У Беларусі на дадзены момант каля 20 тысяч дзяцей-сірот, 95% з якіх — сацыяльныя. Большасць з гэтых хлопцаў і дзяўчат ніколі не знойдзе сабе новую сям’ю: дзяцей, старэйшых за 10 гадоў, рэдка ўсынаўляюць. У цяперашніх умовах іх будучыня відавочная і бесперспектыўная: многія зробяцца бамжамі, алкаголікамі, будуць весці асацыяльны лад жыцця, трапяць у турму. На гэты сумны вынік ніяк не паўплывае колькасць шакаладу і планшэтаў, якія прывязуць у дзіцячыя дамы шчодрыя спонсары.
Кіраўнік Установы па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот “Нити дружбы” Арцём Галавій небеспадстаўна лічыць, што на будучыню такіх дзяцей можа паўплываць толькі ўвага неабыякавага дарослага. Чалавека, гатовага ўзяць на сябе адказнасць за сяброўства з сіратой, здольнага адагрэць яго душу, натхніць на вучобу, на дзеянні, на жыццё. Зразумела, што дзяржаўная сістэма даць дзецям сапраўдных, шчырых сяброў не можа. Ёй няма адкуль іх узяць: яна сама шкодная. Значыць, трэба шукаць па-за сістэмай. А для гэтага — гаварыць пра праблему, рабіць праекты, прэзентацыі, выводзіць у свет гэтых дзяцей. І тады, магчыма, пачнуць адклікацца людзі, каму гэта цікава і важна. Але, як выявілася, аб праблеме дзяцей-сірот нельга нават гучна казаць. Каб не псаваць светлы вобраз краіны перамоглага сацыялізму.
“Я прайшоў свой шлях і не прапаў менавіта таму, што ў маім жыцці быў Чалавек, які аказаўся побач, калі я страціў бацькоў. Настаўнік. Сябар. Яму ніколі не было абыякава, што адбываецца ў маім жыцці. Сваім прыкладам ён данёс важнасць сям’і. Паказаў, як гэта добра, калі дзеці з дарослымі абмяркоўваюць планы, вучацца дамаўляцца, спрачаюцца, дзеляцца перажываннямі, мараць…
Цяпер у мяне ёсць любімая жонка, якая падтрымлівае і не дае апусціць рукі, і 5 дзяцей. Сям’я — гэта маё шчасце, мая спраўджаная мара. Мая сіла. Мая крэпасць. І гэта мара кожнага з дзяцей, чые фатаграфіі вы бачыце на гэтай сцяне. Яны ўсё разумеюць, што важна. І хочуць не грошай, не, а маму і тату, братоў і сясцёр, любімых людзей. І я б вельмі хацеў ім у гэтым дапамагчы”.
— Давай пагаворым пра шкадаванне. Я перагледзела ўсе ролікі, якія вы робіце пра дзяцей-сірот з інтэрната, там яго няма. Гэта свядомы ход?
— Вядома. Шкадаванне нічога добрага не прыносіць. Дзецям з інтэрнатаў патрэбныя значныя дарослыя, людзі, на якіх можна абаперціся. А шкажаванне прывядзе тых, хто захоча пашкадаваць, паплакаць з імі, і часцей за ўсё пройдзе міма.
— З твайго пункту гледжання, каб у гэтых дзяцей нешта ў жыцці атрымалася, што трэба зрабіць? Праектная дзейнасць спрэчная: праект пачынаецца, потым заканчваецца, і дзіцяці трэба вяртацца ў жыццё. Ды і дзеці, з якімі вы працуеце, ужо дарослыя.
