам пачуць ад дзяржавы не «паглядзі, як шмат мы для цябе робім, столькі дзяржпраграм, ільгот», а «ты маеш права на працу, адукацыю, і калі хтосьці яго парушыць, мы абаронім». Дакладна як з Крымінальным кодэксам.
Але пакуль мы затрымаліся ў «дабрачынным» патэрналісцкім падыходзе, калі вялікія сродкі сыходзяць у пустэчу, выкарыстоўваюцца вельмі неэфектыўна.
Крайняя форма сацыяльнай абароны
— Вы праводзілі кампанію па дэінстытуялізацыі, спрабуючы рэфармаваць наяўную сістэму інтэрнатаў. Што вам удалося?
— Мы распавялі грамадству пра бяспраўнае становішча людзей у такіх установах. Мала хто ведаў, што ўсіх пастаяльцаў псіханеўралагічных інтэрнатаў, незалежна ад іх стану здароўя, аўтаматычна пазбаўляюць дзеяздольнасці, таму што так напісана ў цяперашніх законах. Пазбаўленне дзеяздольнасці робіць чалавека абсалютна бяспраўным. З суб’екта ён робіцца нейкім аб’ектам, ледзь не ўласнасцю дзяржавы. Такая вось крайняя ступень сацыяльнай абароны. Нам удалося змяніць стаўленне да праблемы. Праваабарончы маніторынг усё ж уплывае на сітуацыю. У грамадстве з’явілася разуменне, што насельнікі такіх устаноў — жывыя людзі са сваімі пачуццямі, імкненнямі, патрэбамі. У Нацыянальным плане з’явілася пазіцыя аб развіцці нестацыянарных формаў абслугоўвання. Мы пастараліся, каб і іншыя НДА зразумелі сутнасць праблемы інтэрнатаў і будавалі сваю дзейнасць праз праваабарончы падыход.
Пачаўся пошук альтэрнатыў. Але вышэйназваны канфлікт фінансавых інтарэсаў тармозіць працэс рэформаў. Нават калі будзе палітычная воля, эканамічных механізмаў гарантавання бяспечнага і незалежнага пражывання людзей з інваліднасцю пакуль няма.
Што да праблемы пагалоўнага пазбаўлення дзеяздольнасці людзей, то на заканадаўчым узроўні былі спробы змяніць становішча, але законапраект дзесьці завіс і пакуль не прыняты. І гэтая праблема застаецца вострай. Прывяду прыклад з нашай практыкі. Сталая жанчына, маючы вялікую колькасць захворванняў, вымушаная была часта наведваць паліклініку. Як яны працуюць, тлумачыць не трэба. У яе вострае адчуванне ўласнай годнасці, і таму кожны раз, сутыкаючыся з хамствам, чэргамі, яна пісала скаргі. У выніку галоўны ўрач паліклінікі падала пазоў у суд аб пазбаўленні яе дзеяздольнасці з фармулёўкай «яна некрытычна ставіцца да сваіх перакананняў». І суд прыняў такое рашэнне. Родныя не ўзялі на сябе апякунства над жанчынай, бо яна разважная і не патрабуе догляду, і суд спрабуе накіраваць яе ў інтэрнат. Вось як працуе сістэма з чалавекам.
Да чаго прыводзіць стыгма
— Сярод патоку зваротаў у вашую арганізацыю есць такія, якія тычацца «павагі дома і сям’і». Што тут за праблемы?
— Адбіранне дзяцей у бацькоў з інваліднасцю. Для людзей з ментальнымі парушэннямі гэта практычна аўтаматычны працэс, калі не знойдуцца апекуны з радні. У адной жанчыны адбіраюць ужо трэцяе дзіця, хоць яна працуе, мае прыбытак. І мы задаём пытанне: чаму з ёй не працуюць сацработнікі, каб змяніць сітуацыю? Іншы прыклад: маладая жанчына працуе бухгалтарам, добра зарабляе, самастойная ў побыце. Задумалася аб усынаўленні дзіцяці. Ёй адмаўляюць на той падставе, што яна інвалід — у яе няма нагі. Няма нагі — няма дзіцяці.
Няма ніводнай заканадаўчай нормы, якая б давала права лёгка пазбаўляць людзей дзеяздольнасці або адбіраць дзяцей на падставе інваліднасці. Але ж склалася такая практыка. Мы даўно гаворым пра гэтую праблему.
— Таксама ёсць звароты аб «катаваннях і жорсткім абыходжанні». Прывядзіце прыклад, што маецца на ўвазе.
— У нас быў зварот ад асуджанага, якому трэба было прыкладна 10 разоў на тыдзень мяняць катэтар у жываце, што патрабуе стэрыльнасці. Яму скарацілі колькасць катэтараў, а нам адказалі, што там, дзе ён сядзіць, дастатковая ступень стэрыльнасці. Мы гаворым не пра тое, што трэба вызваляць асуджаных з інваліднасцю, а пра тое, што пазбаўленне волі не азначае катаванняў і жорсткага абыходжання.
— Ёсць адзінкавыя звароты і па парушэннях права на ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці. Што гэта за сітуацыі?
— Былі выпадкі, калі людзі ў інваліднай калясцы хацелі балатавацца ў дэпутаты. Як кандыдаты яны абмежаваныя ў магчымасцях — праз адсутнасць безбар’ернага асяроддзя. А дзейнічаць праз прадстаўніка не так эфектыўна. Быў выпадак у Светлагорску, калі інвалід-калясачнік выехаў на пікет, пратэстуючы супраць таго, што яму адмаўлялі ў якасным рамонце кватэры шмат гадоў. Не паспеў ён дастаць плакат, як яго забрала «хуткая дапамога», завезла ў бальніцу, дзе яму ўкалолі заспакаяльнае. Калі ён апрытомнеў, побач ужо стаяў міліцыянт і афармляў пратакол. Мы не змаглі даказаць неправамернасць дзеянняў «хуткай дапамогі», яна быццам растварылася ў паветры.
Пры звароце да нас людзей мы кансультуем, дапамагаем зразумець сутнасць іх спраў, складаем юрыдычныя дакументы, пры неабходнасці ходзім разам з імі па ўстановах, бо чалавеку вельмі складана ў сітуацыі стрэсу размаўляць з чыноўнікамі і адстойваць свае інтарэсы. Мы не можам выступаць прадстаўніком у судзе, але кансультуем адвакатаў, якія абараняюць правы людзей з інваліднасцю.
— Што ўдалося Офісу зрабіць на сістэмным узроўні?
— Беларусь падпісала Канвенцыю аб правах інвалідаў. Мы адвакатавалі гэта цягам усёй сваёй дзейнасці. Нас ужо бачаць партнёрамі, сёння мы сядзім з дзяржавай за адным сталом, абмяркоўваючы заканадаўства. У гэтым годзе дзяржава рыхтуе Нацыянальную справаздачу аб правах інвалідаў у адпаведнасці з Канвенцыяй. Мы разлічваем, што нашыя альтэрнатыўныя справаздачы прымаюцца да ўвагі і змушаюць дзяржаву вырашаць акрэсленыя праблемы больш адказна.
Офіс не проста абараняе людзей, але і прасоўвае разуменне інваліднасці як праблемы абароны правоў чалавека. І мы бачым, што гэты падыход павольна, але змяняе свядомасць грамадства, вызваляючы яго ад забабонаў.
Ганна Кручкова
Фота з архіва С. Драздоўскага, Офіса па правах людзей з інваліднасцю