Як трэба сябе адчуваць, каб у 11 гадоў замахнуцца на гісторыка-фантастычны раман? А колькі мець цярпення, упартасці, таленту і падтрымкі родных, каб у 16 яго скончыць, а ў 19 – выдаць як першую частку трылогіі? А потым, у 23, – усе 3 часткі? Гледзячы на гераіню праекту “Будзьма беларусамі!” “Ёсць маладосць!”, пісьменніцу Ксенію Шталенкову, я намагалася ўспомніць сябе ў 11, 16 і 23… і думала, што магчымасці чалавека абмяжоўваюцца толькі ягонай фантазіяй. У Ксеніі, відаць, такой праблемы проста не было.
– Ты пішаш большую палову свайго жыцця. Ты ўсё яшчэ адчуваеш сябе “маладой пісьменніцай”?
– Нават Умбэрта Эка называў сябе маладым пісьменнікам, хаця пісаць мастацкія творы пачаў недзе ў 40 гадоў. І называў сябе так да самага скону. Але ж у кожнага сваё азначэнне, хто такі малады пісьменнік. Для мяне гэта той, хто гатовы эксперыментаваць і шмат працаваць, каб стаць буйным пісьменнікам. Хто шукае сябе. Гэта больш пра ўнутраныя адчуванні і хваляванні наконт свайго пісьменства. Сябе я лічу зусім яшчэ маладзенькай: чым далей і болей пішу, тым больш разумею, што пакуль толькі вучуся. А штосьці вартае пачынаецца, можа, вось толькі цяпер.
– Адкуль прыйшла ідэя пачаць пісаць на беларускай мове ды яшчэ гісторыка-фантастычны раман?
– Калі па шчырасці, дык адразу ён быў не на беларускай мове. Перакласці мне яго прапанавалі, калі ён ужо быў завершаны. Маўляў, так будзе больш шанцаў выдаць. І ўжо пасля таго я працягнула пісаць па-беларуску.
Вершы мяне тады не вабілі ніяк. Не паэтычная я натура. А вось нейкія гісторыі я складала і да таго моманту. У мяне была цэлая эпапея пра маіх хатніх жывёлак. І па колькасці герояў, складанасці сюжэта, малюнках… там і Талстой бы пазайздросціў.
Раман пачаўся з задання ў школе. Прапанавалі апісаць апавяданне ці пачатак рамана, бо мы якраз праходзілі розніцу жанраў. “Калі апавяданняў ужо цэлыя зборнікі, чаму б не перайсці да буйных форм?” – падумала я, 11-гадовая. Абмеркавала рашэнне з бацькамі, атрымала ўхвалу і вырашыла пісаць раман. А фантастыка-гістарычны таму, што ў той момант я захаплялася гісторыяй, творамі Уладзіміра Арлова і Вітаўта Чаропкі. Але дастатковых ведаў па гісторыі ў мяне тады не было. І там, дзе былі прабелы з фактамі, я проста ўключала фантазію.
Нягледзячы на тое, што мае куміры пісалі па-беларуску, я пачала пісаць па-руску. Перакладаць было вельмі складана. Беларуская мова і літаратура былі не самымі любімымі прадметамі. І рэч была не ў выкладчыку ці ўласна мове, а хутчэй за ўсё ў праграме. У 6-7 класе ўсе творы заканчваліся смерцю герояў. І чытаць гэта было немагчыма. Было ўражанне, што іншых твораў у беларускай літаратуры проста няма. У выніку гэтыя прадметы былі проста пакутай. Але любоў да пісьменства перамагла. І змяніла маё стаўленне да мовы.
– Раскажы, як успрынялі выхад рамана.
– Выхад першай часткі трылогіі “Адваротны бок люстэрка” быў вельмі яскравай падзеяй у маім жыцці. Мне было 19. Розгалас атрымаўся нечакана вялікі. Быццам не невядомая дзяўчынка яе напісала, а буйны аўтар, і гэта нешта сапраўды вартае чытання. Мне тады было вельмі дзіўна, але і прыемна таксама. Кніжку намінавалі на прэміі “Дэбют” і “Ex libris”. А гэта пацягнула за сабой знаёмства са знакавымі фігурамі беларускай літаратуры. Напрыклад, з маім кумірам Уладзімірам Арловым. Калі я на свае вочы ўбачыла яго сярод журы, гэта была вельмі ўражвальная падзея. А потым яшчэ ён прыходзіў у школу маладога пісьменніка праводзіць майстар-класы, і я сядзела стаіўшы дыханне і не магла нічога сказаць, бо ў горле быў камяк. Таксама мне пашчасціла пазнаёміцца з Людмілай Іванаўнай Рублеўскай… Такі гэта быў выдатны час, калі я трапіла ў цудоўны свет пісьменніцтва.