— У гэтым ёсць небяспечная падаплёка. Але нам не даюць магчымасці працаваць з дзецьмі ад 10 гадоў. Я стаўлю 10 гадоў, таму што з гэтага ўзросту ў Беларусі ўжо не ўсынаўляюць. Але дзяржаўная сістэма ад 10 да 15-16 гадоў праблемы не бачыць. Бо дзеці, на іх думку, знаходзяцца ў бяспецы, пад крылом міністэрстваў і ведамстваў. Але вось пытанне: як пасля выхаду з гэтага нібыта бяспечнага месца яны будуць спраўляцца з жыццём у рэальным свеце? Хто іх падтрымае? Хто дапаможа? Хто правядзе міма вялікіх ям, у якія яны па няведанні могуць зваліцца? І вось тады міністэрства кажа: а давайце дапамагаць! Толькі ўжо позна. Неяк мне адкрыта сказалі, што гэтыя дзеці — будучыя бамжы Мінска.
Яны не прафарыентаваныя, не матываваныя. І для гэтага нічога і не робіцца. Ніхто не ходзіць па кампаніях, не заключае дамовы, не дамаўляецца, не стварае супольнасці, не спрабуе гэтых падлеткаў адправіць на нейкія стажыроўкі, на практыку, пазнаёміць з кімсьці. Так, іх адпраўляюць вучыцца. Яны асвойваюць прафесіі цырульніка, маляра, тынкоўшчыка… Але часта гэта зусім не тое, што ім трэба або хацелася б.
— А што ім трэба? І якія ёсць альтэрнатывы?
— У кожнага дзіцяці ёсць талент. Проста трэба захацець яго ўбачыць. Ну, вось ёсць, напрыклад, кампанія ITransition, якая выйшла на нас і прапанавала дапамогу. Яны арганізуюць бясплатныя IT-курсы для дзяцей супрацоўнікаў і прапанавалі ўзяць нашых дзяцей на навучанне. Я напісаў афіцыйны ліст у Міністэрства адукацыі, на што мне адказалі, што нібыта ўся праграма ўжо распланаваная і няма ніякай магчымасці ўключыць у яе яшчэ нешта.
І, здаецца, усё арганізаванае, і сірот туды бяруць, і мы гатовыя забяспечыць лагістыку сіламі валанцёраў, трэба проста афіцыйнае “так”. Проста праявіць інтарэс і даць магчымасць. Але не! Мы напісалі ліст: просім зарэзерваваць месца ў навучальнай праграме на наступны год. Які адказ? Самы папулярны: ніякага!
Зразумела, што сур’ёзныя арганізацыі не будуць з гэтым важдацца. Яны могуць даць магчымасць. Хочаце — бярыце, не — у нас ёсць тыя, хто хоча ўзяць. “Нити дружбы” на сённяшні дзень выступаюць пасярэднікам паміж кампаніямі, гатовымі дапамагчы, і ўладамі. Але і мы стаміліся чуць, як мы дасталі іх, як напружваем іх сваімі ідэямі дапамогі.
— А ці можа адзін такі праект вырашыць праблему 20 тысяч сірот, калі ўлічваць, што за тры гады ў настаўніцтва прыйшло ўсяго 24 чалавекі? Па-мойму, гэта нерэальна вырашыць без уключэння дзяржавы.
— Да таго як мы пачалі рабіць свой праект “Каманда мары”, у нас былі найвыдатнейшыя адносіны з дзіцячымі дамамі Мінска: мы нікому не заміналі. У нас было 5 настаўнікаў, мы паказалі, што валанцёрская дзейнасць можа насіць разумны характар і быць эфектыўнай. Самі дырэктары казалі: “Нарэшце! Прыйшоў хтосьці зацікаўлены жыццём гэтых дзяцей. Іх сацыялізацыяй, адносінамі з імі!”. А потым мы вырашылі зрабіць праект, які б прывёў у настаўніцтва мужчын. Чаму? Ды таму, што 70% сірот — хлопцы. А разгайдаць мужчын на дапамогу складана. Вось мы і прыдумалі сумесна з нашымі спонсарамі і партнёрамі футбольны праект “Каманда мары”. Узгаднілі афіцыйна і ў Мінгарвыканкаме, і ў Міністэрстве адукацыі… І пасля таго як ён паспяхова прайшоў, мы пачулі шакавальнае:
“Нельга так шмат і гучна казаць пра сірот! Нельга папулярызаваць гэтую тэму, нельга паказваць па тэлевізары!”.
