Калі мы кажам пра беларускі нацыянальны строй, мы перш за ўсё кажам пра дзве рэчы — жаночае адзенне і вышыванку. Але няўжо нашыя продкі-мужчыны хадзілі ў вышыванках, але без портак? «Быць такога не можа!» — скажа чытач і будзе мець рацыю.
Юлія Чынвяокву
Зразумела, мужчынскі нацыянальны строй быў, кажа гісторык моды і стылістка Юлія Чынвяокву. Але рэч у тым, што ён быў у двух увасабленнях: адзін строй — шляхецкі і больш «еўрапейскі», другі — больш народны. І менавіта народны строй цяпер асацыюецца з «сапраўдным беларусам».
Ужо сёння! «Будзьма моднымі!»: анлайн-сустрэча са стылістам. Пачатак а 16-й!
— Сапраўды, у беларусаў два гістарычныя мужчынскія строі: сялянскі нацыянальны строй і строй прывілеяваных саслоўяў. У апошніх заканадаўцам моды быў, вядома, каралеўскі двор, які дыктаваў далейшую моду шляхце і заможным саслоўям.
Еўрапейская мода вельмі ўплывала на беларускія шляхецкія строі — узяць хаця б Бону Сфорцу, якая прывезла з сабою італьянскую моду. Але мода гэта прыстасоўвалася да нашых асаблівасцяў. Калі ў італьянак, напрыклад, валасы былі ўпрыгожаны сетачкай, то беларуская шляхта была больш кансерватыўная, і валасы паненкам паказваць было не асабліва прыстойна. Таму нашыя дамы насілі чапцы, шапачкі і ўсяляк прыкрывалі валасы. Італьянская ж мода была больш адкрытай — дэкальтэ і гэтак далей.
Мужчынская мода і ў той час, і цяпер — больш статычная, змяняецца не так часта, як жаночая. Вось і сёння яна не схільная да зменаў з сезона ў сезон. Гэтак жа і тады — хаця шляхта і арыентавалася на еўрапейскіх каралёў і еўрапейскую моду, хацела быць падобнай да еўрапейскай эліты.
А ў сялян касцюм быў больш утылітарны, звязаны з зямлёй, з працай. Прычым на сялянскі касцюм мода не ўплывала, таму доўгі час ён практычна не змяняўся, у адрозненне ад паноўных саслоўяў. Гэта не як у шляхцічаў, якія мелі асобныя касцюмы на выхад, на паляванне. Хаця святочны касцюм у сялян быў, i быў ён вельмі прыгожы. Для сялянскага строя важна, каб адзенне было зручным, прыемным для цела, каб вопратка не замінала працаваць і «дыхала». А паколькі праца ў асноўным была на сонцы, на дварэ, з гэтым, напэўна, звязаны светлы ў асноўным колер нацыянальнага сялянскага строя.
Таму традыцыйны, «стэрэатыпны» мужчынскі касцюм, у якім мы бачым беларуса, — белая вышыванка з чырвоным арнаментам, саламяны капялюш з шырокімі плоскімі палямі, шырокія даматканыя штаны, лапці. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя капялюш змяняюць картузы, а лапці — боты ці чаравікі, аднак для асноўнай масы сялян яны былі недаступнымі. Касцюм сялян, у прынцыпе, быў нязменны многія стагоддзі. Да яго дадаваліся нейкія элементы, нешта прыходзіла з развіццём вытворчасці адзення і абутку, нешта сыходзіла, але асноўная кампазіцыя заставалася статычнай.
— Але ў нас у пэўны перыяд з’явіўся слуцкі пояс. Па-мойму, больш ні ў адной культуры, ні ў адным касцюме не аддавалася такой увагі гэтаму элементу адзення…
— Сапраўды так. Слуцкія паясы — гэта ўнікальная з’ява для Беларусі, для беларускай культуры. Найбольшага росквіту яны дасягнулі ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Яны былі адметным аксесуарам шляхты, і як жанчына ў дыяментах, так і гэты пояс быў паказчыкам статусу, дэманстрацыяй заможнасці, багацця і высакароднага паходжання. Слуцкі пояс маглі дазволіць сабе толькі вельмі багатыя шляхцічы, таму што гэта была вышыўка залатымі і срэбнымі ніткамі, вельмі дарагія матэрыялы… І ручная праца, паводле знакамітага верша Багдановіча.