Наступныя 5 гадоў я пісала працяг рамана. У студзені 2016 года ўсе 3 часткі выйшлі пад адной вокладкай. “Мастацкая літаратура” выдала раман даволі вялікім для маладога пісьменніка накладам – 1200 асобнікаў. І я так гэтага чакала, што мне здавалася: усе таксама чакаюць. Шмат хто пытаўся “Ну калі ж, калі ўжо нарэшце?”. І вось кніжка выйшла, а розгаласу і не было. Прынамсі, гэта нельга было параўнаць з тым, што адбывалася пасля выхаду першай часткі. Чаму так адбылося, я не ведаю. Былі і 2 сур’ёзныя рэцэнзіі, і дзве прэзентацыі… Так што пісьменніцтва – гэта не толькі выключна шчаслівыя моманты.
Над афармленнем кнігі Ксенія працавала сама. За той час, што пісаўся працяг кнігі, дзяўчына паспела паступіць у ЕГУ і скончыць там бакалаўрыят па спецыяльнасці “Дызайн”. Праца над афармленнем кнігі стала яе дыпломным праектам. Акрамя найвышэйшай адзнакі ў ВНУ яно увайшло ў пяцёрку найлепшых праектаў у намінацыі “Графічны дызайн” на міжнародным конкурсе Брытанскай школы дызайну “Дызайн-дэбют” у Маскве.
– Я доўга не магла вызначыцца з тэмай дыплома. Кіраўнік майго праекта Уладзімір Уладзіміравіч Голубеў, дзякуй яму вялікі, нагадаў мне, што я пісьменніца і не варта пра гэта забываць. А трэба, наадварот, карыстацца. Так што гэта былі дзве ўзаемныя працы: з аднаго боку, па дызайне, з іншага – працяг працы над раманам. І яны вельмі добра ўплывалі адна на адну. Я зрабіла і афармленне кнігі, і прома-прадукцыю, і постары, і буктрэйлер. І атрымлівала ад гэтага неверагодную асалоду.
– А чаму раптам ЕГУ, дызайн? Гэта неяк нелагічна.
– Выбар ВНУ быў досыць прагматычны: мясцовыя ВНУ аказаліся негатовыя прыняць мяне, дзяўчыну ў вазку. Давялося думаць пра вучобу за мяжой. ЕГУ стаўся адзіным беларускім універсітэтам, які адразу згадзіўся мяне прыняць.
Мы з бацькамі абдумвалі шмат варыянтаў. Насамрэч у дзяцінстве мяне гайдала з боку ў бок. Кім я толькі не хацела быць: і лінгвістам, і доктарам, і танкістам, і хімікам. Апошнія гады ў школе хімія была адным з улюбёных прадметаў. І я думала звязаць з гэтым жыццё. Але вось не склалася. Прыйшоў адказ з ЕГУ, і мне давялося хуценька перабудавацца ў гуманітарыстыку.
Гэта была добрая падстава паспрабаваць нешта новае. Дый мне тады пашанцавала, бо не было ўступнага экзамена і адзнакі за мастацкія здольнасці. Патрэбна было падаць сваё партфоліа, нейкі матывацыйны ліст і атэстат. Атэстат у мяне быў высокі, матывацыйны ліст я як пісьменнік напісаць змагла. А навучанне мастацкага кшталту пачалося за месяц-два да навучальнага года. Цудоўная мастак-графік Лізавета Пастушэнка займалася са мной у якасці рэпетытара і проста на пальцах патлумачыла, як гэта – маляваць. Але калі я прыйшла ў ЕГУ, высветлілася, што толькі маляваннем мы займацца не будзем, а будзем займацца больш тэхналогіямі, фармальнай кампазіцыяй… Яе мае бацькі памятаюць дагэтуль. Мы мусілі навучыцца абстрактнымі сродкамі выявіць пэўныя дызайнерскія задачы. Сядзелі з нажніцамі, рэзалі паперу, клеілі… Было ўражанне, што я трапіла ў дзіцячы садок. А потым пайшоў дызайнерскі малюнак, і мне як чалавеку, які ніколі не маляваў цягам 11 гадоў і вельмі пакутаваў ад такога прадмета ў школе, як выяўленчае мастацтва, было вельмі складана. Але цікава. Гэта было тое новае, у чым мне хацелася б сябе праявіць.
