Менш за ўсё хочацца пісаць пра белую пляму на мапе Еўропы, лепей прывесці самы просты прыклад. У пачатку 2010-га, больш чым за паўгода да моманту, калі Беларусь ізноў апынецца ў спектры ўвагі заходніх СМІ, давялося шукаць згадкі пра нашу краіну ў інтэрнэт-СМІ.
Самым хітом з іх была споведзь інжынера з ПАР, які трапіў на пару месяцаў у Беларусь, дзе яго вельмі ўразілі дзве рэчы: па-першае, “zamagon” (самі здагадайцеся, пра што ідзе гаворка), па-другое, загадкавы “corner magazine”, дзе, уласна, прадаваўся “zamagon”, а таксама “бруд, які раскідваюць па дарозе, калі слізка, і які захоўваецца ў спецыяльных скрынях уздоўж дарогі”.
Тэкст, скажам шчыра, не самы прыемны, хоць і досыць вясёлы. Аднак у 2010 годзе Беларусь у сусветных СМІ амаль не згадвалася ўвесь перыяд ад “zamagon’a” да Плошчы 2010.
Прэс-клуб “Беларусь” вырашыў змяніць гэтую сумную тэндэнцыю ў 2011 годзе, калі быў заснаваны конкурс на найлепшы артыкул пра Беларусь у замежных СМІ пад назвай Belarus in Focus.
“У конкурсу доўгая гісторыя, — кажа адна з заснавальніц “Прэс-клуба” Юлія Слуцкая. — Гэта быў свайго кшталту наш адказ на тое, што пра Беларусь у свеце згадваюць раз на пяць гадоў, калі ў краіне праходзяць выбары. Нашая мэта — падштурхнуць журналістаў пісаць пра Беларусь. На самы першы конкурс прыйшло ля 70 працаў з усяго свету, і амаль усе былі прысвечаныя “апошняй дыктатуры Еўропы”.
Конкурс ідзе вось ужо шосты год, у ім узялі ўдзел журналісты болей чым з 30 краін, у тым ліку з Нігерыі і Аргенціны.
Пазнаёміцца з усімі тэкстамі, якія трапілі на конкурс і перамаглі ў ім, можна тут. А мы прапануем чытачам фрагменты найбольш цікавых журналісцкіх тэкстаў пра нашу краіну, чые аўтары перамаглі на конкурсе ў 2016 годзе.
Ілля Азар, Расія. “Калі вы вернецеся, мы вас заб’ем”
Ад вакзала да цэнтра горада праз чыгунку вядзе доўгі віядук. З іншага боку да яго ціснецца танная карчма “Статус”. Тут дзве залы: у адной — таннае піва і стаячыя месцы, у другой — дыскатэка з платным уваходам (тры беларускія рублі, каля ста расійскіх). Сюды вечарамі ходзяць чачэнцы, многія п’юць піва (Панасюк, зрэшты, кажа, што такіх усяго дзесяць мужчын з сотняў бежанцаў), некаторыя танчаць з дзяўчатамі; часам каля рэстарана здараюцца п’яныя сутычкі з мясцовымі, якім не падабаецца, што ў Брэст “панаехалі чачэнцы”. Некаторыя бежанцы, па словах Панасюка, знаходзяць тут сябровак — і потым, пакуль не пасварацца, начуюць у іх.
Беларусь — не самая ліберальная краіна ў свеце, але ўлады чачэнцаў не чапаюць. “Яны асаблівых праблем не ствараюць, проста сядзяць тут і спяць”, — кажа начальнік вакзала. Дзяжурны міліцыянт на вакзале аказваецца нечакана гаваркім. “Яны самі вырашылі свой лёс — вайны ж цяпер там няма, ды і праблем. Мужчыны іх ходзяць па казіно, па барах, так што грошы ў іх ёсць, хоць сядзяць тут такія бедныя і няшчасныя, — выкладае ён свае ўяўленні аб Чачні. — Я вось працую па 12 гадзін, а дазволіць сабе ў барах бываць не магу. Дзяцей шкада. Жанчыны і дзеці тут, а мужыкі здымаюць кватэры, гасцініцы і спяць нармальна. Калі на іх паглядзець даўжэй, то вы даведаліся б, якая ў іх культура. Я тут 20 гадоў, і хто толькі не ехаў за гэты час — адна і тая ж сітуацыя. Ёсць яшчэ пешыя пераходы, але ніхто не хоча пешшу”.
Раман Каляс, Францыя. “Goodbye, Чарнобыль”
Іншы вырашальны фактар у імкненні ўрада “перагарнуць” старонку Чарнобыля з’яўляецца першы з двух рэактараў на Астравецкай АЭС на поўначы краіны, якая, як чакаецца, пачне працу ў канцы 2018. Будаўніцтва пачалося ў 2008 годзе, праект кіруецца даччынай кампаніяй расійскага Расатама. Беларусь выйграла ад гэтага праекта крэдыт у памеры 9,7 млрд даляраў з Масквы. “Гэта будзе адносна танная электрастанцыя, таму што ўлады дамагліся кантрактаў у беларускіх рублях”, — кажа эканамічны журналіст Таццяна Манёнак. — Будаўніцтва АЭС, а таксама прыбыццё мясцовых і замежных рабочых ужо стымулявала развіццё рынку нерухомасці ў горадзе і яго ваколіцах. Але па логіцы рэчаў, нягледзячы на эканамічны спін-оф, шмат хто быў супраць праекта з самага пачатку.
