Спявачка адыграла свае найбольш кранальныя песні, а дождж так і не пайшоў.
У дворыку каля гарадзенскай галерэі “Крыга” адбылася творчая сустрэча з маладой беларускай зоркай. На сустрэчу, арганізаваную кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, завітала больш за сто чалавек, нягледзячы на пагрозу дажджу, якая паўдня “вісела ў паветры”.
Свой выступ Паліна прысвяціла лету, спявала, смяялася, жартавала, шчыра здзіўлялася і бянтэжылася, нават надзявала маску тыгра! Удзячная публіка, збольшага з дзяўчат-падлеткаў, паспявала ды лавіла кожны жэст свайго куміра. Як падчас лірычнага “Як ты без мяне тут?”, так і цягам дзёрзкай “Дарэчы” альбо жартаўлівай “Рыбы”.
Паліна прызнаецца, што ў Гародні выступае другі раз. Першы яе выступ прайшоў у 2012-м і сабраў… 15 чалавек. Наогул, як расказала спявачка, з горадам над Нёманам у яе часам звязаныя паўмістычныя выпадкі: сюды проста прыехаць, але з’ехаць без перашкодаў атрымліваецца не заўжды. Добра, што трапляюцца мясцовыя жыхары, якія дапамагаюць у такіх сітуацыях.
Скончыўся выступ розыгрышам трох падпісаных афішаў Паліны разам з камплектамі будзьмаўскіх паштовак. Вядоўца вечара Хрысціна Марчук прапанавала прысутным прачытаць па-беларуску верш пра каханне.
— Пра каханне, так, Паліна?
— Пра жывёлку! — кінула між іншым спявачка нібы падрыхтаваны адказ.
— Эм-м. Афішу атрымае той, хто прачытае па-беларуску верш пра жывёлку альбо пра каханне да жывёлкі!
На дзіва, сярод публікі знайшліся ахвочыя, і вечарына пачала ператварацца ў “вольную сцэну”. Пачуць можна было і нехрэстаматыйны варыянт Багдановіча “Вавёрка Венера ўзышла над зямлёю…” і пераспевы песняў Рэспублікі ў выкананні дзяўчатак з ліку слухачоў. Афішы знайшлі сваіх уладальнікаў, а фанаткі творчасці Паліны знялі для подпісу нават два плакаты, наклееныя скотчам на дзвярах ля ўваходу.
Роўна праз паўгадзіны пасля таго, як быў адлучаны і разабраны апошні мікрафон, а калонкі і крэслы схаваныя ў памяшканне, сцяной паваліў дождж.
Алесь Кіркевіч, фота аўтара