Медыі — асноўная крыніца інфармацыі ў сучасным свеце. Але многія грамадскія ініцыятывы, вартыя ўвагі, не трапляюць на старонкі СМІ. Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA завіталі ў Маладзечна, каб разам з гараджанамі высветліць: чаму так адбываецца? Як можна змяніць сітуацыю і наладзіць стасункі? Што трэба зрабіць актывістам, каб журналісты не абыходзілі ўвагай іх дзейнасць?
Разабрацца ў сакрэтах плённай супрацы медыяў і актывістаў дапамагалі дасведчаныя эксперты: галоўны рэдактар 34mag.net і 34travel.me Антон Кашлікаў; старшыня маладзечанскай філіі БАЖ і загадчыца аддзела інфармацыі “Рэгіянальнай газеты” Зоя Хруцкая; галоўная рэдактарка інфармацыйнага партала Kraj.by Святлана Цішко; Воля Трубач — кіраўніца клуба “Кола” і грамадская актывістка.
Ці павінныя медыі актывістам?
Інтэрнэт-часопіс 34mag.net часта знаёміць сваіх чытачоў з рознымі рэгіянальнымі актыўнасцямі. Дзякуючы гэтаму інтэрнэт-рэсурсу грамадскія актывісты сталі ў нейкім плане зоркамі. У 2013 годзе 34mag.net распачаў спецпраект “Актывісты”, героямі якога зрабілася каля 70 адметных асобаў з розных абласцей краіны, якія займаюцца чым заўгодна — ад экалогіі да дапамогі кінутым жывёлам. Па словах галоўнага рэдактара Антона Кашлікава, публікацыі мелі шмат праглядаў, да таго ж унутры кожнага прафайла можна было знайсці кантакты героя артыкула, каб з ім звязацца. Навошта гэта патрэбна?
Антон кажа:
— Часта людзі, якія займаюцца адным і тым жа, не ведаюць адно пра аднаго. І мы змаглі наладзіць гэтую сувязь, дапамаглі знайсці аднадумцаў. Адметнасцю праекта было тое, што журналісты расказвалі не толькі пра актыўнасці гэтых людзей, але і пра іх асабістыя гісторыі. Праект працягваецца і цяпер, бо вырасла новае пакаленне. І гэта яскравы прыклад супрацы грамадскіх актывістаў і СМІ. Хаця існуе думка, што іх інтарэсы не супадаюць.
Класна, калі разам з медыямі актыўныя і ініцыятыўныя прыдумляюць незвычайныя формы аповеду пра сваю дзейнасць. Антон Кашлікаў прывёў прыклад супрацы 34mag.net з дабрачыннай арганізацыяй па ахове правоў жывёлаў. Замест банальнай інфармацыі пра дзейнасць арганізацыі чытачам “патлумачылі на коціках”, што рабіць, калі хочацца ўзяць сабаку з прытулку, а тэматычны партал пра падарожжы 34travel.me зрабіў агляд пра лёс кінутых жывёл у іншых краінах. Таму варта выходзіць за звыклыя рамкі і шукаць нейкія “разынкі”, нестандартныя хады, каб супраца з медыямі давала плён. І актыўней выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, ствараць тэматычныя суполкі, блогі. Добры мясцовы прыклад прагучаў з залы — інстаграм-старонка “Актыўнае Маладзечна” за паўгода змагла сабраць амаль 1000 падпісчыкаў, распавяла аўтарка старонкі Валянціна Сідоркіна.
— Медыі актывістам нічога не павінныя, і гэта трэба памятаць, — падсумаваў Антон. — Шукайце падыходы праз асабістыя кантакты. Трэба быць нават нахабным, грукацца ва ўсе дзверы, бо медыяў насамрэч не так і шмат. У сваю чаргу 34mag.net заўсёды будуць цікавыя вартыя ўвагі актыўнасці ў рэгіёнах.
Што прапануюць мясцовыя медыі?
Уплывовая ў Маладзечне “Рэгіянальная газета” асвятляе жыццё сямі раёнаў Міншчыны і Гродзеншчыны. Журналісты пастаянна ў пошуку цікавых тэм і людзей, якія могуць прыцягнуць чытачоў і наведнікаў сайта.
— Менавіта актывісты змяняюць свет, — акцэнтавала ўвагу Зоя Хруцкая. — Узяць хаця б акцыю “У мой кубак” ці выступленне грамадскасці супраць будоўлі на месцы Курапат.
