Прадстаўнік менскага андэрграўнду Віктар Сямашка выступіў у пасёлку Зялёны Бор, што на Смалявіччыне. Сустрэча адбылася дзякуючы намаганьням мясцовага актывіста Валерыя Гусева ды пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Спадар Валеры ўжо цягам трох год штомесяц ладзіць у Доме культуры Зялёнага Бору творчыя вечары “19-га а 19-ай”. За гэты час у ДК пасьпелі завітаць Зьміцер Вайцюшкевіч, гурт “Босае Сонца”, Тацяна Матафонава, Альгерд Бахарэвіч і многія іншыя музыкі ды літаратары.
У межах свайго выступу Віктар Сямашка сыграў некалькі адвольных імправізацыяў, упершыню агучыў паэму “Ад мора да”, а таксама падзяліўся вынікамі сваіх апошніх музычных дасьледаваньняў. Яны тычыліся турэмных сьпеваў. Сярод іншага Віктар паведаміў, што шлягеры “Мурка” і “Таганка” маюць беларускае паходжаньне, а таксама, што першыя ў СССР бардаўскі і рок-н-рольны фэстывалі прайшлі на тэрыторыі Беларусі (адпаведна ў 1965 г. ў Берасьці і 1968 г. у Менску).
Сярод гледачоў былі разыграныя падарункі ад “Будзьмы” й зборнікі вершаў ад госьця. Большасьць прысутных ацаніла выступ Віктара Сямашкі такім чынам: “Вельмі незвычайна… Але ж прыгожа!”
Запіс зь вечарыны можна паслухаць тут – https://vvsiamashka.podfm.ru/dp/456/ Бліжэйшы выступ Віктара Сямашкі адбудзецца 22 лістапада ў Менску ў мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура.
З паэмы “Ад мора да”
У марозьлівым небе
зораў крапіва
мора, налітае між грудзей,
смокча бераг
* * * * *
у моры цяплей, чым звонку
толькі вецер колкі
дзьме ў дзіры
б’е аб камні люстэркі
пад салёнай барадой берага
грэю ногі ў пяску ды гальцы
зьбіраю малюнкі з акруглых пазлаў
прыбой сёрбае,
дыхае рыбай,
распластаўшы шырокі язык
* * * * *
што было й што будзе
ёсьць зараз
тое, што там,
тое ж і тут –
…
мала мейсца для слова