Як вядома, бліжэй да навагодніх сьвятаў у Беларусі афіцыйна абвяшчаецца, якім будзе наступны год у краіне — міру, роднай зямлі, кнігі, гістарычнай памяці, добраўпарадкаваньня і г. д. Штопраўда, усялякі раз гэта больш падобна на нейкі вычварэнскі тролінг тых, хто наіўна верыць у сур’ёзнасьць гэных абвяшчэньняў: замест міру — вайна, замест роднай зямлі і кнігі — экстрэмісцкія сьпісы з нашых клясыкаў, замест добраўпарадкаваньня — знос бульдозэрамі нашае спадчыны, замест гістарычнае памяці — шальмаваньне нашых герояў і навязваньне нам акупанцкіх. Валера Руселік пастанавіў уласнаруч перанакіраваць гэтую ганебную завядзёнку ў канструктыўнае рэчышча і ў сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» абвяшчае 2025 год Годам... стваральнасьці!
Ну а чаму б і не?
Валера Руселік — на занятках па анімацыі, куды пайшоў навучацца сёлета
Ну што, шаноўныя? Як настрой? Сьвяточны? Хацелася б, вядома ж, але ж дзе тут — на тле ўсяго гэтага пекла вакол нас — узяць той сьвяточны настрой?
А давайце я вам дапамагу. Па-першае, і сапраўды, прычынаў цешыцца неяк ну зусім вобмаль — што ў тых, хто ўнутры Беларусі, што ў тых, хто за мяжою. Гэта, як той казаў, мэдычны факт. Ну але ж, спытайце ў лекараў, для таго, каб адолець хваробу, найперш трэба паставіць слушны дыягназ.
А таму заплюшчваць вочы на нашыя рэаліі, зразумела ж, ня варта.
Але й папросту пасыпаць галовы попелам — таксама ня выйсьце. І менавіта таму, шаноўныя, прапаноўваю, каб 2025 год стаўся Годам стваральнасьці для ўсіх нас разам і для кожнага/кожнай паасобку.
Хто ў якой галіне працуе, там няхай імкнецца й сягае як мага лепшых вынікаў. Будзе цудоўна, калі, скажам, эканамісты будуць не папросту зноўку і зноўку ставіць беларускай эканоміцы несуцяшальныя дыгназы і рабіць змрочныя прагнозы, але распрацуюць супольна пакет эканамічных рэформаў для Новай Беларусі. Каб кожны мог прачытаць нейкае папулярнае тлумачэньне тых рэформаў і зразумеў, да чаго нам варта імкнуцца і што нас там наперадзе чакае. А таксама было б выдатна, каб зьявіўся — ну а чаму б і не — гэткі кішэнны дапаможнік-параднік з падказкамі, як нам (і ў Беларусі, і ў замежжы) перажыць гэтыя складаныя часіны, на што зьвярнуць увагу найперш, як ашчадзіць і як зарабіць грошы.
Канцэпт беларускіх талераў, распрацаваны рэдакцыяй «Нашай Нівы» яшчэ ў 2015 годзе. Фота nashaniva.com
Альбо возьмем нашых культурніцкіх дзеячаў. Няхай у 2025 годзе яны здолеюць накрэатывіць як мага больш цікавага і якаснага кантэнту. І няхай той кантэнт, той культурніцкі прадукт будзе абавязкова беларускамоўны. Бо што яшчэ задзіночвае й натхняе нас на нейкія супольныя дзеяньні, як не прыналежнасьць да нейкае аднае супольнасьці, як ня нашая беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць?
Няхай будзе паболей плёну і ў галіне асьветы і адукацыі. Як файна будзе, калі зьявяцца новыя курсы — і анлайн, і ў запісе — для самых розных узроставых катэгорыяў: і для дарослых, і для моладзі, і для дзетак. Курсы па беларускай мове і гісторыі ды культуры Беларусі, а таксама беларускамоўныя курсы па праграмаваньні, матэматыцы, паліталёгіі і г. д. Дадамо сюды ангельскую мову, дасяжную для ўсіх і на ўсіх узроўнях. Падручнікі, дапаможнікі, дыдактычны матэрыял для самастойнага навучаньня.
