120 удзельнікаў з 5-ці краін – Беларусі, Латвіі, Малдовы, Расіі і Украіны – ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў пакажуць сваё майстэрства на XII Міжнародным дзіцячым конкурсе «Музыка надзеі» у Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя М. Ф. Сакалоўскага.
«Гомель у чарговы раз атрымаў невыказны падарунак. Ужо ў 12-ы раз адкрываецца выдатны конкурс “Музыка надзеі”, – прывітала ўдзельнікаў мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала. – У краіны ёсць будучыня тады, калі ёсць выдатная, таленавітая і дапытлівая моладзь, якая імкнецца да таго, каб жыць цікава і прыгожа. І гэтую прыгажосць, дарагія нашы канкурсанты, даяце вы. Ваша творчасць не можа застацца незаўважнай. Вы – новыя зорачкі, якія праз некалькі гадоў стануць выдатнымі выканаўцамі і ў Беларусі, і на міжнароднай прасторы ».
Пераможцы будуць вызначацца ў намінацыях «Фартэпіяна», «Скрыпка» і «Віяланчэль» па трох узроставых групах. Журы конкурсу ўзначальваюць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Перлін і заслужаны дзеяч мастацтваў нашай краіны прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Няхаенка.
«Музыка надзеі» ўжо адкрыла нямала імёнаў юных таленавітых музыкаў, многія з іх сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. За час правядзення конкурсу ў ім прынялі ўдзел больш за тры тысячы юных выканаўцаў з васьмі краін.