Кіно, адно з найвялікшых вынаходніцтваў чалавецтва, — упадабаны спосаб адпачынку многіх людзей, піша 1prof. by. Магія кінематографа прыцягвае і праз 120 гадоў пасля яго стварэння. Яго гісторыя поўная цікавых падзей і цікавых фактаў.
Першы кінасеанс адбыўся ў Парыжы. Браты Луі і Агюст Люм’ер наладзілі для сваіх сяброў паказ некалькі невялікіх дакументальных фільмаў. А 28 снежня 1895 г., на бульвары Капуцынаў, 4, адбыўся першы платны кінасеанс. Гледачам паказалі кароткаметражныя фільмы: «Выхад рабочых з фабрыкі», «Лоўля чырвоных рыбак», «Сняданак немаўля». Але найбольшае ўражанне на публіку зрабіў фільм «Прыбыццё цягніка на вакзал Ла-Сіота». Сюжэт яго быў простым — да вакзала набліжаецца цягнік, на перон выходзяць пасажыры, цягнік спыняецца. Аднак некаторыя гледачы кідаліся да выхаду.
Пра эфект, які фільм зрабіў на гледачоў, пісаў Максім Горкі.
«І раптам на экране з’яўляецца цягнік чыгункі. Ён імчыцца стралой прама на вас — сцеражыцеся! Здаецца, што вось-вось ён рынецца ў цемру, у якой вы сядзіце, і ператворыць вас у ірваны мяшок скуры, поўны змятага мяса і раздробненых костак, і разбурыць, ператворыць у абломкі і ў пыл гэтую залу і гэты будынак, дзе так шмат віна, жанчын, музыкі і распутства».
Такім было ўражанне ад фільма, які доўжыўся ўсяго 49 секунд.
Свае фільмы браты Люм’ер называлі сапраўднымі або рэальнымі. Зараз іх называюць дакументальнымі
Праз два гады і два месяцы, у 1898 годзе сінематограф дабраўся да Беларусі. Кіно прывёз нейкі спадар Кацін — уладальнік кінаапарата і некалькіх кінастужак. Пра першы кінасеанс у Віцебску пісала газета «Віцебскія губернскія ведамасці». Артыкул выйшаў у нумары ад 5 лютага пад назвай «Апошнія сеансы кінематографа». Там было напісана, што першы сеанс адбыўся 25 студзеня 1898 года ў зале духоўнай семінарыі ў прысутнасці біскупа Аляксандра.
І гэта невыпадкова! Патрабавалася заручыцца дазволам царкоўных уладаў, паколькі, мяркуючы па назвах, некаторыя фільмы былі даволі лёгкага зместу: «Жаночая міжусобіца», «Купальня», «Дыяна ў Мейладе», «Іспанскі танец», «Купанне неграў», «Азартныя гульні».
Працягласць кінастужак была не больш за дзве хвіліны, бо даўжыня стужкі была ўсяго 15 метраў
Потым быў кінасеанс на ваенным сходзе, дзе акрамя іншых афіцэрам спадабаўся фільм «Французская артылерыя на парадзе» і «Скокі з перашкодамі». Затым сеансы праходзілі ў мужчынскай і жаночай гімназіі, а апошнія паказы прайшлі ў зале яхт-клуба.
Публіцы новая забава вельмі спадабалася і па просьбах публікі сеансы паўтаралі за ўмераны кошт. Кінапаказы прайшлі з поспехам і спадар Кацін атрымаў пісьмовае адабрэння кіраўніцтва ўстановаў, дзе праходзілі сеансы.
Большасць фільмаў здымалі і манціравалі самі кінааператары. Сюжэт і якасць былі не самым галоўнымі, важней было паказаць рух людзей на экране і нейкае дзеянне.
У 1900-м годзе першыя кінатэатры, ці як тады іх называлі «электратэатры», з’явіліся ў Мінску. Іх адкрывалі ў любых пустуючых памяшканнях, куды можна было паставіць крэслы, лаўкі і павесіць экран. Кінаапарат ставілі ў суседнім пакоі і праз невялікае акенца паказвалі фільм. Першы сапраўдны кінатэатр — «Ілюзіён» адкрылі ў 1907 годзе ў доме на рагу Захар’еўскай і Петрапаўлаўскай вуліц (цяпер частка Кастрычніцкай плошчы на скрыжаванні пл. Незалежнасці і вул. Энгельса). Затым, у 1909 годзе, былі адкрыты кінатэатры «Мадэрн» і «Гігант». У тым жа годзе ў Магілёве з’явіўся кінатэатр з магічнай назвай «Чары».
Адным з першаадкрывальнікаў кінематографа быў мінскі прадпрымальнік Рыхард Штрэмер. У адрозненне ад іншых кінапракатчыкаў, ён быў арганізатарам ці, як бы цяпер сказалі, прадзюсарам першых стужак, знятых у Беларусі. Улетку 1908 года на плошчы каля пажарнага дэпо (на цяперашняй вуліцы Гарадскі вал) і на велатрэку гарадскога сада (цяпер парк ім. Горкага) кінааператары Штрэмера 18 дзён здымалі вучэнні Мінскага вольнага пажарнага таварыства. Увосень публіцы прадставілі фільм пад назвай «Манеўры МВПТ». 8 снежня 1908 года ў кінатэатры Штрэмера прэзентавалі новы фільм уласнай вытворчасці «Экскаватар — пякельная машына за Брэсцкім вакзалам», а праз тыдзень выйшла дакументальная кінастужка «Пажар у горадзе Мінску на Паліцэйскай вуліцы».