Гэта было сказана ў дастаткова жорсткай форме. І, напэўна, калі б я быў крыху слабейшы, я б спыніў гэта ўсё.
— Чаму? У сэнсе адкуль такая рэакцыя?
— Мы хацелі прыцягнуць увагу неабыякавых людзей, і мы яе прыцягнулі. Але ў разумных людзей адразу з’явілася шмат пытанняў. А чаму столькі дзяцей? А што з імі будзе? А ці ёсць у іх прафесія, каб жыць? А як ім дапамагчы? І гэты праект, з аднаго боку, быў светлым і пазітыўным, а з другога — паказаў, як шмат у дзіцячых дамах дзяцей, у якіх няма будучыні. Пасля гэтага мне прамым тэкстам сказалі, як менавіта далей я змагу працаваць і што прынамсі ў Мінску такіх праектаў дакладна больш не будзе. “І наогул, — казалі, — слова “настаўніцтва” нідзе не прапісанае ў беларускім законе. Перастань яго выкарыстоўваць і вынаходзіць ровар. Усё ўжо ёсць. І хопіць сябе піярыць!”.
— З твайго пункту гледжання праект быў паспяховым?
— Ну, давайце я зараз абстрагуюся ад кіраўніка арганізацыі, а адкажу як хлопец, які рос без бацькоў і які атрымаў гадоў у 13 увагу неабыякавага дарослага. Так, ён быў паспяховым. Таму што прыцягнуў правільную ўвагу. І калі чаго ў ім і не хапала, дык гэта ўзаемадзеяння паміж людзьмі, якіх ён прыцягнуў, і тых, хто адказны за будучыню дзяцей. Я пра дзяржструктуры. Ні дырэктарыдзіцячых дамоў, ні прадстаўнікі Міністэрства адукацыі не прыйшлі ні на адну з трэніровак. Я разумею загружанасць іх працоўнага графіка, але, як я зразумеў, ім не было нават цікава, што адбываецца, як гуляюць хлопцы, як гараць іх вочы. Так што пасля завяршэння праекта і ацэнка яго была аднабаковай.
— Ты разумееш, што паказаў на балючае месца, дзе сістэма не працуе?
— Але я ж паказаў з дапамогай рашэння. І так, я разумею, што сістэма — гэта грошы, людзі і адносіны паміж імі, што рухаць іх цяжка. Але толькі сляпы не ўбачыць альтэрнатываў, якія эфектыўна працуюць і пры якіх усім будзе добра.
— А ёсць такія альтэрнатывы?
— Ёсць, вядома! Толькі мне часам здаецца, што мы стараемся нават вочы не адкрываць, каб не бачыць паспяховых міжнародных практык. У Амерыцы, напрыклад, праблему імкнуцца папярэдзіць. Там дзіцячы дом — гэта ўжо крытычная сітуацыя, нонсэнс. Калі кажаш пра настаўніцтва, яны адразу ўсё разумеюць.
Калі з’яўляецца крызісная сям’я, калі дзіця ў гэтай сям’і не дагледжанае, яны прыходзяць туды з дапамогай, з праграмай настаўніцтва, прапаноўваючы дзіцяці ў дапамогу старэйшага брата ці сястру, каб дзіця не згубілася, не пераключылася на наркотыкі, на асацыяльны лад жыцця.
