Беларускі Свабодны тэатр святкуе сёлета сваё 10-годдзе. Публіцы будуць прадстаўленыя 10 самых важных спектакляў з гісторыі тэатра. Гэтымі тыднямі ў Мінску быў адноўлены спектакль “Псіхоз 4.48” паводле тэксту Сары Кейн. 10 гадоў таму менавіта гэтай п’есай у пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня Свабодны тэатр пачаўся як сцэнічны праект.
Спектакль “Псіхоз 4.48” я глядзеў многа разоў. І мне здаецца зусім не выпадковым, што гісторыя Свабоднага тэатра пачалася менавіта з гэтага спектакля. Нельга казаць, што іншых спроб не было. Нават ва Уладзіміра Шчэрбаня. Я памятаю спектакль “Налу” паводле п’есы Яны Русакевіч на Малой сцэне Купалаўскага, “Шчырыя палароідныя здымкі” Равенхіла, іх паказалі ледзь не падпольна ў рэпетыцыйнай зале — яны выразна выбіваліся з іншага рэпертуару Купалаўскага тэатра. Паветра было наэлектрызаванае, была моцная патрэба выхаду энергіі. У нейкай ступені ўзровень адчаю дайшоў да верхняга пункту.
Гэта як з “Чайкай” Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі: гэта быў не першы спектакль МХАТа, але гэта быў спектакль, які адмяніў усё, што было зроблена дагэтуль. Пасля “Псіхозу” вярнуцца і граць у звычайным рэпертуары было практычна немагчыма. Хтосьці расказваў, як назіраў за Янай Русакевіч і Воляй Шанцынай у масоўцы “Паўлінкі” якраз у той перыяд, калі яны працавалі над “Псіхозам”: яны істотна выбіваліся з ладу спектакля, такое адчуванне, што нашы сучаснікі раптам перанесліся на сто гадоў назад. Псіхоз быў машынай часу, які вярнуў наш тэатр назад у будучыню.
Справа ў п’есе.
Гэта нездаровы тэкст. Талент аўтаркі ў нечым перамог яе нездароўе, не даўшы тэксту ператварыцца ў набор рэфлексій і банальнасцяў, даў вырвацца святлу з чорнай дзіры вар’яцтва, даў нам магчымасць схадзіць на экскурсію за гарызонт падзей. Псіхоз, вар’яцтва ў гэтай п’есе робяцца нечым, што адбываецца не толькі з аўтаркай. Гэта нешта цалкам зразумелае нам. Прага кахання, нянавісць і крыўда да ілжывасці і падману, невыноснае адчуванне несвабоды. Хіба ў сучасным грамадстве ёсць так шмат людзей, хто не перажываў нешта такое, седзячы моўчкі на кухні?! “Мне патрэбныя сябры ў розуме”, — чуе галоўная гераіня, але дзе іх знайсці? Кейн піша пра немагчымасць нармальнасці на высокім эмацыйным захлёсце.
Самае цяжкае — гэта пачаць. Гэта не побытавы тэкст, дзе героі прыходзяць на сцэну з уласнымі біяграфіямі, была неабходнасць нарадзіць тэкст тут і цяпер на сцэне. Русакевіч і Шанцына быццам выціскалі з сябе першыя радкі п’есы, і раптам атмасфера ў спектаклі настройвалася на належны лад.
У новай версіі, якая існуе як самастойны спектакль, але ёсць быццам прысвячэннем таму самаму спектаклю 2005 года, выкарыстоўваюцца кадры з прэм’еры спектакля ў “Графіці”. І ў пачатку актрысы Яна Русакевіч і Марыя Сазонава толькі адкрываюць рот, прамаўляючы словы, што некалі былі прамоўленыя ўпершыню. Гэта прыгожы прыём, больш за тое, так тэатр проста здымае любыя пытанні пра параўнанні “таго” спектакля і “гэтага” — гэта, па сутнасці, адзін спектакль. Але з тэхнічнага пункту гледжання, на маю думку, праз такі пачатак самім актрысам цяжэй увайсці ў належны эмацыйны лад. Гэта адзіная заўвага такога кшталту, таму што з развіццём дзеі з’яўляецца менавіта той эмацыйны накал, якія зрабіў спектаклю імя ў 2005-м.
“Псіхоз” — не самы просты спектакль у фізічнай партытуры, і актрысы без бачных складанасцяў існуюць у гэтых рытмах і інтанацыях. У пакойчыку Свабоднага тэатра душна, але гэта невялікае выпрабаванне ў параўнанні з тым, што адбываецца ўнутры п’есы.
Мне здаецца, наўрад ці было б кампліментам Яне Русакевіч сказаць, што нічога не змянілася за гэтыя 10 гадоў. Мне здаецца, што цікавасць да ўсяго новага і авантурнасць першых гадоў “Свабоднага тэатра” змянілася пачуццём адказнасці да матэрыялу. Гэта вельмі добра бачна на фоне больш адчайнай партнёркі: у Марыі Сазонавай ёсць у вачах тыя самыяі іскры, што былі ў дзяўчат 10 гадоў таму. Вочы Русакевіч (а ў спектаклі шмат непасрэднага кантакту з гледачом) глядзяць больш патрабавальна: “Вы павінныя пачуць гэтую гісторыю!”
Мне здаецца, сёння цяжэй успрыняць неабходнасць разбірацца ў чужым вар’яцтве. Мы неяк прызвычаіліся да ўласнага адчаю. Тым важнейшае тое, што гэты спектакль з’явіўся менавіта сёння.
Я помню свой папярэдні прагляд “Псіхозу”, ён быў на фестывалі ў Тальяці, дзе адзін з правінцыйных расійскіх акцёраў, удзельнікаў фестывалю, ламануўся з залы на першых хвілінах спектакля. Значна правільней помніць гэты спектакль іншым, і за гэтую магчымасць я Свабоднаму тэатру ўдзячны.
Аляксей Стрэльнікаў