Паказ фільмаў у першых кінатэатрах быў справай небяспечнай. Кінапраектары працавалі ад дынама-машыны на мазуце, кінастужка была вогненебяспечная, а ў глядзельнай зале палілі. 7 кастрычніка 1909 года ў кінатэатры Штрэмера адбыўся пажар, у якім загінула некалькі чалавек. Агонь перакінуўся на бліжэйшыя будынкі, яны згарэлі. Пасля гэтага ў мінскіх кінатэатрах сталі дзяжурыць пажарныя, а курыць у памяшканні забаранілі.
Цікавасць да кінематографа расла з кожным днём. Людзі ўпершыню маглі ўбачыць іншае жыццё, напрыклад, паляванне ў Афрыцы на сланоў або выхад у свет царскіх асоб. Цікава было ўбачыць на экране і падзеі, якія адбываліся ў краіне, у родным горадзе. У 1911-м мінскія кінааператары, якія працавалі для Рыхарда Штрэмера, знялі фільмы: «Польскае храмавае свята ў Кальварыі ў Мінску», «Палёты рускага авіятара Утачкіна над Камароўскім полем», «Крушэнне цягніка на станцыі Руднікі», «200-годдзе Царскага Сяла». Фільмы мелі вялікі поспех у аўдыторыі.
У тыя часы лепшым кінатэатрам у Мінску быў «Эдэн», там было не толькі найноўшае кінаабсталяванне, але і багата прыбраная зала. Перад сеансамі або пасля іх, на сцэну выходзілі артысты. Да прыкладу, у мінскім кінатэатры «Мадэрн» пасля паказу фільма выступаў «чалавек-аркестр», а ў Гомелі — гастралюючыя французскія танцоры.
У пачатку 20-га стагоддзя публіцы асабліва падабаліся меладрамы, фантастыка і камедыі. Фільмы доўжыліся не больш за 10 хвілін, такім быў хранаметраж адной шпулькі 35-ці міліметровай кінастужкі. Публіка з захапленнем глядзела «Легенду аб адважным Георгу», «Шэпт сатаны». Не палохайцеся, чарцей у фільме не было. Гледачам прапаноўвалі ўбачыць «крушэнне аўтамабіля, які падаў ў ваду разам з разбураным мастом, пажар у капальнях і ў будынку ля ўваходу ў шахты». У той перыяд у кінематографе з’явілася два напрамкі: дакументальны і гульнявы.
Калі дакументальныя кінакарціны ўжо на ўсю моц стваралі на тэрыторыі Беларусі, то гульнявыя фільмы прывозілі з-за мяжы. Але 28 кастрычніка 1908 года пецярбургскае кінаатэлье выпусціла на экраны першы гульнявы фільм, створаны ў Расіі, — «Панізавая вольніца» ( «Сценька Разін»). Яго працягласць — 6 хвілін 14 секунд.
З кожным годам расла колькасць і якасць фільмаў. У 1911 годзе ў шырокі пракат выйшаў першы расійскі поўнаметражны гульнявы фільм «Абарона Севастопаля» сумесна пастаўлены адным з першых рускіх арганізатараў кінапрацэсу Аляксандрам Ханжанковым і кінарэжысёрам Васілём Ганчаровым. Працягласць гэтага фільма была цэлых 100 хвілін. Ён ішоў у многіх гарадах і меў велізарны поспех. У вялікіх кінатэатрах яго паказвалі пад ваенныя маршы і стральбу халастымі стрэламі за сцэнай.
З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе сусветная кінавытворчасць не спынілася. Дастаткова сказаць, што менавіта тады пачаў сваю кінакар’еру Чарлі Чаплін. Але падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны здымалі толькі невялікія дакументальныя сюжэты.
У Беларусі адраджэннем кінематографа заняліся толькі ў чэрвені 1924 года. Тады ў Мінску на вуліцы Савецкай адкрылі кінатэатр на 300 месцаў. Гэта быў усё той жа «Ілюзіён», але перайменаваны ў «Пралетар». 17 снежня 1924 года было створана Упраўленне па справах кіно пры Наркаме асветы БССР — Белдзяржкіно. 1 мая 1925 года на ўрачыстым пасяджэнні ўрада ў Першым Беларускім дзяржаўным тэатры (цяпер тэатр ім. Я. Купалы) паказалі дакументальны фільм «Першамайскія ўрачыстасці». Зняты ён быў раніцай таго ж дня падчас параду.
У 1926 годзе ў сталічным кінатэатры «Культура», у будынку цяперашняга Рускага тэатра на вуліцы Валадарскага, адбылася прэм’ера першага беларускага гульнявога фільма «Лясная быль» рэжысёра Юрыя Тарыча.
Такім быў пачатак кінематографа Беларусі, які стаў часткай нашай нацыянальнай культуры.
1prof. by