Я вывучаў ізраільскі вопыт. Як і ўсюды на ўсходзе, там вельмі моцныя роднасныя сувязі. І калі дзіця застаецца без сям’і, сваякі робяць усё магчымае, каб яно засталося з імі. Наколькі я ведаю, у Ізраілі ёсць дзіцячыя дамы, але гэта як прызнанне, што дзяржава і грамадства зрабілі ўсё магчымае для гэтага дзіцяці, толькі не атрымалася. Ці гаворка пра цяжкіх падлеткаў. Там практычна няма сацыяльных сірот.
У Беларусі ж больш за 95% сірот — сацыяльныя. Гэта правал інстытуту сям’і ў прынцыпе.
— Ты знаёмы з вопытам іншых краін і можаш параўнаць. Як я разумею, беларусы не вельмі ахвотна ідуць у настаўніцтва? Чаму?
— Гэта звязана з нашай гісторыяй. Асцярожнасць, недавер закладзеныя ў генатыпе. Але! Беларусы — дакладна шчырыя, чулыя людзі, гатовыя дапамагаць іншым у бядзе. Інакш мы б не выжылі — растварыліся б у адной з войнаў. Не так даўно я зразумеў адну важную рэч: у нас няма зразумелых, добрых інфармацыйных кампаній! Людзі проста не ведаюць, што ў краіне столькі няшчасных дзяцей, што ў іх такія праблемы. Калі мы толькі пачалі ўкараняць ідэю настаўніцтва ў жыццё, я быў уражаны колькасцю ахвочых стаць настаўнікамі. На жаль, у нас пакуль няма рэсурсаў пакрыць запыты ўсіх. Гэта доўгая праца ў індывідуальным парадку, зносіны з псіхолагам, сістэма адбору, навучанне людзей. Але ахвочых хапае. І людзі ідуць, удзельнічаюць у праектах.
— Вы здымалі ролік з Патлісам, Гурковым і Герасіменяй. Наколькі ўдалося зацікавіць іх гэтай ідэяй, прыцягнуць да супрацоўніцтва? Можа, варта працягваць у гэтым кірунку? Каб гэтую ідэю падхапілі найлепшыя людзі грамадства. Аднойчы настане момант, калі не бачыць відавочнае стане немагчыма.
— Напэўна, калі б найлепшыя людзі, лідары меркаванняў не падтрымалі, я б задумаўся, ці правільна я сваю працу раблю. Але калі я гутарыў з Сашай Герасіменяй, я быў уражаны тым, наколькі яна ўключылася і загарэлася жаданнем дапамагчы. І гэта чалавек, у якога вельмі шчыльны графік, які заняты кругласутачна. Саша прыняла рашэнне зняцца ў роліку, і хлопцу, які плаваў разам з ёй, падарыла бясплатныя абанементы на заняткі ў басейне. Я ведаю і іншы погляд, з боку саміх дзяцей. Калі з імі, сіротамі, кантактуюць такія людзі, у іх адразу павышаецца самаацэнка, яны пачынаюць нешта рабіць, чымсьці гарэць.
Тое самае Саша Патліс. Я ведаю, што ён сам усынавіў дзіця. Ён мае грамадзянскую пазіцыю і пастаянна падтрымлівае розныя важныя праекты. Ён зняўся ў нашым роліку і вельмі натхніў дзяўчынку Лізу на тое, каб яна працягнула займацца. У іх там нават нейкія сумесныя планы ёсць. А галоўнае — што сама Ліза вельмі гарыць гэтым. Гэта важны момант: каб дзіця пераступіла праз звыклыя паводзіны ўтрыманца, само захацела, пачало нешта рабіць, прапаноўваць, быць ініцыятыўным.
Тое самае з Віталём Гурковым. Ён зацікавіўся хлопцам, з якім здымаўся, і захацеў працягнуць з ім трэніроўкі.
Стануць яны настаўнікамі ці не — гэта няважна. З іх занятасцю дастаткова таго, што яны зацікавіліся тэмай і па меры сваіх магчымасцяў дапамагаюць яе прасоўваць, падкрэсліваюць яе значнасць сваім статусам і стаўленнем.
