У межах чацвертага па ліку фестывалю рэгі-музыкі GreenShip выступілі беларускія каманды “Гаротніца” і BEZ.NOT, а таксама замежныя госці – Vavamuffin, адна з самых прагрэсіўных музычных фармацый у Цэнтральнай Еўропе. Пазітыўную атмасферу падтрымліваў таксама DJ Papa BO.
Фэст GreenShip сёлета прайшоў ужо чацверты раз. Яго арганізатары заяўляюць, што імкнуцца адкрыць новыя межы ў музыцы рэгі. За гэты час яны паказалі найлепшыя каманды ў гэтым кірунку не толькі з Беларусі, але і з суседніх краінаў. Польскія выканаўцы другі раз былі запрошаныя на гэты фэст – да гэтага клікалі каманду Paprika Korps, а цяпер прыехалі варшаўскія растаманы Vavamuffin. Гэтую каманду называюць адной з самых прагрэсіўных у сваім стылі ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе.
Вядоўца фэсту Дзмітрый Шаўчук прывітаў усіх у вечар 25 сакавіка воклічам “Са святам!” ды патлумачыў трошкі ашалелай публіцы: “А што музыкі на сцэне, гэта для вас ужо не свята?” Першымі настроіць гледачоў на пазітыўны лад былі пакліканыя музыкі з “Гаротніцы”, якія граюць не чысты рэгі, а цэлую сумесь стыляў. Удзельнік каманды Андрусь Такінданг прапанаваў паклікаць вакалістку каманды Валерыю, як Дзеда Мароза на Новы год. Неўзабаве яны выскачыла на сцэну ды адразу зацягнула адзін з галоўных баевікоў каманды – “Фінка для дзяўчынкі”. Усё было добра, толькі што, як сумна пажартаваў адзін з прысутных гледачоў, людзей на танцпляцы было ненашмат болей, чым музыкаў на сцэне. Зрэшты, з кожнай хвілінай іх рабілася ўсё больш.
На выхадзе надзеі айчыннай рэгі-сцэны – гурта BEZ.NOT – жарцікі наконт малалюднасці суцішыліся. Хлопцы таксама пачалі са свайго забойчага хіта – “Мимо дома”, які атрымаў вядомасць дзякуючы таму, што прагучаў у нейкім “энтэвэшным” серыяле. Вакаліст Жэня Сысоеў спяваў песні пра прыгожых людзей, раздаваў усім пазітыўныя эмоцыі, нагадваў, што хутка лета, ды заклікаў апладзіраваць адно аднаму: “Як добра, што мы тут разам. Значыць, нам падабаецца адно і тое, а гэта вялікая рэдкасць”, – трохі паразважаў музыка са сцэны. Пры канцы BEZ.NOT сыгралі яшчэ адзін са сваіх фірмовых хітоў – “Нярускі” з рэфрэнам “Быць беларусам” – вынік канфрантацыі Жэні з магілёўскім музыкам Янам Маўзерам. Уласна, заклікам “быць беларусам” музыкі і развіталіся з удзячнай мінскай публікай і самі прадставілі хэдлайнера вечарыны.
Vavamuffin запрагалі доўга. Яны працягла і грунтоўна адладжваліся, каб адыграць цудоўны паўтарагадзінны сэт. Гэты гурт у наступным годзе адсвяткуе сваё 10-годдзе. На рахунку варшаўскіх музыкаў – тры студыйныя альбомы ў кірунку рага з элементамі даб ды дэнс-хол. Адметная іх рыса – адразу пяць вакалістаў, прычым тры з іх вольныя, без інструментаў. “А як да вас мувіць? – спытаў адзін з вакалістаў і, не дачакаўшыся адказу, працягнуў. – Ну канечне, па-беларуску”. Цікава, што салісты Рэганератар, Паблопава ды Горг спрабавалі размаўляць з мінскімі слухачамі адразу на чатырох мовах – па-польску, па-ангельску, па-беларуску ды па-руску. Яны напампоўвалі беларусаў пазітывам, перад кожным творам паўтаралі: “Спецыяльна для вас” і адзначалі, якое ж пекнае месца гэты Мінск. Песні Vavamuffin людзі ведалі слаба, але падтрымлівалі гасцей неймаверна – танчылі практычна ўсе прысутныя, а найбольш ажывіліся, калі палякі заспявалі пра свайго прэзідэнта, якім з’яўляецца Джа.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч