Аўтар кнігі «Аўтарытарызм пад пагрозай: беларуская палітычная сістэма ў параўнальнай перспектыве» Пётр Рудкоўскі расказаў «Салідарнасці» пра высновы даследавання і тое, якой магла бы быць галоўная стратэгічная памылка дэмакратычных сіл.
У адкрытым доступе апублікаваны беларускі пераклад кнігі Пятра Рудкоўскага і Пятра Ліхача «Аўтарытарызм пад пагрозай: беларуская палітычная сістэма ў параўнальнай перспектыве» з апошнімі аўтарскімі дапаўненнямі (выданне на польской мове пабачыла свет у 2023-м).

«Салідарнасць» пагаварыла з адным з аўтараў кнігі, намеснікам галоўнага рэдактара Free Belarus Journal Пятром Рудкоўскім.
— У кнізе вы даволі нечакана разглядаеце дыктатуру ў нашай краіне праз прызму досведу Туніса, Паўднёвай Карэі і Сінгапура. Чаму менавіта з гэтымі краінамі?
— Існуе перакананне, што нібыта параўноўваць трэба рэжымы ў падобнай геаграфічнай ці культурнай сітуацыі. Не адмаўляю вартасці такога падыходу. Але наш падыход быў іншым: супаставіць аўтарытарныя рэжымы ў розных геаграфічных і культурных рэаліях.
Такое супастаўленне больш цікавае і, можа быць, больш карыснае. Бо тады мы агаляем чыстыя інстытуцыйныя механізмы: як купляецца лаяльнасць элітаў, як працуе манаполія на гвалт і чаму сістэма выжывае.
Пётр Рудкоўскі
Для парадку абазначу, у чым палягае адрознасць кантэкстаў чатырох рэжымаў, якія разглядаліся ў манаграфіі.
Туніс — арабска-ісламскі кантэкст з аднастайнай этнічнай структурай.
Паўднёвая Карэя — азіяцкі хрысціянска-канфуцыянскі свет з этнічна аднастайным насельніцтвам.
Сінгапур — азіяцкі будысцка-хрысціянскі кантэкст з разнароднай этнічнай структурай.
Беларусь — еўрапейскі хрысціянскі кантэкст з моцным уплывам савецкай спадчыны і высокай ступенню русіфікацыі.
Але на гэта накладваецца яшчэ адзін момант. Чатыры краіны з гэтага спісу ўяўляюць сабой чатыры розныя тыпы трансфармацыі: раптоўная дэмакратызацыя (Туніс), паэтапная дэмакратызацыя (Паўднёвая Карэя), эвалюцыйная дэмакратызацыя (Сінгапур) і аўтарытарная трансфармацыя (пакуль што з няяснымі наступствамі) — Беларусь.
— Якія агульныя рысы аўтарытарызму ў гэтых краінах і Беларусі вас пры даследаванні найбольш здзівілі?
— Агульныя рысы не здзівілі наогул. Яны прадказальныя да банальнасці. Любая аўтарытарная сістэма, незалежна ад геаграфіі, трымаецца на трох стаўпах: стварэнне бачнасці легітымнасці, дазіраванне рэпрэсій і кааптацыя — то-бок купля лаяльнасці эліт і тэхнакратаў. Гэта, так бы мовіць, законы фізікі ўлады, тут няма чаму здзіўляцца.
Здзіўлялі хутчэй сістэмныя анамаліі. Як аўтакратыі ўмудраліся выжываць у сітуацыях, калі ўсе індыкатары паказвалі на іх непазбежны калапс. І наадварот — як яны імгненна рассыпаліся, калі, здавалася б, нішто не прадвяшчала краху.
— Раскажыце падрабязней пра гэта.
— Вось, калі ласка. Сітуацыя першая. Уявіце сабе аўтарытарны рэжым, дзе вы назіраеце наступнае. У краіне эканамічны спад, нарастае напружанасць, успыхваюць масавыя пратэсты супраць дыктатуры. І на фоне ўсяго гэтага з’яўляецца эталонны «чорны лебедзь» — прэзідэнта-аўтакрата забівае адзін з яго найбліжэйшых паплечнікаў!
Дыктатар мёртвы, унутры кіроўнай эліты драматычны раскол і разборкі, грамадства яшчэ больш мабілізавана і на вуліцах патрабуе дэмакратыі. Больш таго, краіна моцна інтэграваная ў заходні свет, ЗША з’яўляюцца яе найважнейшым саюзнікам. Якім быў бы ваш прагноз?
Думаю, шмат хто з назіральнікаў прадвяшчаў бы канец гэтай сістэмы. Аднак гэта не здарылася. Сістэма паспяхова выжыла.
На месца забітага дыктатара — пасля некалькіх месяцаў дэзарыентацыі — прыходзіць новы, не менш жорсткі дыктатар, які перахоплівае кіраванне і жорстка падаўляе ўсіх апанентаў.
І гэтаму новаму дыктатару ўдаецца не толькі захаваць сістэму, а ўзнавіць імклівы эканамічны рост! Тое, пра што я тут распавёў — гэта кейс Паўднёвай Карэі канца 1970-х і пачатку 1980-х гадоў.
А цяпер уявіце іншую сітуацыю. Вы назіраеце за падзеямі ў краіне, якая з году ў год трактуаецца экспертамі як «востраў аўтарытарнай стабільнасці». І калі хтось пачынае пісаць даследаванне па палітычных працэсах у гэтай краіне, то стаіць пытанне не «ці аўтакратыя тут моцная?», а «чаму аўтакратыя такая моцная?»
Прэзідэнт-дыктатар кіруе ўжо больш за дзве дэкады, эканоміка збольшага функцыянуе, лідары заходніх краінаў у цэлым задаволеныя і лічаць краіну надзейным партнёрам. Усе выбары аўтакрат беспраблемна выйграе з вынікам каля 90% галасоў. Магутны апарат бяспекі трымае ўсё пад кантролем.
СМІ пад асабліва жорсткім кантролем. Інтэрнэт — таксама, да такой ступені, што нават кулінарныя блогеры трапляюць пад пільны кантроль, калі іх аўдыторыя павялічваецца да некалькіх дзясяткаў. Час ад часу здараюцца дробныя эксцэсы: ці то нейкі лакальны пратэст праявіцца, ці то нейкі эксцэнтрык здзейсніць самаспаленне.
І вось, дзесьці ў адной правінцыі, здалёк ад цэнтра, чарговы грамадзянін ажыццявіў акт самаспалення. Ці схільны вы будзеце прадвяшчаць які-кольвечы крах для рэжыму? Наўрад ці. А рэжым не проста распаўся ў выніку гэтага самаспалення, але распаўся — па мерках палітычных працэсаў — імгненна.
Спатрэбілася ўсяго тры тыдні, каб прэзідэнт збег з краіны, а аўтарытарная сістэма развалілася. Гэта кейс Туніса 2010-2011 гадоў.
— Ці сустрэлі вы пры даследаванні нейкі прыклад, падобны на беларускія падзеі 2020 года?
— У плане масавасці і сілы — не. У гісторыі Паўднёвай Карэі, Туніса ці Сінгапура такіх інтэнсіўных пратэстаў не было.
Каб вывучаць феномен мабілізацыі, трэба браць Венесуэлу 2017-га ці Польшчу 1980 года. Але наша задача была іншая. У манаграфіі мы даследавалі не фізіку пратэстаў, а механіку аўтакратыі.
З сістэмнага ракурсу 2020 год — гэта момант, калі ўнутры беларускай аўтакратыі канчаткова абваліўся адзін са стаўпоў аўтакратыі: так званая працэдурная легітымацыя. Гаворка ідзе пра перакананасць грамадства, што лідар, хай сабе і не на ўзроўні лічбаў Лідзіі Ярмошынай, але мае падтрымку большасці. У 2020-м гэта перакананасць была разбурана і наўрад ці мае шанцы адбудавацца пасля гэтага.
— Усталяванне і 30-гадовае існаванне аўтарытарызму ў Беларусі — гэта, на вашу думку, «заслуга» выключна Лукашэнкі ці не?
— Ёсць у паліталагічнай публіцыстыцы нешта такое, што я называю дылемай паміж «дэманам на троне» і «рабскім менталітэтам народа». Адны публіцысты даводзяць, што народ свабодалюбны, і калі б не гэты чорт на чале краіны, усё было б добра. Іншыя кажуць інакш, нешта кшталту: кожны народ мае такога кіраўніка, якога заслугоўвае.
У рэальнасці няма ні дэманаў, ні рабоў. Аўтакратыя можа скласціся дзякуючы супадзенню некаторых фактараў, якія, скажам так, «маральна нейтральныя».
Адносна нашага выпадку я б назваў тры фактары.
Па-першае, гэта так званая залежнасць ад каляіны.
Савецкая інстытуцыйная спадчына мадэлі БССР пакінула настолькі глыбокую адміністрацыйную каляіну, што спроба вырвацца з яе падавалася многім больш рызыкоўным і больш затратным варыянтам, чым застацца ў каляіне.
Тут трэба моцна падкрэсліць, што залежнасць ад каляіны не азначае аўтаматычна «рабскай ментальнасці» ці нейкіх іншых маральных заганаў. Гэта псіхалагічны механізм, які дзейнічае ва ўмовах няпэўнасці і непрадказальнасці.
Кожны з нас у штодзённым жыцці раз-пораз паддаецца гэтай заканамернасці, як хаця б аддаванне перавагі добра вядомаму маршруту ў горадзе, асабліва калі знаходзімся ў стане стрэсу ці пад прэсінгам часу.
Па-другое, аўтарытарны гегемон. Расія стала магутным вонкавым стабілізуючым фактарам. Крэмль рэгулярна браў на сябе частку выдаткаў на падтрыманне рэжыму Лукашэнкі, страхуючы яго ад сістэмных шокаў у абмен на геапалітычную лаяльнасць.
Па-трэцяе, так званая выніковая легітымацыя (performance legitimacy). Гэта здольнасць улады апраўдваць сваё існаванне праз дасягненні. У беларускім выпадку гэты тып легітымацыі абапіраўся на дзве нагі: эканамічны складнік (які прапрацаваў каля дэкады) і абарончы, або бяспекавы, складнік (які пратрымаўся практычна тры дэкады).
Так, пасля лютага 2022 года, калі рэжым быў уцягнуты ў расійска-ўкраінскую вайну, ён больш не можа пахваліцца бяспекай ці вобразам «ціхай гавані». Але памятайма: з 1994 па 2022 год — добрыя 28 гадоў — рэжым не проста прадаваў грамадству вобраз фізічнай бяспекі і парадку, ён рабіў гэта небеспадстаўна.
Гэты бяспекавы кантракт дзесяцігоддзямі зводзіў сістэмныя рызыкі да мінімуму і трымаў сістэму ў стане такой-сякой раўнавагі.
— Калі казаць пра перспектыву дэмакратычнай трансфармацыі ў Беларусі, то пасля зробленага даследавання што дае вам падставы для песімізму, а што — для аптымізму?
— Добра, паспрабую ідэнтыфікаваць свае «песімізмы» і «аптымізмы». Але адразу пазначу, што гэта ўзаемазлучаныя сасуды: тое, што магло быць падставай для песімізму, можа ў выніку аказацца фактарам пазітыўных зрухаў (і наадварот).
Сасуд песімізму: рэжым перажыў ці не найстрашнейшы крызіс і зрабіў высновы. Цяпер ён бетануе шчыліны, нон-стоп прымяняючы рэпрэсіі, ствараючы Усебеларускі народны сход і партыйныя структуры, каб застрахаваць сябе ад любых нечаканасцяў у будучыні. Акрамя таго, ёсць драматычная залежнасць ад «геапалітычнага даху» — Расіі.
Сасуд аптымізму.
Па-першае, у 2020 годзе беларускае грамадства перажыла каласальны шок мабілізацыі. Уявіце, што ў вялізным цёмным пакоі, дзе кожны сядзеў ціхенька паасобку, раптам на хвіліну ўключылі святло.
Людзі пабачылі адно аднаго і зразумелі, што яны — большасць. Нават калі святло зноў груба выключылі, гэту памяць сцерці немагчыма. Гэты кагнітыўны зрух застаўся ўнутры грамадства ўсур’ёз і надоўга, і ён працуе на будучыню.
