Вечар памяці беларускага паэта Генадзя Бураўкіна прайшоў у Магілёве 24 жніўня. Напярэдадні дня нараджэння паэта ў кіназале Палаца культуры вобласці (былы ДК «Хімвалакно») сабраліся яго сябры і знаёмыя, а таксама людзі, неабыякавыя да творчасці таленавітага беларуса. У гэтым годзе Генадзю Мікалаевічу споўніўся б 81 год.
«Калі народ не зразумее, што такое мова, то хай рыхтуецца да таго, што спярша яго будуць абсмейваць, потым — што будуць пагарджаць, а пасля ён проста знікне», — пісаў Генадзь Бураўкін. Гэтыя яго словы, знаёмыя кожнаму са школы, сталі своеасаблівым сімвалам сустрэчы. Магілёўцы дзяліліся ўспамінамі пра паэта, распавядалі забаўныя гісторыі з яго жыцця — і ўсё на беларускай мове. Прагучалі і вершы Генадзя Мікалаевіча: у кожнага госця была магчымасць расказаць са сцэны свой любімы верш Бураўкіна.
Нягледзячы на тое, што паэта з намі больш няма, госці сустрэчы ўсё роўна змаглі ўбачыць яго: на экране кіназалы круціліся відэаролікі з Бураўкіным. Паэт чытаў свае вершы, разважаў пра важнае на сустрэчах ТБМ, размаўляў з сябрамі. Кожны на ўваходзе атрымаў лісток з вершамі паэта, і калі ў зале загучала музыка, усе прысутныя (зусім крыху падглядаючы ў тэкст) заспявалі. Прагучала і бураўкiнская «Калыханка».
— Мы выраслі на яго «Калыханцы», сваім дзецям я таксама яе спяваю вечарамі, — падзяліўся з намі магілёўскі бард Аляксандр. — Гэта тое наша роднае і сапраўднае, што назаўсёды будзе з намі, як усмешка маці або моцныя надзейныя рукі бацькі. Вось ужо сапраўды, як кажуць, «калышучы дзяцей, ён абуджаў дарослых».
— А ці ведаеце вы, якi верш Пысіна прымусіў Бураўкіна плакаць? Не? А я ведаю! — пахваліўся адзiн з гасцей і тут жа сеў на месца. Але публіка проста так не адпусціла яго — давялося выйсці на сцэну і прачытаць гэты самы верш.
З залы людзі выходзілі з ўсмешкамі на тварах. Складана ў поўнай меры ацаніць тое, што зрабіў Генадзь Бураўкін для Беларусі і беларусаў, але захаваць яго слова ў сваіх сэрцах, каб хоць неяк аддзячыць паэту, у стане кожны.
Iра Тонева
Фота: Іна Мельнікава