Чаго не хапае жыхарам Барысава, як разам зрабіць горад лепшым, на якія ідэі гарадскіх актывістаў з іншых гарадоў варта звярнуць ўвагу, абмяркоўвалі ў аўторак, 30 кастрычніка, на ток-шоў «Сучасны Барысаў: горад для жыцця?».
Культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» разам з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання «Сімпа» запрасіла гараджан на адмысловае ток-шоў, каб па-новаму зірнуць на горад і разам зразумець, што трэба, каб жыццё ў Барысаве стала насычаным і прывабным.
У ток-шоў удзельнічалі эксперткі з Маладзечна Валянціна Сідоркіна, сузаснавальніца адукацыйнага цэнтра «Адкрытая прастора», арганізатарка гарадскога фэсту «Прышчэпка», і гарадская актывістка, суаўтарка праекта «Крэатыўная карта Маладзечна» Ганна Холад. Сваімі развагамі таксама падзяліўся Дзяніс Кобрусеў з Мінска – гарадскі актывіст, каардынатар таварыства «Горад для гараджан». Пра перспектывы роднага горада на сустрэчы распавядаў эканаміст і аўтар канцэпцыі развіцця горада Барысава Зміцер Бабіцкі.
Барысаў – гэта не толькі БАТЭ!
«Што замінае быць гораду зручным для жыцця? З чым у вас асацыюецца ваш горад? Гэта ж не толькі БАТЭ», – кажа жыхарам мадэратарка сустрэчы Святлана Чакушка.
– Так, яшчэ ў нас ёсць прыгожая рака Бярэзіна, вайсковая частка ў Печах, гістарычная спадчына – вайна 1812 года, шмат заводаў…
На пытанне, як барысаўчане бавяць вольны час, удзельнікі адказваюць:
– Таксама праходзяць вельмі папулярныя курсы беларускай мовы «Мова нанова», інтэлектуальныя гульні «Мозгобойня» і «Jack Quіz», «Кракадзіл». Ёсць танцы, у бібліятэцы праходзяць цікавыя выставы, майстар-класы і сустрэчы.
«Наколькі актыўныя самі жыхары горада?» – пытаецца Святлана.
Гучалі думкі, што не заўсёды так бывае, што барысаўчане актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, але ўдзельнікі ток-шоў згадалі свята «Дзень рудых», якое праходзіла восенню ў гарадскім парку:
– На сцэне дзеці і розныя гурты выступалі. Як медык я дзяжурыла там. Выступы ішлі адзін за адным, была дынаміка, xтосьці ў тэніc гуляў, хтосьці – у більярд, танчылі. Такога фармату не хапае Барысаву.
У горадзе ёсць некалькі грамадскіх ініцыятыў і apганізацый, напрыклад, «Правінцыя», ініцыятыва «Мы за танцы!», якой кіруе Ната Голава, мерапрыемствы ў Цэнтральнай бібліятэцы, аб’яднанні футбольных фанатаў.
На пытанне, колькі чалавек уцягнута ў культурнае жыццё Барысава, рэжысёр Ната Голава кажа:
– Гэта прыкладна 250 чалавек, і яны змяняюцца.
«У нас танкі стаяць на вуліцах! Вось такі Барысаў»
Зміцер Бабіцкі, эканаміст па адукацыі, пaлітычны актывіст, які праводзіў
грамадска-палітычныя кампаніі ў горадзе, аўтар канцэпцыі развіцця Барысава, лічыць, што горад павінен развівацца, а на самай справе адбываецца адваротнае.
– Яшчэ ў 2002 годзе я прапаноўваў нашай адміністрацыі зрабіць пераходы пад вуліцай Гагарына, – кажа Зміцер. – Тады мы сабралі шмат подпісаў, але не атрымалася нічога пабудавaць. Пазней я даведаўся, што ў Еўропе цяпер не будуюць такія пераходы, старыя засыпаюць, але ў гэтым годзе адміністрацыя горада вырашыла іx зрабіць.
– Горад павінен развівацца, а ў нас што адбываецца? Апошнія дзеянні – кінатэатр «Радзіма» знeслі, а ў цэнтры горада танкі пaставілі. Вы пытаецеся, што такое Барысаў. У нас танкі стаяць на вуліцах, вось такі Барысаў.
Піянінка (Барысаўская фабрыка музычных інструментаў – рэд.) – вось гэта гісторыя Барысава. Нашы продкі там рабілі інструмент, жывыя яшчэ тыя, хто працаваў там, а цяпер што ад яе заталося?
Эксперт кажа, што ёсць дыскурс, і яго можна структураваць:
– Першае пытанне – гэта эканоміка, якая дазваляе зарабляць грошы. Вось завод «Geely» пабудавалі не ў Барысаўскім раёне, а каб грошы заставаліся ў нас, раён перанеслі.
Другі важны аспект, пра які кажа Зміцер, – гэта прыдатнасць для жыцця.
– Што я бачу цяпер, не дае нам ніякіх надзеяў, – дадае эканаміст. – Тут казалі пра гісторыю і вайну 1812 года, але пытанне захавання гістарычнай спадчыны трэба вырашаць ужо сёння. Так, мы аднавілі народную тaпаніміку гaрaдскіх раёнаў. Зрабілі насценнае пано, дзе размясцілі нефармальныя назвы раёнаў, і гэта таксама элемент гісторыі. Калі казаць пра культурны ландшафт, мы робім нематэрыяльныя рэчы.
Нефармальная ініцыятыва, якую арганізаваў Зміцер, спрабуе рабіць тое, што мае фізічнае ўвасабленне. У вёсцы Дудзінка, напрыклад, пабудавалі модны ультрамадэрнісцкі амфітэатр, цяпер там збіраюцца жыхары, размаўляюць, абмяркоўваюць праблемы і навіны. Дарэчы, гэтае месца калісьці наведваў Янка Купала.
