Экспедыцыі бываюць розныя – фальклорныя, этнаграфічныя, геалагічныя… А ці чулі вы пра экспедыцыі танцавальныя? Першая такая экспедыцыя ў межах праекта “У пошуках народнай танцавальнай культуры” адбылася 13–14 студзеня 2014 г. у Брэсцкай вобласці. Пазнаёміцца з носьбітамі фальклорнай традыцыі, зафіксаваць адметныя ўзоры традыцыйнага мастацтва на аўдыё і відэа ды папросту патанчыць і паспяваць з мясцовымі жыхарамі выправіліся харэограф і кіраўнік групы Алена Прохарава, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ) і арганізатар Клуба традыцыйнага танца “Сіта” Святлана Клепікава і музыкі капэлы “На Таку” Раман Ліхашапка і Аляксей Крукоўскі.
Вёска Заполле Івацэвіцкага раёна стала першым пунктам экспедыцыі. Тут удзельнікаў гасцінна сустрэла Запалянская сярэдняя школа і кіраўнік школьнага этнаграфічнага музея Аляксандр Фаміч Зайка. Узоры традыцыйнай для дадзенага рэгіёна танцавальнай і песеннай культуры дэманстравалі мясцовыя жыхаркі ды сталыя аматаркі танцаў (наймаладзейшай з іх 70 год!) В. І. Ціток, А. М. Зайка, В. Ф. Воўна, Н. І. Крыштопік. Настаўнікі Запалянскай школы разам са сваімі вучнямі танчылі кракавяк з прыпеўкамі, падэспань, польку-карэлафінку ды вальсок з пацалункам. Падчас цёплай размовы з мясцовымі жыхарамі ўдзельнікі экспедыцыі даведаліся, хто і на якія святы збірае ў вёсцы танцавальныя вечарыны, як фальклорныя традыцыі перадаюцца ў Заполлі з пакалення ў пакаленне, адзначылі тыповыя інструментальныя формы выканання музыкі, а таксама наведалі экспазіцыю школьнага этнаграфічнага музея.
У аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна экспедыцыі пашчасціла ўзяць удзел у мясцовым каляндарным свяце Шчадрэц. Падчас шчадравання працоўная група разам з фальклорнымі гуртамі з вёсак Радастава, Ліпнікі, Леснікі абышлі двары аграгарадка Бездзеж, вёсак Нямержа і Міжлессе, зафіксавалі тыповыя спеўныя віншаванні – шчадроўкі, традыцыйныя для такіх святаў танцы, а таксама наведалі этнаграфічны музей “Бездзежскі фартушок”.
Апошнім пунктам першай экспедыцыі стала вёска Міхалінок Бярозаўскага раёна, куды щдзельнікі экспедыцыі заехалі паспяваць вясельна-каравайныя спевы ды патанчыць цыганачку з прыпеўкамі, вальс і факстрот. Сапраўдныя шэдэўры танцавальнага і спеўнага мастацтва прадставілі мясцовыя жыхаркі Л. Н. Карпук і С. І Мізернік.
16 студзеня 2014 г. нязменны кіраўнік праекта “У пошуках народнай танцавальнай культуры”, харэограф Алена Прохарава разам з мастаком, музыкам, этнографам Алесем Ласём і рэжысёрам народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” Алесяй Сівохінай выправіліся ў Вілейку. Сапраўдная танцавальная вечарына чакала іх у гімназіі №2, загадчык навучальнай часткай якой Мікалай Іваенка запрасіў знаўцаў народных танцаў Галіну Пятроўну Верабей і Зінаіду Уладзіміраўну Крупскую, а таксама цымбаліста Івана Віктаравіча Валынца, акардэаніста Міхася Уладзіміравіча Ермаловіча і скрыпача Аляксандра Міхайлавіча, якія стварылі атмасферу традыцыйнага беларускага свята. Алесь Лось з мясцовымі музыкамі ўразілі ўсіх прысутных імправізацыямі – індывідуальнымі і ў складзе капэлы. Кожнаму знайшлося месца на гэтым свяце беларускай традыцыі: настаўнікі і вучні гімназіі, жыхары г.Вілейка і навакольных вёсачак затанчылі разам шляхецкі вальс і басяцкую польку, кракавяк і какетку, падэспань і факстрот.
Праект “У пошуках народнай танцавальнай культуры” стаў пераможцам другога этапу конкурсу культурніцкіх ідэй ад “Будзьма!” і пры арганізацыйнай дапамозе кампаніі ладзіць майстар-класы і танцавальныя вечарыны ў розных рэгіёнах Беларусі з мэтай вывучэння і адраджэння традыцыйнай танцавальнай культуры. Сачыце за навінамі на сайце ГКК “Будзьма беларусамі!” Раптам наступным пунктам экспедыцыі стане менавіта ваш горад ці вёска!
Фота – Святлана Клепікава, Алеся Сівохіна, Алена Прохарава