– Ты сказала, што нашыя ВНУ не былі гатовыя цябе прыняць. У тэхнічным сэнсе? І як з гэтым справы ў Літве?
– Ведаеце, у мяне была цудоўная школа, і там, напэўна, мяне трошкі распесцілі. Не ў тым сэнсе таго, можна было нічога не рабіць – вучылася я апантана, але там было вельмі добрае стаўленне да мяне. Гэта была звычайная гімназія нумар 11, не прыстасаваная да вучобы дзяцей у вазках: з лесвіцамі і ўсім тым, што ёсць ў школе. Калісьці там вучыўся і мой тата, і мае дзядзькі. І там былі гатовы прыняць мяне. Бацькі зрабілі пандусы, а адміністрацыя – такі расклад, каб большасць заняткаў праходзіла на першым паверсе. Калі ж з’явіліся заняткі, якія мусілі праходзіць у спецыялізаваных класах (хімія, біялогія), было вырашана, што ў мяне будзе часткова хатняя адукацыя. І хтосьці з выкладчыкаў да мяне прыходзіў дадому. Так што школу я скончыла без праблем. Але пры гэтым зусім не была падрыхтаваная да стасункаў з адміністрацыяй іншых навучальных устаноў. А высветлілася, што яны не толькі не гатовыя мяне прыняць, не ведаюць, што прапанаваць, але і не гатовыя нават падумаць пра гэта. Самы непрыгожы выпадак быў, як ні дзіўна, у БДУ, прычым нават не падчас экзаменаў, а падчас цэнтралізаванага тэставання, якое мы с бацькамі планавалі здаваць там. Нам вельмі непрыгожа адмовілі. Але… гэта было даўно, можа, што і змянілася. Карацей, так атрымалася, што не атрымалася.
Пра Літву. Навучальны корпус, дзе месціцца ЕГУ, таксама не зусім прыстасаваны да навучання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Там ёсць пандус, і адміністрацыя ідзе насустрач, каб зрабіць заняткі на першым паверсе. Ліфта па пажарных умовах зрабіць там нельга. Таму не кожны паверх мне даступны. Не так даўно закупілі спецыяльнае абсталяванне, з дапамогай якога вазок можна падняць на другі паверх. Але пасля таго як я з яго ледзь не грымнулася, стараюся ім не карыстацца.
Тут больш чалавечы складнік, чым тэхнічнае абсталяванне… Проста людзі ў ЕГУ былі гатовыя, а там – не. Акрамя мяне на дызайне ў ЕГУ яшчэ дзве дзяўчыны ў вазках. На іншых спецыяльнасцях таксама трапляюцца.
Я не магу сказаць дакладна, ці змяняецца стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мне заўсёды шанцавала на добрых людзей, здольных зразумець маё становішча і знайсці кампраміс пры ўзаемадзеянні. Той выпадак з цэнтралізаваным тэставаннем быў адным выключным выпадкам у маім жыцці.
– Я ведаю, што ты шмат падарожнічаеш…
– Так, з бацькамі, з самага дзяцінства. У 4 гады я памятаю сябе то перад пірамідамі, то ў нейкім музеі. То бок час мы бавілі даволі актыўна. Цяпер наадварот: у мяне праз вучобу так мала вольнага часу, што няма калі падарожнічаць. Тата скардзіцца: вось, твая вучоба не дае нікуды паехаць! Але я спадзяюся, што ў лютым абаранюся, і мы куды-небудзь рванём. Вабяць розныя краіны. Нават складана сказаць, куды хацелася б трапіць. А яшчэ і геапалітычнае становішча досыць напружанае. Мне заўжды хацелася пабываць у Нідэрландах. Можа, таму, што там цюльпаны, а можа, і таму, што, як распавядалі мне розныя людзі, там зрабілі выдатнае безбар’ернае асяроддзе.
