Большасць людзей, якія ведаюць пра вёску Крыжоўка пад Мінскам, успрымаюць яе як маляўнічае месца для лецішчаў. Але ёсць у гэтай мясціны і свая асаблівасць — Вялесаў камень. Раней ён знаходзіўся ў гушчары лесу, але цяпер побач праходзяць дзве дарогі, праз што пацярпела і само ўзвышша.
Да гэтага месца штогод прыязджаюць людзі з розных частак Беларусі, каб аднавіць традыцыю шанавання Вялесавага каменя. Калі казаць навуковай мовай, гэта адзін з аб’ектаў сакральнай геаграфіі нашай краіны. Дакладна невядома, чаму мясцовыя жыхары вылучылі менавіта гэты камень. Але старажылы згадваюць, што побач на гэтым месцы былі прывязаныя чарапы свойскай жывёлы, ручнікі, сюды прыходзілі, каб папрасіць аб здароўі каровы ці каня. І, зразумела, каб нешта атрымаць, трэба спачатку нешта даць, таму раз на год тут праходзіў абрад ушанавання каменя.
па інфармцыі этнографаў пэўнага дня для такога свята не было, бо ў кожнай мясціне яго праводзілі ў розны час. Справа ў тым, што на тэрыторыі краіны такіх камянёў некалькі. “Сама назва каменя кажа пра ягоную сувязь з адным з галоўных багоў, якога ў розных краінах называлі па-рознаму: Волас, Вялес, Вяльс і іншыя. І вось прыкладна ў гэтыя дні адзначаўся дзень Вялеса, ці Валоссе. Ужо ў хрысціянскім календары ён называецца днём святога Уласа ці днём Святога Васіля”, — кажа Зміцер.
Вялес лічыўся гаспадаром падземнага царства, таму натуральна, што ягоны дзень прыпадае на цёмную частку года. Ягонай гаспадаркай былі хатнія жывёлы, ён нават меў свой статак. Ён мог прымаць аблічча ваўка, быка, цмока. Таму невыпадкова пасля хрысціянізацыі гэты бог ператварыўся ў чорта.
Яшчэ адной нагодай святкавання Валосся ўзімку было тое, што ў гэты час у кароў нараджаліся цяляты і з’яўлялася малако. А значыць, у гаспадароў былі ўжо масла, сыр, тварог і іншыя прадукты. Пасля хрысціянізацыі хатнюю жывёлу даглядаў святы Улас, да якога часткова перайшлі рысы Воласа. “У вёсках на Святога Уласа людзі прыносілі ў цэрквы малако, сыр і тварог. Усё гэта пакідалі пад абразом, то бок мы бачым, што старажытная традыцыя праяўлялася і ў познія часы”, — кажа гісторык.
На месцы раскладаюць вогнішча, у кладуць ахвярную ежу і льюць малако ды піва. На вялікі камень кладуць ручнік, а на яго ставяць свечку і коўш з півам. Хлопцы спявалі адмысловыя песні і не толькі на беларускай мове, але і на літоўскай, каб падкрэсліць еднасць традыцый розных народаў. Спевы простыя — на некалькі словаў, але такія “мантры” маглі цягнуцца гадзіну. На ўшанаванні гралі на дудзе. Як патлумачыў Зміцер, духавыя інструменты таксама былі сферай Вялеса.
Пасля на камень выкладаюць ахвярную ежу: хлеб, сыр, сала, тварог. Па чарзе ўдзельнікі абраду адно ў аднаго бяруць коўш з півам, кажуць пажаданні на гэты год, крыху адпіваюць і частку піва выліваюць на камень. Дарэчы, коўш тут выкарыстоўвалі таксама не просты, а з выявамі паганскага задыяку.Пасля ідзе чарга малака, ім таксама паліваюць камень. Раней гэта было звязана са здароўем хатняй жывёлы, а цяпер — каб усім добра жылося.
Пасля абраду мужчыны павязалі на дрэва ручнік. Дарэчы, ля каменя шмат якіх культавых рэчаў, і ўдзельнікі Валосся сёлета казалі, што шмат што не іхнае, а нехта іншы прывязвае тут ручнікі і чэрап каровы.
Гэтае свята можа падацца збольшага мужчынскім, але, як расказаў Зміцер, у некаторых мясцінах яго святкавалі выключна жанчыны, збіраліся ў адной хаце ці карчме, пілі піва з даёнак і спявалі. А калі да іх трапляў мужчына, яго збівалі палкамі.Вялес таксама адказваў за дабрабыт у гаспадарцы, таму на камень і да свечкі кладуць манеткі ці папяровыя грошы.
Аўтар тэксту: Марыя Грыц, Фота: Сяргей Лескець