Прафесійныя фотамастакі Беларусі ўзялі ўдзел у фотапленэры “Юрава гара-2009” 2–3 кастрычніка. Мерапрыемства прайшло ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, асноўная мэтай якой – папулярызацыя беларускай культуры як моднай, сучаснай, перспектыўнай.
У мінулыя выходныя крэўская зямля вітала Сяргея Плыткевіча, Анатоля Кляшчука, Віктара Суглоба, Віталя Раковіча, Андрэя Дубіцкага, Сяргея Качаргіна, Віктара Сядых.
Адкрыццё фотапленэра стала адкрыццём некаторых малавядомых старонак з жыцця Крэва. Для гледачоў аказалася нечаканым тое, што словы да папулярнай песні “Гуляць дык гуляць” ансамбля “Сябры” напісаў не хто іншы як зямляк крэўчан, паэт і празаік Уладзімір Някляеў. Ён жа – аўтар тэкстаў песняў з рэпертуру ансамбля “Верасы”.
Хто з беларусаў не ведае “Польку беларускую”? Бадай што кожны. А вось “Крэўскую польку” з “Народнага альбома” большасць з прысутных на адкрыцці фотапленэра пачула ўпершыню. Песні больш за дзесяць гадоў, і толькі цяпер пра яе даведаліся жыхары мястэчка.
Падчас мерапрыемства пры падтрымцы рэдакцыі газеты “Гастраном” адбылася дэгустацыя фірмовай крэўскай стравы. Цяпер кожны наведвальнік кавярні “Уют” у якасці дэсерта зможа пакаштаваць “Юраву гару”.
Увечары на спектакль “Кірмашовыя забавы” сабраў гледачоў тэатр лялек “Батлейка” Залескага дому культуры.
У суботу замак стаў пляцоўкай для выступу вулічнага сярэднявечнага тэатра “ДыГрыза”.
Фотапленэр – першы этап праекту “Юрава гара”. Наступнымі ў Крэва завітаюць літаратары. Затым мястэчка прыме кампазітараў і мастакоў.