Ну ачмурэнна ж будзе, калі атрымаецца, праўда?
Удзельнікі і ўдзельніцы тэатральнай студыі «Купалінка» (Варшава) пасьля чарговага выступу. Фота: FB/Kupalinkawarszawa
І яшчэ адзін вельмі важны момант. Акрамя маштабу агульнага няхай у Годзе беларускай стваральнасьці абавязкова будзе і маштаб асабісты. Самарэалізоўвайцеся. Разьвівайцеся. Станавецеся на ногі. Нават чыста матэматычна, дапамагчы іншым маюць магчымасьць найперш тыя, хто ўжо дасягнуў пэўнага посьпеху, а ня тыя, хто сам мае патрэбу ў дапамозе.
Калі вялікая агульная перамога ўсьцяж недасяжная і, здаецца, адно аддаляецца — ну што ж, самы час для перамогаў маленькіх, перамогаў асабістых. Таму што папросту сядзець і ўвесь час адно плакаць пра 2020 год, пра ўвесь наш беларускі боль — аніякая псыхіка ня вытрымае гэтага! Менавіта таму столькі людзей адыходзіць ад беларускага варушняку: хтосьці расчароўваецца, нехта стамляецца, многія выпальваюцца.
І менавіта таму нам усім сёньня патрэбныя гэтыя маленькія асабістыя перамогі, гэты стваральны пазытыў — як бы гэта ні гучала на тле тысячаў палітвязьняў за кратамі, вайны ля нашага парога, бясконцых рэпрэсіяў і адсутнасьці відавочных пэрспэктываў на даляглядзе. Бо папросту сядзець і калупаць нажом сваю незагойную рану — каму ад гэтага будзе лепей? Тым, хто сёньня знаходзіцца за кратамі? Наўрад ці. Таксама, зразумела ж, гэта не паўплывае на дыктатара, каб ён вызваліў палятвязьняў і ня кідаў за краты новых. Наўрад ці гэта спыніць вайну.
Між тым і палітвязьні за кратамі, і беларускія добраахвотнікі ў акопах — тыя, каму аб’ектыўна цяжэй за нас з вамі — нават яны ўсё адно намагаюцца зладзіць для сябе нейкае імправізаванае сьвята, не зважаючы на пекла вакол іх. Бо гэта натуральная чалавечая патрэба — імкнуцца да лепшага, да людзкага, да пазытыўнага.
За кратамі, але ня скораныя! Фота: The German Press Agency
А таму, сябры, давайце не папросту сядзець на беразе ракі і чакаць, пакуль міма праплыве вось гэтае вось усё. Можна ж выкарыстаць гэты час і з большай карысьцю. Папрысядаць можна, паадціскацца — каб здароўе было палепей. Кніжку разумную пачытаць — каб новыя веды атрымаць. Залацьвіць пытаньні з легалізацыяй, у каго яны ёсьць. Скласьці, урэшце, CV і парассылаць яго па розных патэнцыйных працадаўцах. Сустрэцца з тымі, сустрэчу з кім даўно ўжо адкладалі-перакладалі. Рэалізаваць свае старыя задумы і ўзяцца за новыя. Вывучыць ангельскую мову, здаць на правы, пайсьці ў горы, дарабіць рамонт у кватэры, упарадкаваць лецішча, скінуць лішнія кіляграмы — хай гэтыя ды іншыя асабістыя дасягненьні й перамогі стануцца для ўсіх нас рэальнымі ў 2025 годзе!
Давайце ж замест папросту чаканьня вакна магчымасьцяў ствараць гэтыя магчымасьці! І ў нас усё абавязкова атрымаецца! Са сьвятамі, сябры!
Валера Руселік