«На хвалях клуба “Графіці” вы слухаеце чарговы канцэрт у межах праекту “Тузін.Unplugged”», — гэтак па традыцыі павітаўся з слухачамі нязменны вядоўца радыёверсіі хіт-параду “Тузін Гітоў” Алег Хаменка. У чацвертым “Жывым Тузіне” ўзялі ўдзел гурты “Мутнаевока” і N.R.M., кожны з якіх падрыхтаваў у гэты вечар эксклюзіўную праграму.
“Мутнаевока” вырашылі выступіць у паўакустычным фармаце, то бок з электрычнай гітарай, але свае новыя песні трохі пераасэнсавалі, каб яны гучалі больш камерна. Для стварэння яшчэ больш душэўнай атмасферы музыкі расставілі вакол сцэны свечкі. А распачалі сэт з песні з новага сінглау — “Усе мае сябры”.
Вакаліст Яўген Змушка з ахвотай расказваў-разважаў між песнямі, прызнаваўся ў любові да нябёсаў, бо менавіта “ў іх мы глядзімся, як у люстэрка”. З сюрпрызаў, якія падрыхтавалі музыкі, быў кавер на “After Dark”. Сваім сэтам яны засведчылі, што знаходзяцца ў выдатнай форме і цалкам гатовыя да адказнага выступу на фестывалі «Соседний мир», які адбудзецца на Азоўскім моры.
Неад’емная частка вечарыны “Тузін.Unplugged” — конкурс з падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, які праводзіць Алег Хаменка. Як правіла, пытанні вядоўцы асаблівых праблемаў у гледачоў не выклікаюць. Гэтым разам без праблем адказалі, як завуць сына Піта Паўлава, пагадалі ды адгадалі, колькі песняў удзельнічала ў музычным сезоне на “Тузіне Гітоў”, а вось пытанне, у якой краіне знаходзіцца Кірхгольм, дзе ў 1605 годзе адбылася гістарычная бітва, пра якую згадваецца ў анімацыйным роліку “Будзьма беларусамі!”, выклікала пэўныя цяжкасці. Пасля дзясятку спробаў, калі ўжо дабраліся нават да Ісландыі, нехта ці то скеміў, ці то згадаў — Латвія!
N.R.M. пачалі свой сэт з неадназначнай песні “ДПБЧ”, якая будзе загалоўнай на будучым дыску гурта. Музыкі кажуць таямніча, што гэта спроба напісаць свой апошні твор.
Усе песні, як вядомыя, так і новыя Піт, Юрась і Алезіс падзялілі між сабой. “Худсавет”, напрыклад, дастаўся Юрасю, Піт выконваў “На вуліцы”, Юрась і Піт разам спявалі “Партызанскую” і “Паветраны шар”, Алезіс па-ранейшаму саліраваў у “Кітаі” і падпяваў у шэрагу іншых твораў. Але ўпор музыкі зрабілі ўсё ж на новыя творы. І не толькі з “ДПБЧ”, але і з праграмы, прысвечанай Сяргею Пясэцкаму, і нават некалькі кавераў — на Metallica I The Beatles.
Прымалі N.R.M. спачатку трошкі з насцярогай, асабліва новыя нумары, як «Я пяю “Ай лав ю”», але потым музыкі раскачалі залу напоўніцу. На ўра пайшоў першы сінгл каманды, запісаны пасля вяртання на сцэну, — “Аўтарадыё”, які, праўда, заспявалі без запрошанай вакалісткі Ірыны Львовай.
На пытанні залы “энэрэмаўцы” адказвалі з той самай звыклай весялосцю, уласцівай і ранейшым акустычным выступам N.R.M. Праўда, аднойчы Піт паперку ад слухача згарнуў з каментаром: “На правакацыйныя пытанні не адказваю”. Можна толькі здагадвацца, пра што ў яго спыталі.
Чацверты “Тузін.Unplugged” пэўна быў самым інтэрнацыянальным у плане наведнікаў. Вялікі стол акупавалі студэнты з Нямеччыны і Швейцарыі, былі госці з Страсбургу і Варшавы. Ну, і вядома ж, багата беларусаў. Праціснуцца між гледачамі пры канцы было зусім немагчыма.
Застаецца толькі шкадаваць, што відэасправаздачы з гэтага цудоўнага канцэрту няма, бо аператар “Тузіна Гітоў” Яўген Шапчыц быў напярэдадні асуджаны на 12 сутак за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту ў Мінску.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандра Ждановіча