Некаторыя дзяржслужбоўцы ў мяне пыталіся: “Як вам удаецца так актыўна прыцягваць людзей? Чаму яны да нас у патранат не ідуць?”. Але каб прывесці больш за тысячу чалавек да нас у офіс, а з гэтай тысячы створана 24 пары, я ўвесь час працую над здаровай інфармацыйнай кампаніяй. Хто перашкаджае гэта рабіць дзяржаве? Тым больш што магчымасцяў у яе нашмат больш. Яны могуць зняць самыя крутыя ролікі, разгарнуць інфармацыйную кампанію так, што заўтра натоўпы людзей прыйдуць у гэтыя дзіцячыя дамы з жаданнем дапамагчы.
— Раскажы пра сваю каманду. Якіх людзей ты шукаў?
— З самага пачатку я разумеў, што ступаю на дарогу, дзе закранаю канкрэтныя лёсы жывых дзяцей. Іду туды, дзе адказнасць дзяржавы. А значыць, трэба будзе працаваць на яе тэрыторыі па яе правілах. І людзі мне патрэбныя не проста прафесіяналы, а натхнёныя ідэяй, з гарачым сэрцам, гатовыя працаваць і ўкладвацца незалежна ад абставін і ўмоваў. Будуць спонсары ці не, будзе дазваляць улада ці не — няважна.
Такія людзі знайшліся, хай і не з першага разу. Гэта псіхолаг, з якім я пачынаў і працягваю працаваць. У яе шмат сваёй асноўнай працы, але яна стараецца максімальна дапамагчы нам: сустракаецца з дарослымі, кансультуе іх, тэстуе, мае зносіны з дзецьмі… Сацыяльны педагог, які каардынуе 24 пары, сустракаецца з імі, адказвае на іх пытанні. І гэта таксама па-за асноўнай працай. Гэта PR-менеджар Крысціна. Чалавек, сустрэчай з якім я вельмі ганаруся. Які дапамог нам візуалізаваць нашую ідэю. Адміністратар Каця… Усе гэтыя людзі працуюць бясплатна. Гэта маленькая, жаночая, але вельмі моцная каманда, у якую я цяпер бязмежна веру!
— А чаму з тысячы чалавек атрымалася толькі 24 пары? Такі жорсткі адбор?
— Калі вы хочаце змяніць жыццё дзіцяці, вы павінныя ўвесь час з ім мець зносіны, аддаваць належную ўвагу. Тут важная сталасць. 2 гадзіны асабістых сустрэч на тыдзень — гэта той мінімум, які вы мусіце з ім правесці, не лічачы зносін у сацсетках. Ну і яшчэ важна казаць пра агульныя часавыя рамкі. На дадзены момант мы гаворым пра 1 год. Калі вы не можаце спланаваць год такіх адносін, то не варта нават пачынаць.
— Нашмат хутчэй і зручней прывезці цацку.
— Так. Толькі цяпер дзеці ў дзіцячых дамах забяспечаны часам лепш, чым у многіх сем’ях. Яны прызвычайваюцца раскручваць спонсараў на ўсё тое, што хочуць. Пры гэтым не атрымліваюць дапамогі, якая ім сапраўды неабходная: псіхалагічная, педагагічная, чалавечая… Гэта складана, цяжка, адказна. А хочацца, каб лёгка.
У “Камандзе мары” многія мужчыны так і казалі: усё выдатна, круты праект, клёва прабавілі разам час. А калі пачынаеш казаць пра пэўнае дзіця — не гатовы.
