Выступ паэтэсы Веры Буланда ў мястэчку Зялёны бор, што ў Смалявіцкім раёне, адбыўся 19 снежня а 19-й гадзіне. Арыгінальнасць сустрэч паэтаў, пісьменнікаў, бардаў у Палацы культуры названай мясцовасці ў тым і заключаецца, што ўсе вечарыны і назначаюцца якраз вечарам а 19-й гадзіне і абавязкова 19 –я дата кожнага месяца. Людзі ўжо ведаюць пра гэты дзень і чакаюць, а каго на гэта раз запросіць іх шаноўны дырэктар Палаца культуры Гусеў Валер. А на гэта раз сюды прыехала на электрычцы да Жодзіна, а потым на машыне самога дырэктара спадарыня В.Буланда.
Гутарка пачалася нязмушана з пытання, што ці хто натхняе на творчасць. І хаця аналагічны адказ быў прачытаны пазней, 22 снежня ў газеце “Новы час” у інтэрв’ю з Алесем Паплаўскім, які так і сказаў: “Маім натхняльнікам з’яўляецца жыццё”. Ну, значыць, паэты і пісьменнікі іншы раз прытрымліваюца ў некаторых пытаннях адной думкі. Спадарыня Вера таксама падкрэсліла, што бярэ натхненне ў самога жыцця. Прывяла найбольш яркі прыклад з паездкі дадому ў вёску на Барысаўскай электрычцы, у якой ёй давялося разгаварыцца з цікавай і прыгожай, не гледзячы на васьмідзесяцігадовы ўзрост, жанчынай. Яна слова за словам распавяла трагічную гісторыю свайго лёсу, як пасля нямеччыны трапіла ў сталінскія лагеры, як працавала на лесапавале, як пахавала свайго маленькага дзесяцімесячнага сына Міхаську… Як такое жыццё не занатаваць? Як не напісаць пра сваіх землякоў, сваякоў, гісторыі якіх таксама выклікаюць і цікавасць, і неабходнасць занатаваць калі не ў вершы, то ў нарысе, або апавяданні ці аповесці, да якіх Вера Буланда звярнулася апошнім часам. А яшчэ яна сама ад сябе не чакала, што можа пісаць і гумарыстычныя творы. А прыкладаў з жыцця таксама – збірай толькі, як грыбы ў лесе, і, пачысціўшы, тое-сёе прыдумаўшы, запісвай, пакідай на памяць землякам, радні, усім беларусам. Напрыклад, землякі любяць, калі чуюць радкі пра родны Мсціж, дзе вырасла паэтка:
Прыехаць бы на Мсціж свой леташні,
Калі былі мы значна лепшымі,
Каб па лугах прайсціся босымі,
Умыцца б травамі нам роснымі,
Ды сонцам ранішнім уцерціся,
Зноў на вясёлку абаперціся.
Самім сабе сказаць, што весела
Пабыць у краі сваім песенным.
Хоць у цяперашнім – не леташнім.
Каб на
шы думкі сталі лепшымі….
Самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” (пры падтрымцы якой і адбылася імпрэза) атрымалі падарункі: торбачкі, паштоўкі “Мы – адметныя” і дыскі з цікавосткамі “Будзьма беларусамі!”.