“Сваю назву Пружаны атрымалі ў часы Боны Сфорца”, – працоўная група “Кірмашу праектаў” разам з экспертам Антонам Астаповічам набліжалася да горада і з заміраннем сэрца чакала, ці прыйдуць аўтары праектаў у такі мароз (feel like -31!) падзяліцца сваімі ідэямі па паляпшэнні культурніцкага жыцця Пружанаў.
Музей-сядзіба “Паружанскі палацык” другі раз прымае мерапрыемствы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Пасля мінулай дыскусіі, у межах якой высвятлялася, што культура мае прапанаваць моладзі ў малых гарадах, у пружанцаў з’явілася шмат ідэяў для самых розных аўдыторый. 30 студзеня 2014 г. дзесяць задумаў было прадстаўлена грамадскасці на абмеркаванне.
Ідэяў у пружанцаў вельмі шмат, рознай ступені распрацаванасці і магчымасці рэалізацыі. Многія з іх яшчэ нельга лічыць сапраўднымі праектамі, але ідэі ўжо ёсць. Практычныя парады па іх дапрацоўцы і далейшым ажыццяўленні давалі эксперты Антон Астаповіч (старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры), Дзяніс Голін (рэалізатар аднаго з музычных праектаў-удзельнікаў папярэдніх “Кірмашоў праектаў”), Зміцер Назараў (музычны прамоўтар, каардынатар кампаніі “Будзьма!” па Брэсцкім рэгіёне), а таксама прадстаўнікі мясцовай гарадской адміністрацыі.
Першай ідэяй, прадстаўленай публіцы, стаў краязнаўчы праект «Пружанскі раён у гісторыях і малюнках», які прэзентавалі юныя сябры Літаратурнага клуба ГАТК. Аўтары маюць вялікія планы – правядзенне экспедыцый па Пружаншчыне ў пошуках гісторыка-культурных аб’ектаў, іх прафесійная фотафіксацыя, напісанне вершаў і апавяданняў сябрамі Літаратурнага клуба ГАТК і ўрэшце выданне альбома з фатаздымкамі ўсіх знойдзеных помнікаў і твораў юных пісьменнікаў. Антон Астаповіч натхнёна абяцаў дапамогу ў рэалізацыі праекта – падрыхтоўцы экспедыцый, методыцы апісання аб’ектаў і распрацоўцы прапановаў па наданні ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Шэраг ідэй прапанавалі публіцы супрацоўнікі музея-сядзібы. Наталля Сяргееўна Пракаповіч, галоўны захавальнік фондаў Палацыка, прэзентавала экскурсійны маршрут “Напалеонаўскі шлях”, які праходзіць праз вартыя ўвагі турыстаў мясціны, да якіх цяпер яны не даязджаюць. Крысціна Генадзеўна Глушко, старшы навуковы супрацоўнік, падзялілася ідэяй па QR-ідэнтыфікацыі гісторыка-культурнай спадчыны г. Пружаны. М. Каўтунюк з праектам “Жыццё анлайн унікальнай пушчанскай вёскі” прапанавала зазірнуць ў в.Стойлы, дзе жыве ўнікальны майстар Мікалай Васільевіч Тарасюк. Эксперты параілі не пасягаць на прыватнае жыццё народнага майстра, а, скарыстаўшы іншую цікавостку вёскі, перафарматаваць анлайн-трансляцыю ў фотапраект. Справа ў тым, што Стойлы паступова з дзвюх бакоў захоплівае Белавежская пушча. Тропы дзікіх жывёл праходзяць літаральна па вуліцах выміраючай вёскі.
