Экспедыцыя полацкага археалагічнага легіёна на чале з шэфам-археолагам Маратам Клімавым у складзе пяці чалавек аўтобусам, нагружаным рэчамі і ежай, выправілася ранкам 2 ліпеня з Полацка — на пошукі сядзібы невядомага феадала ў вёсцы Лучна. Праз 6 дзён склад археолагаў павялічыўся да сотні. Узніклі складанасці.
Дзень пачынаўся пахмурна і падступна. Пятыя суткі вандроўкі былі ахвяраваныя ўсталяванню навесаў, намётаў, цывільнай прыбіральні і наладжвання разведкавых раскопак.
Адзін з навесаў
Ранкам шостага дня, падчас спажывання кавы, да лесу раптам наблізіўся МАЗаўскі аўтобус:
— Гэта Віцебск, — неяк разгублена прамовіў шэф.
Шэф Марат Клімаў у чаканні
Цуд беларускай тэхнікі выплюнуў у ліпеньскае паветра нястройныя шэрагі студэнтак ВДУ і некалькіх студэнтаў — юных археолагаў. Абвешаныя торбамі і нялёгкімі думкамі, тыя пачалі нясмела прасоўвацца ў бок лагеру.
Выгрузка рэчаў
Абцасы правальваліся ў мох і чапляліся за шышкі, касметыку бязлітасна знішчала сонца: Знаёмства з лесам праходзіла ў нялёгкіх кліматычных умовах, але віцяблянкі годна перанеслі бязлітаснае надвор’е. Кажуць, у Віцебску на 70 дзяўчат прыпадае толькі 30 хлапцоў.
Шлях да будучага летніку
Як заўжды тут здараецца, калі нехта прыязджае, абрынуўся дождж. Змяніўшы дыскаклубы на сосны і квадраты раскопу, дзяўчаты гераічна ставілі намёты — хто ўверх дном, хто ўбок дахам.
Узвядзенне намётаў
Схаваўшыся ў вільготных брэзентавых сядзібах, паўночныя прыгажуні мужна стрэлі першае лясное хрышчэнне.
Наступным ранкам лясная цішыня была знішчаная гістфакам БДУ. Стагналі сосны, плакаў дождж, звяры наладзілі далёкую міграцыю. Коўдры выдаваліся пад роспіс, намёты з Кітая раслі, нібы грыбы — студэнты гучна лакалізаваліся побач з ПАЛаўскім лагерам.
У адрозенне ад будучых менеджэрак з ВДУ, высадка мінскага гістфаку нагадвала прыбыццё ваеннага дэсанту.
«Калі ўсё гэта здарылася, дык людзей тут зусім яшчэ мала жыло, паселішчы далекавата адно ад аднаго знаходзіліся», — гаворыцца ў легендзе пра заснаванне Віцебска. Цяпер намётавыя філіялы Віцебска і Мінска былі поруч. На Віцебскай гары панавала дзявоцкасць і пяшчота.
Летнік БДУ
Пад гарой гучаў гітарамі, спевамі, «Трыма Чарапахамі» і талеркамі абгароджаны стужкай БДУ заказнік гістарычных спрэчак.
У намётавым паселішчы ХХІ стагоддзя пачалі фармавацца законы. Лад нагадваў рымскую дэмакратыю. Самую вялікую праслойку ляснога грамадства складалі студэнты-практыканты. На ўзор старажытнага Рыму, яны нагадвалі плебеяў: адбой у адзінаццаць, праца па раскладзе, нармаваны адпачынак. Другая катэгорыя — патрыцыі-валанцёры — студэнты старэйшых курсаў. Тыя маглі класціся калі заўгодна і адпачываць па жаданні. Яны ж кіравалі практыкантамі і сачылі за парадкам. Часам іх называлі «ПАЖ» — палявая археалагічная жандармерыя. Трэцюю частку складала найвышэйшае кіраўніцтва — выкладчыкі з універсітэта, сенатары.
Летнік БДУ: від з гары ВДУ
Цяпер ранкі нагадваюць высадку асобых частак войск у мэтах гвалтоўнай акупацыі. З гары атакуюць пяшчотныя віцяблянкі ў пошуках рулеткі, пласкагубцаў, малатка і сякеры. Лагер прачынаецца пад гучны вокліч: «НА РАБОТУУУ!».
Будоўля ў летніку ВДУ
Дождж стаўся перманентнай дэкарацыяй. Цяпер трэба было здалёк шукаць прыбіральню і пільнаваць цішыню апоўначы. Тутака хіліліся перад цыстэрнай з вадой у 900 літраў. Юныя студэнткі мелі талент знішчаць 450 за дзень. Лагер БДУ патыхаў кансерватыўным падпарадкаваннем правілам. У Віцебскім філіяле панаваў лібералізм.
Пачалі нараджацца лірычныя легенды. Хадзілі чуткі, што адна з дзяўчат Торвальда, Мэры, згубілася разам з каханым на полацкіх землях. Цяпер яе дух заўсёды блукае па старажытных мясцінах. Аднойчы, убачыўшы кагорты маладзёнаў, яна мае шанец вызваліць шматпакутную душу. Ранкам, калі мроя кранецца сонных намётаў, ёй трэба дыхнуць у вуха самай прыгожай з практыкантак, каб ажыццявіць наканаваную місію. Спазнаўшы рэінкарнацыю, практыкантка пранікне ў намёт самага адчайнага з археолагаў, каб прашаптаць загадкавы нумар квадрата, дзе ляжыць скарб.
Гістфакам кіравалі выкладчыкі, у Віцебску яны таксама былі. Часам іх нават бачылі. Увечары яны наладжвалі доўгія маралістычныя выступы перад студэнтамі. У БДУ быў агульны вечаровы сход, дзе абмяркоўвалася, хто, як, дзе і на чым папаўся. У ПАЛаўскім лагеры жылі чацвёра археолагаў і колькі сабак: Выпіт, Закусіт і Трафей.
Практыкантка і Трафей
Лагеры і іх законы ўзраслі па дажджы, заўтра практыкантаў мусіў закатаваць злавесны й спякотны раскоп.
Раскоп
на першым фота – Усталяванне летніку студэнткай ВДУ
Працяг будзе.