Шаўчук, Меладзэ, Пугачова… усіх «пад нож»?

«Зашквар» — чорная метка, якая можа прыляцець усяго толькі за паход на канцэрт Меладзэ ці Шаўчука. А хто тады вызначае, што «не зашквар»? Ці варта падпарадкоўвацца гэтым «вызначальшчыкам»? А можа... яны ўсё ж маюць рацыю? Разважае Алесь Кіркевіч.

Алесь20.pngАлесь Кіркевіч

Культавыя творцы расійскай музыкі нядаўна далі канцэрты ў Варшаве. Ну і — панеслася. Адным «зайшло». Іншыя не хадзілі, але асуджаюць. Бо — усё расійскае мае быць выпаленае калёным жалезам. Ну, а Меладзэ ў 2021-м наогул выступаў перад Віктарам Лукашэнкам...

А хто не спяваў «Мёртвый город» Шаўчука? Кожны папулярны творца, які доўга працаваў на шырокую публіку, заўжды недзе выступаў. Заўжды — «вінаваты». Шаўчук спяваў для расійскіх салдацікаў у Чачні ў 1994-м. Меладзэ нон-стоп круціўся перад расійскай элітай. Пугачова проста стала часткай постсавецкай «народнай» культуры. Яе песні бурчалі пад нос ад Уладзівастока да Клайпеды.

Пытаннечка: ці нясе творца адказнасць за тое, што яго творы слухаюць і выконваюць і там, і там? Напрыклад, «Мёртвый город» Шаўчука зацягнуць пад гітару і вайскоўцы УСУ, і прыгожынскія зэкі. Што тады рабіць? Хто вінаваты: той, хто напісаў, ці той, хто спявае і слухае?

А яшчэ можна задацца мэтай і пачаць капацца ў біяграфіях цалкам правільных выканаўцаў. Асабліва ўкраінскіх. Толькі адзін прыклад: у 2012-м Алег Скрыпка («Воплі Відоплясова») нахвальваў Януковіча, які той малайчына, лепшы за Юшчанку. За год да Майдану... А зараз Скрыпка праводзіць канцэрты для ўкраінскіх вайскоўцаў, дапамагае УСУ. Дык што, слухаць «ВВ» — «зашквар»? І ці мае той «зашквар» тэрмін даўніны?

Мінулага няма. Важнае толькі сёння

Калі разбірацца, які музыка куды хадзіў, дзе выступаў, з кім піў дарагі каньяк — можна лёгка зайсці ў тупік. «Правільным» акажацца толькі той, хто ніколі нікуды не хадзіў. Каньяк піў толькі танны. Бо — на «кватэрніках», дзе граў для сваіх сяброў. Вось тут складу злачынства няма. Але і публічнасці — таксама.

Насамрэч сёння не важна, хто — калі — куды хадзіў і што рабіў. У музыцы, палітыцы, грамадскай дзейнасці. Важна толькі тое, на якіх пазіцыях чалавек стаіць у дадзены момант і — што робіць. Давайце пафасна: ці ёсць ад цябе сёння карысць для перамогі Дабра або няма?

Гэты прынцып, дарэчы, працуе ў два бакі. Бо мінулыя заслугі ён таксама абнуляе. Вось чалавека рабіў-рабіў-рабіў... а ў важны момант проста — знік. Гэтая «белая пляма» для публічных людзей, творцаў ці палітыкаў, застанецца ў біяграфіях назаўжды. Але вернемся да Меладзэ з Шаўчуком.

Mieladze.jpg
Афіша канцэта Валерыя Меладзэ ў Варшаве

Калі Меладзэ малайчына, а калі — не?

Праблема зусім не ў расійскіх творцах, а ў тым, што нам усім да іх ёсць справа. Вось якая справа Меладзэ да Беларусі і нашых праблем? Ніякай. Чаму тады нас мае цікавіць, дзе ён там выступаў і што думае пра палітыку і вайну? Чаму мы звяртаем на яго ўвагу? Правільна, бо далей жывем у іхным інфаполі, незалежна ад палітычных поглядаў.

Увага — гэта ж скіраванасць энергіі. Калі мы звяртаем на нешта ўвагу, туды й накіроўваем нашы сілы (дарэчы, абмежаваныя сілы). Ну вось і нахалеру нам паласкаць маральныя мукі і выбар расіянаў, калі сваіх праблем — цэлая гара? Давайце лепш пра Міхалка ці Таболіча, га?

Ну і апошняе

З вайсковага пункту гледжання Шаўчук, Меладзэ ці Пугачова — малайцы. Тады малайцы, калі агітуюць расіянаў за мір. Сеюць пацыфізм на варожым расійскім полі. Крута! Было б значна горш, каб яны выступалі на адной сцэне з рознымі шаманамі. Таму — малайцы.

А вось калі яны ўлазяць у беларускае ці ўкраінскае полі з тым самым пацыфізмам («давайце мірыцца і жыць як раней») — то ўжо не малайцы. Бо гэта акурат зніжае баявы дух, замульвае рэальнасць, адвакатуе Расію праз культуру і слова.

Давайце раздзяляць і звяртаць увагу на свае праблемы і свае справы. Увага — гэта энергія. І яна ў нас з вамі абмежаваная.

Алесь Кіркевіч, Budzma. org