З нядаўніх часоў адной з традыцый міжнароднага фестывалю «Рэнесанс гітары», які праводзіцца ў Гомелі, з’яўляецца калектыўнае выкананне кампазіцыі Yesterday Ленана і Макартні. На гэты раз, каб пабіць леташні рэкорд, у Гарадскім цэнтры культуры сабраліся 130 гітарыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Грузіі.
Ідэя належыць кампазітару, арт-дырэктару фестывалю Ігару Шошыну. У першы раз (у 2013-м) на сцэне ўдалося сабраць 78 добраахвотнікаў ад малога да вялікага. Тады гэта здавалася шмат. У 2014-м несмяротную кампазіцыю сыгралі «хорам» ужо 102 музыканты. Сёння ва ўзяцці новай вышыні ўдзельнічаў 131 гітарыст ва ўзросце ад 9 да 65 гадоў.
На жаль, да Гомеля не даехаў аркестр з Масквы – кажуць, яго спалохалі славутыя лясныя пажары. Калі б гэтыя музыкі былі трохі больш рашучымі, магчыма, новаму рэкорду атрымалася б размяняць дзве сотні.