Выступ літоўскай спявачкі Аліны Арловай адбыўся ў мінскім клубе Re:Public 25 лютага.
Я, вядома, бачыла яе на фотаздымках, але толькі цяпер зразумела, якая яна ў рэальнасці. Не грудастая жанчына з крыламі, кіпцюрамі і заплаканымі вачыма, а вось менавіта такая: маленькая, лёгкая, жывая – птушка Сірын, якая пяе сумныя песні.
Тоненькая, сарамлівая, рудавалосая птушачка Аліна Арлова дала аншлагавы канцэрт у мінскім клубе Re:Public. Самая вядомая спявачка Літвы аб’яўляла са сцэны чарговую песню, а зала захоплена (не збянтэжаная загадкавасцю літоўскай мовы) апладысментамі сустракала выкананне гэтых песень, падпявала складаныя вакальныя партыі і невытлумачальныя словы. Можна, вядома, думаць, што з-за беларуска-літоўскага гістарычнага мінулага Аліна Арлова – таксама «наша» спявачка і што стаўленне ў нас да яе асаблівае, трапяткое і нават патрыятычнае. Але ўсё значна прасцей: маленькая птушачка сапраўды чароўна спявае, і любяць яе менавіта за гэта.
Клуб – бітком, але замест слэма пад сцэнай – частакол галоў: людзі ўважліва глядзяць на сцэну, дзе – «мора хвалюецца РАЗ!». Музыка сцякае ўніз, і вось ужо зала па калена ў светлым суме. «Мора хвалюецца ДВА!» – фігуры варухнуўся, кароткія, ледзь чутныя рэплікі. «Мора хвалюецца ТРЫ!» Замры! Марскімі фігурамі на месцы танцпляца – людзі, якія прыйшлі паслухаць песні Птушачкі. Песні сумныя, праніклівыя, але смутак – светлы, няма ў ім працяглай старажытнарускай беспрасветнай нуды птушкі Сірын. Наша Птушка – невялічкая, і сум яе гэткі ж: ўсплакнуць не паспяваеш, так … прызадумацца толькі. Пажурылася і перадумала. І вось зноў усміхаецца. «Марскія фігуры» танцпляца паступова зніклі, заварушыліся, перамінаючыся з нагі на нагу, адкашляліся, асмялелі і шумна заапладзiравалi. «Брава!”, “Аліначка, як жа мы цябе любім!” – “Гэта, вядома, вельмі прыемна …» – бянтэжачыся, прамаўляе Аліначка. Відаць, ёй значна прасцей спяваць, чым гаварыць са сцэны.
І зноў паскакалі лапкі па клавішах. Звонкі галасок. Kas uzkure lauza – гэтая песня зусім не сумная: «Хто запаліў вогнішча на маёй галаве? Палаю, палаю ўначы, палаю, палаю ўдзень ». Скок, скок! Даспявала, ўзляцела з-за клавішных, схапіла вады. Пакружыла, села на галінку. Падумала, зацягнула сумную мелодыю Nesvarbu.
Если бы я прыгала из окна, то только в ноябре месяце,
Когда тротуар покрыт кровоточащими листьями.
На меня прибежали бы посмотреть дворовые дети.
Я бы улыбалась им, я бы улыбалась им ещё долго.
Я сказала бы: «Детишки, не бойтесь ничего:
Ни смерти, ни школы, ни плохих оценок».
Я сказала бы: «Детишки, если бы вы только знали,
Как это все неважно».
Дзіўна, адкуль гэтая маленькая міленькая птушка ведае такія сумныя мелодыі. Ёй 23 гады. Гэта ёй зараз 23 гады, а большасць гэтых сумных песень з альбома Belekokie напісаныя амаль 10 гадоў назад! Асабіста мне не па сабе ад усведамлення, што ў 14 гадоў анёлападобная дзяўчынка піша такія глыбокія радкі. Лепш бы я не зазірала на старонку з перакладамі яе песень. Дастаткова незямнога гучання і прыгажосці яе музыкі.
«Жанюся! Шурачка, жанюся! – побач заварушылася «марская фігура» майго сябра, журналіста Дзмітрыя Навіцкага. – Стаўлю залатыя зубы і ажанюся!» – натхнёна паведамляе, разбіўшы сум-нуду цытатай з «Залатога цяля». Далей мы бурна абмяркоўваем «клубнасць» музыкі Арловай: ці падыходзіць Re:Public для «фартэпіянных споведзяў»? Жанр яе музыкі як толькі не вызначалі: ад барока-поп да альтэрнатыўнага фольку. Аліна Арлова ў спісе выканаўцаў джаз-рок-фольк-фэстаў. Чаму б у клубе не спяваць? Але ўсё ж, як на мяне, не ў клубе. Фартэпіянныя песні – яны … як бы сказаць … вельмі інтымныя. Кватэрнік, тэатральныя пляцоўкі, касцёлы для камернасці … а яшчэ лепш жыць з такой красуняй, каб у гасцінай яна спявала вечарамі. Увогуле, дагаварыліся мы і да таго, наколькі, пэўна, цудоўна слухаць спевы Аліны Арловай, якая прымае душ.
Толькі мы навыдумвалі мрояў, як тут і казачцы канец: Аліна і музыкі выйшлі на паклон. Толькі адну гадзіну гралі! Дзіўна, падумалася раптам. А потым згадалася, што толькі нашы музыкі выдаюць трохгадзінныя канцэрты. На захадзе і сапраўды так не прынята: выйшаў, адыграў акуратненька гадзінную праграму і “да новых сустрэч”. На «біс» клікалі настойліва і апантана. Тройчы. Тройчы музыкі выходзілі і гралі. Зрэшты, у выніку атрымалася паўтарагадзінная праграма, вельмі насычаная і разнастайная: спявачка праспявала песні з трох альбомаў і некалькі новых. Тройчы выбягала на сцэну маленькая дзяўчынка ў зялёнай сукенцы: падарыла Аліне букецік, потым паштовачку, а потым выйшла проста так – ёй, відаць, вельмі спадабалася па сцэне. Чацвёртага “бісу” не здарылася: пажурылася птушачка і паляцела далей па сваіх справах.
Ганна Трубачова, фота Tarantino