Конкурс анімацыйных працаў, што прайшоў у межах Трэцяга міжнароднага фестывалю лічбавага мастацтва “Tera Nova”, дае ўсе падставы сцвярджаць, што айчынная анімацыя пасля доўгіх гадоў заняпаду адраджаецца. Сведчаннем гэтага сталіся працы самых розных жанраў студэнтаў і майстроў, паказаныя ў межах конкурснай праграмы.
У галерэі “Лабірынт” у Нацыянальнай бібліятэцы ў “анімацыйны дзень” фестывалю “Tera Nova” яго арганізатарам давялося дастаўляць лішнія крэслы. Ахвочых паглядзець новыя беларускія творы ў гэтым жанры знайшлося нямала. Праўда, пераважна гэта былі цікаўныя спецыялісты, студэнты акадэміі мастацтваў і навучэнцы мастацкай вучэльні. Праз зусім кволую рэкламу фэсту астатнія пра адкрыты паказ не даведаліся.
Тым часам праграма была сапраўды вартая ўвагі. На конкурс былі пададзеныя 24 працы. Паказ пачаўся з яркай і сімпатычнай працы Арыядны Нікіфаравай “У Прагу”, прадстаўленай як “анімацыйны мюзікл” пра дзяўчынку, што прагне трапіць у чэшскую сталіцу ды пераадольвае ўсе перашкоды, што трапляюцца на яе шляху.
“Безумоўна, гэты конкурс дэманструе сучасны стан беларускай анімацыі”, — кажа куратар фестывалю “Tera Nova” Фёдар Ястраб. Ён ужо неаднойчы прагледзеў конкурсныя працы і ўпэўнены, што цяпер ніхто не зможа сказаць, што гэты кірунак у заняпадзе. І сапраўды, у апошнія гады з’явілася нямала цікавых ролікаў і мультфільмаў, якія прыводзяць ў захапленне. Як, напрыклад, гэты шыкоўны твор “Дзед” рэжысёра-мультыплікатара Аляксандра Ленкіна са спевамі этна-фолк гурта GUDA.
Аснову конкурснай праграмы складалі студэнцкія працы. Як заўважаюць сябры журы, сённяшнія ролікі, што здымаюць студэнты, маюць досыць высокі ўзровень. У сваіх спрэчках, што праходзілі пасля паказу, яны сышліся на думцы, што практычна ўсе працы вартыя адзначэння (толькі прызоў на ўсіх аніяк не хопіць). “Беларуская анімацыя сапраўды ажывае, бо пачалі выкарыстоўвацца новыя тэхнічныя прыёмы, спецэфекты, рытмы, колеры”, — заўважае Фёдар Ястраб, ацэньваючы працы навічкоў. Сярод зусім новых імёнаў ён называе А. Баранаву, Паўла Забірана, Лілю Давыдоўскую і яшчэ шмат каго. Адзін з яскравых прыкладаў “новай беларускай анімацыі” — праца “Свет беларускай міфалогіі” выпускніцы факультэта дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандры Камінскай.
Высокай адзнакі варты мультфільм “Балерына і люстэрка”, таленавіта і пачуццёва намаляваны адным алоўкам. Яго аўтарка Наталля Сурыновіч скончыла мастацкую вучэльню і курсы анімацыі пры акадэміі мастацтваў у Мінску і паступіла ва Усерасійскі дзяржаўны ўніверсітэт кінематаграфіі (ВГИК), які мае сёлета скончыць.
Адзін з удзельнікаў анімацыйнага конкурсу фестывалю “Tera Nova” дык наогул ужо атрымліваў высокую ўзнагароду раней. Гаворка пра працу Дзмітрыя Сурыновіча ды Юліі Цітовай, якая была прызёрам на XVI адкрытым расійскім фестывалі анімацыйнага кіно. Гэта самы доўгі фільм з конкурснай праграмы, хранаметраж якога перасягае 13 хвілінаў. Пачынаецца ён з інтрыгоўных словаў: “Я памёр у адзін дзень з Сталіным”. А прысвячаецца жыццю і творчасці кампазітара Сяргея Пракоф’ева. Не дзіва — спансавала гэты праект Міністэрства культуры Расіі.
Інтрыгі не засталося пасля паказу чарговага шэдэўра ад Міхаіла Тумелі – мульта “Беларускія прымаўкі”, захваленага ўжо ў сеціве нешматлікімі гледачамі і названага адным з карыстальнікаў “нашымі Монтыпайтанамі”. Пасля паказу гэтай працы стала зразумела, хто возьме адзін з прызоў у сёлетнім конкурсе фэсту “Tera Nova”.
Кажучы пра Міхаіла Тумелю, неабходна згадаць яшчэ адну яго выдатную працу з апошніх – мультфільм “Выцінанка-выразанка”, зроблены паводле песні “Жар-жар” этна-трыа “Троіца”. На гэтым конкурсе ён не быў заяўлены. Але каб трапіў у праграму, то роўных яму не было б.
Пераможцы сярод працаў у анімацыйным кіно, як і ва ўсіх іншых намінацыях фестывалю “Tera Nova”, будуць названыя 18 студзеня на ўрачыстым закрыцці, што пройдзе ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Сяргей Будкін