Па-другое, здзелка «вы маўчыце, а мы даем вам дабрабыт і бяспеку» згарэла. Рэжым больш не ў стане выконваць сваю частку дамовы: няма ні эканамічнага цуду, ні статусу бяспечнай «ціхай гавані». А без гэтага паліва машына не зможа ехаць доўга.
Па-трэцяе, гісторыя бязлітасная да аўтакратаў. Дыктатары старэюць, ізалююцца ў інфармацыйным вакууме і схільныя рабіць фатальныя памылкі. Сістэма, пазбаўленая зваротнай сувязі, робіцца надзвычай уразлівай. Яна губляе эластычнасць і можа зламацца ад раптоўнага ўдару, нават не вельмі моцнага.
— На польскай мове вашая сумесная з Пятром Ліхачам кніга пабачыла свет у 2023-м. Як за мінулыя гады вы пераасэнсавалі свае погляды і высновы?
— Нашы базавыя высновы не змяніліся, бо яны абапіраюцца на структурную механіку, а не на эмацыйны фон навінаў. Але сам працэс падрыхтоўкі беларускай версіі ў 2023-2026 гадах падарыў нам эталонную ілюстрацыю таго, наколькі кволым бывае лёс аўтакратаў.
Восень 2023 года (заканчваем працу над польскай версіяй, і я пачынаю працу над беларускай версіяй). У Венесуэле Нікалас Мадура выглядае як абсалютны трыўмфатар. Ён цынічна рэанімуе стары тэрытарыяльны канфлікт з Гаянай вакол рэгіёна Эсэкіба. Спараджае штучны «патрыятычны ўздым» і выбівае каласальныя саступкі з боку ЗША.
На той момант здавалася, што дыктатар канчаткова перахітрыў усіх і забеспяспечыў сабе спакойнае кіраванне яшчэ мінімум на шэсць гадоў. А на момант завяршэння працы над беларускай версіяй кнігі Мадура ўжо сядзеў у нью-ёркскай турме і даваў паказанні па справах аб наркагандлі.
— Якімі, на ваш погляд, павінны быць высілкі грамадзян Беларусі і дэмакратычных сіл, каб трансфармацыя ў нашай краіне адбылася?
— Уявіце сабе шахматную партыю. У 2020 годзе беларускае грамадства паставіла небяспечны шах каралю. У шахматах гэта блізка да паняцця «фарсіруючай атакі» — сітуацыі, калі праціўнік губляе ініцыятыву і вымушаны скіроўваць усе рэсурсы на адну мэту: выжыванне.
Каб адбіцца ад гэтага шаха, рэжыму давялося змахнуць з дошкі некалькі ключавых фігур: ён ахвяраваў эканамічным развіццём, рэшткамі міжнароднай легітымацыі і знішчыў працэдурную бачнасць уласнай законнасці. Кароль выжыў, але цяпер ён наглуха заблакаваны ў куце і закрыты адным тыпам фігур — цяжкімі сілавікамі.

Тут не месца на падрабязнае распісванне сцэнарыяў, таму абмяжуюся агульнымі рэфлексіямі.
Галоўная стратэгічная памылка, якую дэмсілы маглі б зрабіць — спрабаваць скапіяваць ці паўтарыць той самы ход. Калі вы зноў і зноў атакуеце поле, якое праціўнік ужо заліў бетонам, вы не праяўляеце гераізм — вы проста спальваеце ўласныя рэсурсы.
Партыя працягваецца, але на дошцы ўжо іншая расстаноўка. Рэжым будуе новыя лініі абароны (Усебеларускі народны сход, партыю ўлады), спрабуючы мінімізаваць выдаткі на маніторынг сваіх жа элітаў.
Дэмакратычныя сілы павінны працаваць як венчурны інвестар: захоўваць свае інстытуты, берагчы чалавечы капітал і быць у стане мабілізацыйнай гатоўнасці, каб імгненна скарыстацца наступным «чорным лебедзем» — раптоўнай анамаліяй ці фатальным пралікам рэжыму.