А спадабалася мне вельмі ў Берліне. Хаця я яшчэ не бачыла тых, каму б Берлін не спадабаўся. Там вельмі ўтульна, і няважна, на нагах ты ці ў вазку. Вельмі талерантны, вельмі вітальны. Нягледзячы на тое, што гэта турыстычная зона, там няма ніякай агрэсіі ці стомленасці ад турыстаў. Гэта горад, дзе можна карыстацца самым розным транспартам, і ў мяне было проста дзіцячае захапленне, калі я і на метро, і на верхняй электрычцы, і яшчэ на тым , і вось гэтым пакаталася… Гэта было вельмі класна. Гэтая вандроўка прыпала на вакацыі пасля першага курса, калі я была проста прыбітая першым годам і не ўпэўненая, што гэта маё. І мы пайшлі ў Баўхаўс, пра які нам так шмат распавядалі на занятках. І я пабачыла, што вялікія дызайнеры займаліся тым самым, што і я. І што было зусім класна, дык гэта тое, што будынак музея таксама прыстасаваны для ўсіх. Гэта была вандроўка, якая вельмі запомнілася.
Была я таксама ў ЗША, мы ездзілі да сваякоў, з якімі не так часта можам бачыцца. І мы размаўлялі, гулялі… таму гэтае падарожжа засталося шчымліва-інтымным. Хаця мушу адзначыць, што, нягледзячы на тое, што ЗША – краіна роўных магчымасцяў, у тым, што тычыцца безбар’ернага асяроддзя, там не так усё гладка. І бардзюры сустракаюцца высокія, і жаночай прыбіральні ў пабе можа не быць. Але ў сэнсе пракату нейкіх там супервазкоў ці аўтамабіляў усё, безумоўна, вельмі добра.
– Ці не думала ты змяніць краіну пражывання?
– Хочацца змяніць сваю краіну, у тым сэнсе, каб у ёй было камфортна жыць. Каб можна было на працу паехаць, а потым вярнуцца. Я сябе адчуваю беларускай. Цяпер, безумоўна, шмат магчымасцяў. Працаваць можна і дыстанцыйна. Падарожнічаць таксама без праблем. Цяпер мала абмежаванняў. А безбар’ерныя ўмовы – не адзінае, дзеля чаго варта пераязджаць у іншую краіну. Пакуль няма ніводнай краіны, куды я не вагаючыся хацела б пераехаць. Калі ставіцца больш-менш крытычна, зразумела, што паўсюль ёсць свае плюсы і мінусы. Нават у Літве ёсць моманты, праз якія я не спяшаюся там застацца.
– Якой ты бачыш будучыню беларускай мовы? Ці жыццяздольная яна для цябе?
– Я думаю, што беларуская мова здольная развівацца, пакуль ёсць людзі, гатовыя на ёй размаўляць, неяк яе развіваць. Сярод маіх сяброў ёсць такія, хто цалкам перайшоў на беларускую мову. Але разам з тым я лічу, што не трэба засяроджвацца толькі на ёй. Не адмаўляць іншым мовам. Бо чым больш моваў мы ведаем, тым больш адкрытыя мы самі, больш гнуткія і здольныя рэагаваць на змяненні асяроддзя. Так што так, развіваць яе і размаўляць на ёй трэба, але разам з тым няправільна адасабляцца ад іншых моў.
Мой тата – лінгвіст. Я размаўляю на ангельскай з дзяцінства. З трох гадоў ён мяне вучыў. Яшчэ на нямецкай, але трохі горш, чым на ангельскай, бо карыстаюся ёю не так часта. Таксама размаўляю на літоўскай. Намагалася вывучаць польскую і французскую, але пакуль размаўляю на іх не вельмі добра.
– Планы і мары?
– Я спадзяюся, што гэтая кніга – ужо завершаная гісторыя. Буду думаць пра новыя гісторыі, новыя жанры. Цяпер працую над новым раманам больш крымінальнага зместу.
Вельмі хачу добра абараніць сваю магістарскую і працаваць у гэтым кірунку. Яна пра дызайн грошай. Спадзяюся, што калі-небудзь гэта будзе не толькі тэарэтычная праца, а самая што ні на ёсць практычная. Гэта тэма, якая мяне вельмі захапляе.
Па-другое, я мару, што “Адваротны бок люстра” не застанецца кніжкай. Мару пра кіно. Мне пашчасціла спрычыніцца да радыёпастановак: кніжка транслюецца на канале “Культура” Беларускага радыё па панядзелках у выдатным выкананні Мікіты Моніча. Магчыма, аднойчы яна будзе падтрыманая і візуальна. Мара вялікая. Але трэба іх, мары гэтыя, прагаворваць, каб яны былі гатовыя матэрыялізавацца.
Тэкст і фота: Кацярына Петухова