Поўную залу клуба RE:PUBLIC сабраў санкт-пецярбургскі музыка Асаі з прэзентацыяй новай праграмы “ОМ” 28 лістапада. Фірмовая манера выканаўцы трымала ў напружанні аматараў музыкі амаль дзве гадзіны, нягледзячы на тое, што ў рэпертуары гурта толькі павольныя кампазіцыі.
Новы альбом Асаі пад назвай “ОМ” з’явіўся ў сеціве за некалькі тыдняў да мінскай прэзентацыі. “ОМ” – праграма лірычных атмасферных кампазіцый. Толькі адна песня з яго наўпрост датычыць сацыяльных рэалій. Расчараванне ў здольнасці ўладаў дзейнічаць і адчуванне безабароннасці перад тэрарызмам і злом як такім спявак выказвае ў песні “Столько жизни” з радком “Мистер президент, отправляйтесь в ад”, у якім на мінскай прэзентацыі музыка ўставіць прозвішча прэзідэнта і сарве гучныя авацыі.
Але крыху гісторыі: пачатак новага тысячагоддзя. У час, калі рэперы ўжо актыўна пераймаюць стыль і манеру растоўскага гурта “Каста”, на музычнай мапе Расіі з’яўляецца абсалютна адрозная з’ява, прапісаная ў Санкт-Пецярбургу, – спачатку Смокі Мо, а потым гурт Krec, у які і ўваходзіў Асаі. (Разам яны запішуць песню “Ольга Петровна”, на якую праз некалькі гадоў іранічна будзе спасылацца папулярны рэпер Гуф у першых радках хіта офісных супрацоўнікаў Масквы – “Original Ба”). Альбомы гурта Krec (скарот ад “Kitchen records”) “Нет Волшебства”, “По Реке” і першы сольны альбом Асаі “Другие Берега” слухаюць не толькі аматары жанру. І, здаецца, акурат спад папулярнасці дуэта прыпадае на выхад папулярнага фільма «Питер FM» у 2006 годзе, дзе гучыць іх песня “Нежность”. Неўзабаве пасля гэтага Асаі засяроджваецца на сольнай творчасці, збірае жывы гурт і гастралюе з ім.
Сёння рэперы больш нясмела называюць Асаі стоадсоткавым прадстаўніком жанру і махаюць рукамі пад яго рэчытатывы. Яшчэ нядаўна на сэрвісе Youtube пакрыўджаныя карыстальнікі выкладалі відэа спрэчак і перапалак з Асаі падчас жывых выступаў; канфлікт паміж “ты здрадзіў жанру” і “вы не слухаеце музыку”. Прасветлены і супакоены музыка, тым не менш, працягвае радаваць зацікаўленага слухача навінкамі са сваёй творчасці. Відэазапісы працэсу стварэння новага альбома (што такое “ОМ”, можна прачытаць на Вікіпедыі) музыкі з пачатку восені выкладалі на сваім канале Youtube. Распаўсюджваецца ж плытка па схеме “заплаці столькі, колькі лічыш патрэбным”. (Спампаваць альбом)
Гук у RE:PUBLIC быў чысты і магутны; Асаі, чыя ўнікальная манера выканання не патрабуе бэк-МС, прымусіў тысячу чалавек спакойна слухаць ці то рэп, ці то меладэкламацыі з жывым гуртом — сваю музыку.
Рыгор Скабічэўскі
фота – Аляксандр Ждановіч