— Але цяпер мы ведаем, што Багдановіч памыляўся: на самай справе ніякіх «слуцкіх ткачых» не было, і ткаць слуцкія паясы мелі права толькі мужчыны...
— Сапраўды, лірычная гісторыя — мастацкая выдумка, бо ткаць паясы мелі права толькі мужчыны — умелыя майстры, праца якіх добра аплачвалася. Сапраўдны слуцкі пояс мог змяшчаць да 200 грамаў золата: за адзін такі дарагі аксесуар у даўнія часы можна было купіць некалькі пародзістых коней або нават невялікі маёнтак.
— Усё ж чаму менавіта поясу надавалася такая ўвага?
— Мабыць, таму, што пояс — гэта абярэг, гэта абарона. Калі мы паглядзім на праваслаўныя і хрысціянскія традыцыі, то былі паясы, на якіх былі напісаныя малітвы. Іх часцяком насілі пад адзеннем, асабліва на вайне. І нават цяпер мая маці, напрыклад, носіць пояс з малітвай.
Гэта значыць, ты апяразваешся — і сябе засцерагаеш. Класічны слуцкі пояс – гэта раскошная доўгая (да 3,5-4 м) тканіна шырынёй 35-40 сантыметраў, якую, складваючы ўдвая або скручваючы, павязвалі паўзверх шляхецкага адзення (кунтуша). Чым багацейшы быў узор, тым прэстыжнейшым гэта было.
Наогул, у мужчын было мала магчымасцяў паказаць свой статус праз вопратку, і пояс быў адным з такіх інструментаў. Я ведаю, што слуцкія паясы нават перадаваліся ў спадчыну.
Дарэчы, варта зазначыць, што вытворчасць слуцкіх паясоў канчаткова спынілася пасля ўваходжання беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі. То бок гэта сапраўды толькі нашая — беларуская — адметнасць.
Кампанія «Будзьма беларусамі» выпусціла шалікі і хусткі ў стылі слуцкіх паясоў. Мы папрасілі Юлію Чынвяокву паказаць некалькі спосабаў, якімі можна насіць гэтыя хусткі і паясы ў сучасных умовах. Таму мадэлямі выступілі звычайныя людзі ў звычайнай вопратцы — сама Юлія Чынвяокву і звычайны журналіст Сяргей Пульша. А здымалася ўсё на звычайны лічбавы Canon без ніякіх «наваротаў».
Юлія Чынвяокву: Беларускі нацыянальны касцюм можна стварыць проста цяпер!
Як насіць шалік «слуцкі пояс»? Найперш, вядома, як пояс. Цяпер, калі мы пазбаўленыя саслоўнасці і шляхецкіх забабонаў, гэта могуць рабіць як мужчыны, так і жанчыны. Прычым «жаночых варыянтаў» для шаліка, безумоўна, больш.
Дзякуючы таму, што шалікі «пад слуцкія паясы» дастатковай даўжыні, мужчыны могуць замяняць імі гальштук. Прычым насіць яго як «пад сукенку», так і проста на шыі. Дый чаму толькі мужчыны? Жанчыны часам таксама любяць гальштукі!
У прынцыпе, мы ўжо прывыклі да таго, што і хусткі — не выключна жаночае. «Банданы», хусткі на шыю як «пірацкі» альбо «байкерскі» варыянты — і для мужчын тут фантазіі дастаткова.
Да таго ж выкарыстанне хустак цяпер — вельмі і вельмі шырокае. Яны могуць насіцца практычна дзе заўгодна і ўпрыгожваць не толькі галаву.
Але ў прынцыпе галоўнае прызначэнне хусткі — усё ж валасы і шыя. Галоўнае — проста ўключаць фантазію і не зацыклівацца на «бабуліным спосабе» павязвання гэтых хустак. Ёсць шмат іншых спосабаў — ад «віктарыянскага банта» да «чалмы» ў розных варыяцыях. Галоўнае — не паблытаць чалму з турбанам: для турбана больш падыдзе шалік, а не хустка.
Карацей, дайце волю свайму вобразу і сваёй фантазіі!
Аліна Бялова, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!