У “Рэгіянальнай” таксама ёсць станоўчыя прыклады, калі публікацыі ў газеце паўплывалі на змены ў рэгіёне. Газета пісала, як жыхары Валожына абаранялі ад забудовы месца стадыёна, дзе калісьці расстрэльвалі яўрэяў, вяла тэму будаўніцтва буйнога свінакомплекса пад Маладзечнам. У выніку сумесных дзеянняў актывістаў і прэсы спрэчныя рашэнні аб забудове адмянілі.
Лайфхакі для актывістаў ад Зоі Хруцкай:
- Не чакайце ад прэсы саўдзелу. Не думайце, што журналіст пойдзе з вамі разам збіраць подпісы. Ён пра гэта напіша.
- Вызначце канкрэтна, у чым вашая ідэя, і данясіце яе да журналіста.
- Не абмяжоўвайцеся аднатыпнай рассылкай ва ўсе медыі. Прыдумайце, як прыстасаваць зварот да рознай аўдыторыі.
- Спрашчайце інфармацыю і пазбягайце залішніх спасылак.
- Не пішыце ў беларускамоўны СМІ па-руску: не абцяжарвайце журналіста перакладам.
- Пасля гутаркі з журналістам не адмаўляйцеся ад таго, што вы расказалі.
- Будзе гатовыя, што журналіст можа напісаць як пра ваш поспех, так і пра вашыя няўдачы.
Экспертка адзначыла: ніхто не раскажа пра ідэю лепш, чым яе носьбіт. Перад тым як звяртацца да медыяў, варта грунтоўна прадумаць, як і пра што вы хочаце распавесці, шукаць у сваім праекце ці ініцыятыве вартую ўвагі інфармацыйную нагоду. І верыць у сябе.
Па словах галоўнай рэдактаркі інфармацыйнага партала Kraj.by Святланы Цішко, нягледзячы на пераважна рэкламна-навіновую скіраванасць, партал шмат піша пра людзей, якім не ўсё роўна: ці то справа тычыцца ўшчыльнення гарадской жылой забудовы, ці то засмечвання лесапаркавай зоны, уладкавання дзіцячых гульнявых пляцовак, анкадыспансера ў Вілейцы. Такія тэмы заўсёды маюць вялікі рэзананс і жывое абмеркаванне на сайце і ў сацыяльных сетках. І гэта прыцягвае аўдыторыю.
— Мы гатовыя да партнёрства, але варта быць даволі настойлівымі, — падкрэслівае спадарыня Святлана і расказвае гісторыю пра мясцовага актывіста, які стаў амаль “сваім” у рэдакцыі партала, а супрацоўнікі нават дапамагалі яму пісаць афіцыйныя лісты.
Усё трымаецца на асабістых кантактах
Што ж у адказ расказалі мясцовыя актывісты? Кіраўніца этнаграфічнага клуба KOLA Воля Трубач — асоба, якая неаднойчы трапляла на старонкі як мясцовых СМІ, так і вышэйзгаданага 34mag.net.
Вольга расказала, што калісьці пачынала ў Маладзечне з “Кардоннага горада” ў рамках фестывалю “Час жыць!”. Пасля былі “Тутэйшыя квэсты” на роварах, быў створаны клуб KOLA. “Колаўцы” ладзяць танцавальныя вечарыны, аднаўляюць беларускія строі, бяруць удзел у фестывалях і народных святах.
Воля смела ідзе да прадстаўнікоў медыяў і актыўна супрацоўнічае амаль з усімі СМІ горада, як з недзяржаўнымі, так і з дзяржаўнымі. У чым сакрэт поспеху?
— Большасць публікацый у СМІ з’явілася дзякуючы добра наладжаным асабістым кантактам. Даводзіцца быць настойлівай. Цяпер вось зноў сама пішу артыкул, бяру каментары, каб раскрыць тэму, — кажа Вольга.
Такім чынам, асабістыя кантакты, настойлівасць і шмат самастойнай працы — такі сакрэт поспеху ад маладзечанскіх актывістаў.
У канцы сустрэчы прагучала думка, што актывізм у Маладзечне знаходзіцца ў стане развіцця, неабыякавым гараджанам варта пачаць з простага і аб’яднацца нягледзячы на адрознасць інтарэсаў і цікавасцяў і разам імкнуцца змяніць свой горад. А медыі пра гэта абавязкова напішуць.
budzma.by
Фота Паўла Савіцкага