Рэп ад Андрэя Хадановіча, пранікнёныя словы ад Паліны Рэспублік, танцы ад Рэха і шмат іншага ў справаздачы з UNPLUGGED:BY у Віцебску.
У Віцебскім бітлз-клубе “Паддашак” (“Чердачок”) адбылася вечарына беларускай музыкі і паэзіі пад кодавай назвай UNPLUGGED:BY. Незвычайная музычна-паэтычная кампанія ў гэты вечар давала прыклад натхнення Беларуссю і вучыла быць сапраўднымі беларусамі.
Пачаўся вечар спевамі і карагодамі ад гурта “Паўночная Сухадроўка”, які ўжо становіцца паціху візітоўкай беларускага Віцебска. А далей сабраных здзіўляў сваімі музычнымі здольнасцямі… Андрэй Хадановіч! Як выявілася, спявае пад гітару і чытае рэп паэт не горш, чым піша і перакладае вершы!
Паліна Рэспубліка завітала ў Віцебск ужо ў трэці раз, але толькі зараз дабраліся ўсім трыа і ,па словах Паліны, толькі цяпер змаглі нармалёва паглядзець увесь горад. Пэўна, натхнёнасць горадам мастакоў дадала спявачцы імпэту, і яна выдала неверагодна пранікнёны сэт амаль на гадзіну!
Заканчвалася вечарына танцамі пад хуткія рытмы ад RECHA. Зала падхоплівала словы песень Такіданга і разам з ім праспявала апошні хіт “Няма Беларусі”.
Спадзяемся, гэта не апошні іх сёлетні выступ у Віцебску…
фота: Дзіма Лось
тэкт: Уладзімір Булаўскі