Напярэдадні Хэлоўэну мы вырашылi нагадаць, што ў Беларусі ёсць свае нячысцікі і пачвары. Ды не менш загадкавыя ды жудасныя, чым у іншых міфалогіях. Артур Басак, мастак-самавук, праграміст і UI інжынер, натхняецца беларускiм фальклорам ды народнай дэманалогіяй i стварае вобразы вядомых нячысцікаў з паданняў і міфаў. Яго малюнкi можна пабачыць у Instagram акаунце @belarusian_monsters.
Marketing.by звязаўся з мастаком і распытаў, адкуль у яго цікавасць да беларускай міфалогіі і як ствараюцца вобразы тагасветных iстот.
— Першапачаткова цікавасць была не да беларускіх нячысцікаў, а увогуле да ўсяго казачага і фэнтэзійнага. Усе мы ў дзяцінстве любім казкі, у кагосьці гэта застаецца, у кагосьці не. У кагосьці трансфармуецца ў любоў да дарослага фэнтэзі — Толкіена, Гары Потэра і г.д. Так і ў мяне. Я люблю фантастыку і фэнтазі. У дзяцінстве гуляў на камп’ютары у Варкрафт і Д’ябла. І, напэўна, гэта ўсё сфарміравала густ і зацікаўленасць.
Зараз у свеце вялікі трэнд на скандынаўскую міфалогію. Нават серыя гульняў God of War пачыналася з грэчаскай міфалогіі, а зараз па-троху скацілася у скандынаўскую. Калі гэта бачыш, то міжвольна пачынаеш цікавіцца і сваім. Вось і я падумаў: чаму б не зрабіць з нашых беларускіх не вельмі папулярных міфалагічных істот нешта такое фэнтэзійнае і адпаведнае часу — каб яно выглядала сучасна.
— Калі пачалі ствараць галерэю нячысцікаў?
— Я мастак-самувук. Хоць у дзяцінстве і хадзіў у мастацкую школу, але не скончыў яе. Проста для сябе нешта часам маляваў на паперы, але заўсёды тэматыка для малюнкаў была нейкая фэнтэзійная.
І так здарылася, што гэтай вясной я патрапі у шпіталь. Там не было чаго рабіць, а на маім смартфоне ёсць стылус. І я паспрабаваў маляваць прама на тэлефоне.
Выклаў малюнкі ў свой асабісты акаунт у Інстаграме, але камусьці з сяброў гэта цікава, а камусьці не. Таму завёў асобны акаунт і пачаў туды посціць малюнкі. Убачыў, што людзям цікава, запусціў некалькі прома-акцый, каб больш аўдыторыі ўбачыла, і вось яно так і працягваецца.
— Як выбіраеце, хто будзе наступным персанажам?
— Калі пачаў гэтым займацца, то пазнаёміўся з рознымі людзьмі, якія таксама цікавяцца тэмай. Напрыклад, Яўгеній Кот стварыў беларускі бестыярый, і нават выпусціў тэматычны каляндар.
Ёсць некалькі кніг пра беларускую міфалогію, самая знакамітая і правераная з якіх — «Зямная дарога ў вырай» Уладзіміра Васілевіча. Вось з гэтых крыніц і збіраю сабе спіс пачвар з нашага рэгіёну, а таксама дадаю нейкія лакальныя гісторыі — Чорную Панну Нясвіжа, Гальшанскага прывіда і г.д.
Першапачаткова я ставіў мэту намаляваць сто нячысцікаў, але зараз я разумею, што іх будзе нашмат больш. На бліжэйшы час у мяне ёсць спіс з 15-20 вобразаў. Скончу гэтыя — потым сфармірую наступны спіс. І канца пакуль не бачна.
— Наколькі дасканала вы вывучаеце інфармацыю пра нячысціка? Ці з большага малюеце так, як падказвае фантазія?
— Па рознаму бывае. У адным выпадку чытаю апісанні і гляджу, як істоту малявалі іншыя мастакі. І застаюся ў рамках гэтага патэрну, але малюю у сваім стылі.
А часам у апісанні сказана, напрыклад, пра вялікае пуза, і мне гэта не падабаецца — я бачу нячысціка па іншаму. І тады малюю зусім не так, як яго апісваў фалькларыст-акадэмік.
А ёсць нячысцікі, якія ніяк знешне не апісаныя. Вядома толькі пра яго функцыі: кусае, крадзе, цягне ў багну і г.д. І тут ужо прастор для фантазіі вялікі — як сабе ўявіў, так яго і намаляваў.
— Колькі па часе займае стварэнне малюнка?
— Паколькі я малюю на смартфоне, то фармат малюнкаў маленькі. І гэта мне падабаецца, бо на вялікія праекты заўсёды няма часу. А на тэлефоне можна ўсё зрабіць вельмі хутка: калі ёсць рэферэнсы — то за адзін вечар магу і намаляваць, і напісаць апісанне на трох мовах, а на наступны дзень выкласці.
А калі малюнак сам выдумваеш з нуля — то ўжо трошкі даўжэй.
— Які з вобразаў вам падабаецца больш за ўсё?
— Мне ўсё падабаецца. Калі нешта атрымліваецца няўдала, то я проста не публікую ў Інстаграм. Самыя першыя малюнкі я ўжо выдаліў з Інстаграму і замяніў на новыя.
Напэўна, зараз самай удалай лічу Гаёўку — яна стаіць на аватарцы.
Да гэтага мне вельмі падабаўся Вужыны Кароль — і таму ён таксама стаяў на аватарцы.
— Як беларусы рэагуюць на вашыя малюнкі?
— Цмокаў і вампіраў ўсе ведаюць, а вось калі выкладаеш якую-небудзь Цыцоху, то гэта людзям цікава. Бо Цыцоха не толькі малавядомая, але і цікавая як персанаж. Такіх патэрнаў няма ў сучасных камп’ютарных гульнях і фільмах. Такія істоты маюць больш рэпостаў, лайкаў і каментаў.
Ці вось была публікацыя пра цмока, які не злы, а добры і дапамагае гаспадару ў хаце. Гэта таксама людзей зацікавіла, бо нашы цмокі паводзяць сябе трохі па іншаму, чым у міфалогіі нашых суседзяў.
— Як плануеце далей развіваць тэму нячысцікаў?
— Гэта маё хобі і творчасць, а не тое, што можа пераўтварыцца у працу 24/7. Я сябе ніколі не адчуваў сябе нейкім блогерам і манетызацыя інстаграму не была і зараз не з’яўляецца мэтай.
Адзінае, што я планую паспрабаваць выпусціць арт-бук, як робяць многія папулярныя ілюстратары: якасную кніжку з малюнкамі і апісаннямі. І распаўсюдзіць яго сярод падпісчыкаў. Зараз вось купляю у кнігарнях розныя арт-букі, гляджу, як яны зроблены, як аздоблены — карацей, прыглядаюся.
Падпісчыкі перыядычна пытаюцца, як можна купіць мае малюнкі. Але я малюю на тэлефоне, і таму якасць малюнкаў невялікая. Па-сутнасці, любы можа ўзяць з Інстаграма малюнак і сам яго надрукаваць і павесіць у хаце.
Можа быць, калі набярэцца дастаткова ахвотных купіць такія малюнкі, тады я можа і паспрабую іх неяк аформіць у рамкі. Але ж каб займацца продажам малюнкаў, то трэба ісці ў падатковую, усё афармляць. І займацца гэтым мае сэнс толькі тады, калі ёсць вялікая цікавасць у людзей.
Мяне сёлета паклікалі як рамесніка на фестываль «Шлях цмока» у Бярэзінскім запаведніку, я зрабіў некалькі карцін у рамках, завёз туды і спрабаваў прадаць па 20 рублёў. Але ніводны чалавек нічога не набыў.
Розныя людзі шмат робяць для Беларусі — хтосьці мову развівае, хтосьці яшчэ што. Я вырашыў троху паразвіваць беларускую міфалогію. І калі праз пару гадоў з міфалогіі вырасце беларускае фэнтэзі, з’явяцца кнігі, камп’ютарны гульні, фільмы, настолкі на гэтую тэму — і я і мае малюнкі будуць каталізатарам для ўсяго гэтага — то мне будзе вельмі прыемна.