Дырэктар Палацыка Юры Сяргеевіч Зялевіч прапанаваў папулярную ва ўсім свеце ідэю па стварэнні творчага кластара. У пружанскі “Арт-цэнтр” плануецца ўключыць галерэю сучаснага мастацтва, кнігарню, краму, кавярню, а таксама лабараторыю-інкубатар творчых ідэй. Другую ідэю спадара Зялевіча, выдавецкі праект “Імёны Бацькаўшчыны”, можна лічыць справай жыцця Юрыя Сяргеевіча: выданне кнігі, якая змяшчае біяграфіі знакамітых асобаў, што нарадзіліся на Пружаншчыне. Матэрыял для кнігі амаль гатовы. Цяпер справа за дзяржаўным фінансаваннем гэтага сацыяльнага праекта або спонсарствам бізнэсоўцаў, якія захочуць такім чынам увайсці ў гісторыю Пружаншчыны.
“Ці задумваліся вы калі-небудзь, хто натхняў нашых слынных пісьменнікаў на іх творчасць? Ці ведаеце вы што-небудзь пра жанчын Янкі Купалы і Якуба Коласа? Я вам адкажу: не!” Так пачала прэзентацыю сваёй творчай ідэі Ніна Васільеўна Дыдышка. Ідэі палягае ў выданні кнігі “Музы Беларусі”, матэрыял для якой спадарыня Ніна збірае ўжо шмат гадоў. Яна дапаможа “выхоўваць сябе на адносінах слынных беларускіх мужчынаў і жанчынаў”. Скончыць прэзентацыю Ніна Васільеўна вырашыла ўласным вершам, які прысвяціла ўсім прысутным жанчынам.
Творчы напрамак працягнула Ганна Мязга. Ганна шукала аднадумцаў для стварэння рок-гурта, а праспяваўшы песню, атрымала парады ад Дзяніса Голіна і Змітра Назарава па сольнай кар’еры:
– Мне падаецца, што гурт мусіць быць як сям’я! Усе мусяць жыць адной ідэяй і адказна рабіць усё для яе ўвасаблення, – падзялілася мроямі Ганна.
– Складана проста сям’ю стварыць! Не тое што такі гурт!
– Навошта губляць час на пошукі, калі можна рабіць тое, што ў вас самой вельмі добра атрымліваецца.
Музычная тэма атрымала развіццё ў праекце Інгі Воран. Яна распавяла пра музычны фестываль, што ладзіцца ўжо на працягу трох год у Пружанах, і параілася з публікай па змене фармату і назвы фэсту. Прысутныя прадстаўнікі мясцовых уладаў паабяцалі аўтарам арганізацыйную падтрымку праекта.
Ідэю па стварэнні музея-кватэры М. Купрэева прэзентавала С. Собаль. Падзяліўшыся цёплымі ўспамінамі пра спадара Купрэева, Святлана Аляксандраўна атрымала парады па першых кроках такой працы ад Антона Астаповіча, які цяпер бярэ ўдзел у заснаванні музея імя Алеся Адамовіча.
Усе аўтары культурніцкіх ідэй заручыліся падтрымкай гарадскога партала pruzhany.net. Сустрэча атрымалася пазітыўнай і канструктыўнай: “Як добра творча папрацавалі!” – пачулі мы меркаванне адной з удзельніц Кірмашу. Па традыцыі ўсе прысутныя маглі ацаніць прадстаўленыя праекты ў катэгорыях “Актуальнасць”, “Важнасць”, “Магчымасць рэалізацыі”. Ацэнкі праектаў, а таксама падрыхтаваныя аўтарамі прэзентацыі глядзіце тут.
“Кірмаш праектаў” – гэта камунікацыйная і адукацыйная пляцоўка для адмыслоўцаў у культуры і кожнага, каму гэтая сфера цікавая. Кампанія “Будзьма беларусамі!” збірае ў адным месцы ў адзін час людзей з ідэямі, досведам і рэсурсамі для абмеркавання і ўдасканалення прадстаўленых праектаў. Іншымі словамі, разам мы прадстаўляем цікавыя ідэі, аналізуем магчымасці іх рэалізацыі і дзелімся ўнікальным практычным досведам. Калі вы маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце ў сваім горадзе, пішыце на razam@budzma.org.
Старонкі “Кірмашу праектаў” у сацыяльных сетках: vk.com, facebook.com.
Лізавета Неўмяржыцкая
Фота: Зарына Кандрацьева