Напрыклад, Рыгор Леін, 85-гадовы фізік і грамадскі актывіст. На ягоную думку, Астравец падобны да літоўскай электрастанцыі ў Ігналіне, закрытай у 2009 годзе па просьбе Брусэля, якая таксама працавала на расійскіх рэактарах. “Як толькі была зробленая аб’ява аб закрыцці Ігналінскай АЭС, рускія тэрмінова вырашылі пабудаваць дзве новыя электрастанцыі: адну ў Калінінградзе, другую ў Беларусі». Для Рыгора Лепіна няма ніякіх сумненняў, што энергія, якая вырабляецца ў Беларусі будзе прапаноўвацца краінам Балтыі, каб захаваць іх “у арбіце” Масквы.
Лізавета Касмач, Беларусь. “Нябачныя меншасці”
Гэтыя людзі часта застаюцца ў адзіноце ў барацьбе за роўныя магчымасці. Толькі некалькі чалавек з абмежаванымі магчымасцямі здолелі ўзяць удзел у мітынгу ў Мінску 5 мая 2016 года. Арганізатары мерапрыемства, Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў, хацелі вылучыць асноўныя патрэбы людзей, у першую чаргу — стварэнне безбар’ернага асяроддзя і пазбаўленне дыскрымінацыі.
На жаль, акцыя прайшла далёка ад цэнтра горада, на плошчы Бангалор, нябачнай для шырокай аўдыторыі. Гэта традыцыйнае месца, дзе беларускія ўлады дазваляюць апазіцыі арганізоўваць палітычныя пратэсты, такім чынам зручна перамяшчаючы гэтыя пратэсты далей ад увагі грамадства.
Алена Саўчук, Украіна. “Узаконенае забойства”
На пакаранні, апроч расстрэльнай каманды, прысутнічаюць толькі пракурор і доктар. Дата і час выканання прысуду трымаюцца ў сакрэце. Пра тое, што чалавека пакаралі смерцю, сям’я даведваецца з пасведчання аб смерці: у графе “прычына смерці” стаіць прочырк.
Цела і рэчы пакаранага сваякам не выдаюць, месца пахавання не паведамляюць. Некалькі гадоў таму праваабаронцы паспрабавалі абараніць права сям’і атрымаць асабістыя рэчы расстралянага — дзяржава пачала дасылаць турэмныя робы.
Маці Аляксандра Грунова атрымала па пошце турэмную вопратку сына, у якой ён чакаў расстрэлу ў камеры смяротнікаў. Абутак, шапка, штаны і куртка блакітна-шэрага колеру. На куртцы белай фарбай выведзеныя няроўныя літары ИМН — “выключная мера пакарання”. Пасылка “Да запатрабавання” прыйшла Вользе Груновой раней, чым апавяшчэнне пра тое, што сына расстралялі.
Анастасія Іванцыў, Украіна. “Маленькая свечачка ў літары Ў”
— Украінскія падзеі — гэта каталізатар падзелу ў беларускім грамадстве. Бацькі, якія глядзяць расійскае тэлебачанне, сварацца са сваімі дзецьмі, муж і жонка, якія не гавораць на палітычныя тэмы, таксама. Вядома, цяжка падмануць тых, хто мае жывыя кантакты з украінцамі, хто ездзіў на Каляды ў Львоў.
Зразумець Беларусь украінцам няпроста. Тут няма падзелу на Усход і Захад, няма білінгвізму і барацьбы ідэнтычнасцяў, таму, што ні кажы, усё заціхае пад гукам рэжымнага набату.
— Мы блізкія і ментальна, і культурна, але беларусы — гэта такія славянскія скандынавы, а ўкраінцы — балканскія славяне з усёй кустурыцаўшчынай, драйвам, трубамі і грамафонамі, — кажа Андрэй Хадановіч.
Сбара Айрэс, ЗША. “Калі эканоміка Беларусі дае збой, Лукашэнка глядзіць на захад”
Лукашэнка спадзяецца, што заходнія крэдытныя ўстановы ўмяшаюцца, каб дапамагчы. Большасць людзей чакае, магчыма, крэдытнага пакета Міжнароднага валютнага фонду, які могуць даць у выпадку правядзення рэформаў. Пры гэтым ён кажа, што не будзе прымаць якія-небудзь змены, якія азначаюць “разгром палітычнай сістэмы Беларусі”. Пазней ён, здавалася, указваў на магчымасць некаторых зменаў, распавёўшы прэсе ў снежні пра перамовы з МВФ.
Тэкст і пераклады Мікалая Левертава
Фота: Зарына Кандрацьева