«Гарадскі агарод» – праект, які цяпер ажыццяўляецца ў Барысаве. Тут усё завязана на гарадскі кантэкст. Гэта як гета ў Лос-Анжэлесе, дзе жывуць гангстары, нарказалежныя і гэтак далей, «урбан гардэнс» атрымліваецца:
– Мы ўцягваем людзей, плюс атрымліваецца супольная праца.
Зміцер падкрэсліў, што «не даюць у нас рабіць, генеральны план малююць старыя дзядзькі ў Мінску», якія, мабыць, два разы толькі і былі ў Барысаве.
Атрымліваецца, што мясцовыя ніяк не могуць на гэта ўплываць.
«Ніхто не забараняе звяртацца ў розныя інстанцыі, але трэба фармуляваць канкрэтны запыт»
Гарадскі актывіст, каардынатар таварыства «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў з Мінска вырашыў паспрачацца:
– У Мінску працуе дастаткова маладых спецыялістаў, якія жадаюць зрабіць горад прывабным для жыхароў. Напрыклад, людзі звяртаюцца і кажуць: «У нас не хапае зялёнай зоны» або «Нам трэба месца, дзе варта будаваць, будаваць і яшчэ раз будаваць». На аснове гэтых матэрыялаў робіцца праект. Трэба фармуляваць канкрэтны запыт. Калі вяртацца да мясцовых, то сапраўды людзей мала звяртаецца, але ўплываць на гэты працэс яны могуць.
Актывіст прапанаваў звярнуцца ў экалагічныя арганізацыі або іншыя грамадскія арганізацыі, пачаць збор подпісаў і актывістаў:
– Ніхто не забараняе звяртацца ў розныя інстанцыі. Абавязкова ў горадзе павінен быць актывіст або суполкa актывістаў, якія маглі б гэтым займацца.
«Паставілі папераджальныя знакі каля ямаў на дарозе, а на наступны дзень усе ямы адрамантавалі»
Валянціна Сідоркіна і Ганна Холад сцвярджаюць, што Маладзечна не толькі кажа, але яшчэ і робіць.
– Калі людзі ўбачылі нашу ініцыятыву, пачалі ўключацца ў групу і падтрымліваць нас, – дзеліцца вопытам Валянціна. – У нас ёсць пляцоўка, дзе мы можам збірацца, таму адукацыйны цэнтр выкарыстоўваем як месца сустрэч.
Стваральніца крэатыўнай мапы Маладзечна Ганна Холад ужо мае досвед у арганізацыі летняга фестывалю:
– У нас ёсць фестываль песні і паэзіі, але там усё адбываецца на стандартным узроўні, цяжка людзей чымсьці здзівіць. Хацелася чагосьці еўрапейскага. Нам пашчасціла, мы знайшлі пляцоўку – двор у краязнаўчым музеі. Быў добры выбух. Праз свае сацыяльныя сеткі паведамлялі, што будзем рабіць фестываль. Нам напісалі паўсотні чалавек, хтосьці дапамагаў з арганізацыяй, хтосьці з машынамі.
Фестываль мае назву «Прышчэпка». Як кажуць дзяўчаты, гэта месца сустрэчы жыхароў. Слоган – «Чапляйся да нас». Яго арганізатары выкарыстоўвалі не аднойчы:
– Гэта нешта новае і інакшае. У нас таксама працуе дыскусійны клуб, дзякуючы якому з’явілася ідэя зрабіць інклюзіўны фестываль «Я – супергерой». Каля 20 чалавек прыйшло на сустрэчу клуба. Кожны сказаў, што яго хвалюе, у канцы ў нас атрымаўся спіс праблем.
На першую сустрэчу прыйшлі мамы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, хацелі ўдзельнічаць:
– Мы зрабілі ўжо некaлькі сумесных мерапрыемстваў, дзе ўдзельнічаюць як звычайныя школьнікі, так і асаблівыя дзеці. Таксама мы правялі інклюзіўную паездку на іпадром, дзе дзеці каталіся на конях.
Жыццё рознае, але дзяцей варта знаёміць з усімі яго праявамі.
Ганна распавяла пра пілотную прэзентацыю вуліцы стрыт-фуда, якую зрабілі ўсяго за месяц. Дзяўчаты запрасілі музыкаў, папрасілі перакрыць вуліцу на час правядзення мерапрыемства. Зрабіць гэта дазволілі без праблем. Цікава, што на наступны дзень пасля мерапрыемства ўсе ямы адрамантавалі.
Валянціна Сідоркіна прапанавала барысаўчанам сабрацца без экспертаў, каб вырашыць, чаго сапраўды не хапае гораду, што кожнага турбуе, што варта змяніць. Разам рабіць значна прасцей і весялей, трэба, каб кожны выйшаў з зоны камфорту, тады горад можа здзівіць новымі ідэямі і праектамі.
Вельмі хацелася б, каб стратэгіі і планы актыўных жыхароў увасобіліся ў жыццё. Зміцер Бабіцкі лічыць, што будучыня за пенсіянерамі, а вось Дзяніс Кобрусеў параіў звяртацца да арганізацый па дапамогу і ствараць суполку актывістаў, якія маглі б займацца грамадскай дзейнасцю. Усё гэта магчыма ажыццявіць, асабліва калі ставіцца да свайго горада неабыякава і рабіць гэта не толькі для сябе, але і для сваіх дзяцей, як сказала ў канцы ток-шоў барысаўчанка Святлана Галова.
Наста Баброўская,
фота – Валянціна Зянкова