Вядучы праграмы «Сармат» Васіль Калач сыграе ў спектаклі «Mlavaść» у Беластоку

12 снежня ў Беластоку адбудзецца прэм’ера монадрамы «Mlavaść», створанай па матывах твораў Франца Кафкі, у галоўнай ролі якой сыграе Васіль Калач, вядучы праграмы «Сармат» на Youtube-канале «Будзьма беларусамі», паведамляе racyja.com.

«Mlavaść»

Рэжысёр з Гародні Антон Ільін падкрэслівае, што спектакль стаў спробай асэнсавання стану свядомасці беларусаў і той рэчаіснасці, у якой супольнасць была вымушана існаваць апошнія гады:

— Гісторыя чалавека, раніца якога была перарваная брутальным стукам у дзверы. І гэта стала пачаткам канца. Рэчаіснасць змяніла гэтага чалавека. Павінна быць іначай — чалавек мусіць кіраваць сваім лёсам, а не лёс чалавекам.

Выканаўца галоўнай ролі, акцёр Васіль Калач адзначае, што гэта праца асаблівая і важная для яго асабіста, бо дазваляе праз мастацтва выказаць тое, што шмат каму з беларусаў баліць і сёння:

— Сябры, шчыра запрашаю вас на монадраму «Mlavaść»! Гэта звыклая для беларусаў гісторыя, знаёмая да дрыжыкаў. Але паданая троху гратэскна, каб мы пераасэнсавалі свой стан і нарэшце паспрабавалі яго перамагчы.

Спектакль «Mlavaść» зрэалізаваны ў межах мастацкай стыпендыі Прэзідэнта горада Беластока. Паказ пройдзе 12 снежня а 18-й у Pracownia Teatralna. Justyna Godlewska i Przyjaciele (Mickiewicza 71a, Беласток). Паўторны паказ адбудзецца там жа ў суботу, 13 снежня, а 19-й.