Многія ахвотнікі, выходзячы пасля размовы з нашым псіхолагам, кажуць “не”. Шмат хто кажа “дзякуй, што вы мне адмовілі”. Многія даспяваюць праз нейкі час: паўгода, год. Прыходзяць і кажуць: я падумаў, згодны, магу! Тут жа вельмі важна разабрацца, навошта чалавек ідзе ў настаўніцтва, што яму трэба. Многія ідуць, таму што самі перажылі жыццёвыя траўмы. А калі сваю траўму накласці на траўму дзіцяці, нічога добрага ад гэтага не атрымаецца. Хтосьці ідзе дапамагаць, таму што бачыць у гэтых дзецях саміх сябе і хоча запоўніць недахоп любові, клопату, якіх не было ў яго самога. Па-рознаму бывае. Нам важна, каб побач з дзіцем быў здаровы, моцны, неабыякавы сябар і настаўнік.
Але ва ўсім гэтым няма праблемы — гэта працоўныя пытанні. Праблемы ў нас дзве. Першая — недахоп рэсурсаў, недахоп людзей у камандзе для паўнавартаснай працы. У выніку шмат такіх, хто на нас пакрыўдзіўся, бо мы не задаволілі іх запыт на настаўніцтва. На жаль, гэта так: нашы магчымасці вельмі абмежаваныя, а рабіць працу няякасна мы не можам сабе дазволіць. Праблема нумар два — неразуменне дзяржавы. Я прайшоў ужо, напэўна, па ўсіх кабінетах, пачынаючы з Мінгарвыканкама, заканчваючы ЮНІСЕФ. Я быў у Цэнтры ўсынаўлення, размаўляў з новым дырэктарам, быў у БДУ і БДПУ, спрабуючы даць ім методыку, быў у дэпутатаў.
Я быў усюды. Я слухаў пра тое, што нам “апладзіруюць стоячы” і перад намі “здымаюць шапкі”, я чуў крытыку наконт недапрацаванай методыкі і прымаў рэкамендацыі па яе паляпшэнні… Але пасля гэтага — цішыня.
Я адкрыта кажу: “Дапамажыце!”. Дапамажыце вывучыць, уключыце вашыя магчымасці, давайце дапрацуем разам. Нічога не адбываецца. Але павінен быць нехта, хто зможа гэта падхапіць! Не грамадскі дзеяч: іх галасы не чуюць тут. Менавіта дзяржаўны чалавек павінен заняць пэўную пазіцыю, пазначыць важнасць тэмы, праблемы і вывесці яе тым самым у зусім іншае поле. Такі чалавек павінен з’явіцца, таму што, шчыра кажучы, я стаміўся.
— Я веру!
— …што ў нас будзе аднойчы тое, што ёсць ужо нават у нашых найбліжэйшых суседзяў, у Расіі і ва Украіне — альянс. Ва Украіне нашы калегі змаглі выйсці з гэтым праектам на заканадаўчы ўзровень. Там ужо прыняты адпаведны закон пра настаўніцтва, і яго асабіста курыруе ўпаўнаважаны па правах дзіцяці пры прэзідэнце Украіны. Там ёсць альянс “Украіна без сірот”, куды ўвайшлі ўсе арганізацыі, якія займаюцца гэтай тэмай. І яны ўжо выйшлі на ўзровень адміністрацыі прэзідэнта, на ўзровень працы міжнародных арганізацый, у тым ліку Руху “Свет без сірот”. Расія — аналагічна. Там арганізацыі аб’ядналіся ў альянс “Расія без сірот” і вынеслі гэта на ўзровень Грамадскай палаты. У Маскве працуе офіс BigBrothersBigSisters на ўзроўні дзяржавы. Аналагічную праграму развівае Казахстан пры падтрымцы прэзідэнта краіны. Нам вельмі патрэбная сіла для стварэння такіх аб’яднанняў. Мы раз’яднаныя. Хоць часта робім адну і тую ж працу, маем адны і тыя ж погляды, стоячы на сістэме адных і тых жа каштоўнасцяў. Я прыхільнік моцнай сумеснай працы. І гэта будзе зусім іншая праца, чым тая, што ёсць цяпер.
Размяўляла Кацярына Петухова. Фота – Аляксей Заяц